Паміж выгодамі і працай на свежым паветры, альбо Дзе сытней і заможней жывецца пенсіянерам

Источник материала:  

"Бясспрэчна, пажылым людзям на вёсцы", — менавіта такую думку неаднойчы даводзілася чуць ад гарадскіх пенсіянераў. Маўляў, на сяле выручае падсобная гаспадарка, таму на стале заўсёды скварка, яйкі, гародніна. Акрамя таго, няма штомесячных расходаў на "камуналку", да мінімуму зведзены і транспартныя выдаткі. Усё гэта, на іх погляд, дазваляе зэканоміць капейку. Між тым, вяскоўцы разважаюць інакш: асабістая гаспадарка, прысядзібны ўчастак патрабуюць немалых грошай ды працы з раніцы да цямна. Няхай сабе і на свежым паветры, як лічаць жыхары гарадоў. А гарадскія пражываюць у цёплых кватэрах з выгодамі — цэнтральным ацяпленнем, гарачай вадой. Ды мала яшчэ пераваг у параўнанні з сельскай мясцовасцю! Гэта ўжо пазіцыя вяскоўцаў. Паспрабуем разабрацца, хто з апанентаў мае рацыю.

Свайго не меўшы, ляжаш спаць не еўшы

Жыццё 80-гадовай Ірыны Сцяпанаўны прайшло ў вёсцы Савічы, што на Брэстчыне. Далей Мінска жанчына нідзе не была. Зрэшты, часу не хапала гастраляваць па "сталіцах". Працавалі з мужам у саўгасе, гадавалі дзяцей — дачку і двух сыноў, трымалі ладную гаспадарку: парсюкоў, карову і нават каня. Пенсію жанчына зарабіла невялікую, з улікам апошняга павышэння — 800 тысяч рублёў. Свойскай жывёлы зараз не трымае, толькі курэй. Побач з домам — сад, агарод. Так што на зіму забяспечана і садавіной, і гароднінай — сёлета добра ўрадзілі яблыкі, буракі, морква, бульба. У склепе шмат хатніх прыпасаў — слоікі з памідорамі, агуркамі, кампотамі, салянкамі, у кадушках — квашаная капуста і мочаныя яблыкі. Праўда, цукру амаль што на 100 тысяч рублёў на ўсё гэта разышлося. Зрабіць нарыхтоўкі дапамаглі дзеці.Толькі не кожны дзень яны могуць наведваць матулю — заняты на працы. Даводзіцца звяртацца па дапамогу і да чужых людзей. Напрыклад, каб пасадзіць, пабаранаваць ды выкапаць бульбу. "Раней за работу разлічвалася пляшкай гарэлкі, а цяпер грошы патрабуюць. А дзе ж іх набярэшся? Толькі за тое, каб управіцца з бульбай, аддала каля 200 тысяч рублёў, амаль столькі ж пацягнула атрута ад каларадскіх жукоў ды ўгнаенні для падкормкі", — скардзіцца жанчына.

Сцяпанаўна цягнецца за алоўкам, вырывае са сшытка разлінеены ліст: пачынаем разам падлічваць, дзе выгадней набываць "другі хлеб". Кілаграм клубняў на рынку каштуе дзесьці 1800 рублёў. Але можна знайсці і танней — за 1600. Дзвесце кілаграмаў для старога чалавека — самы раз. Як ні круці, а купленая абыдзецца танней, чым свая.

У ліку стратэгічных запасаў — паліва, за машыну торфабрыкету восенню кабета заплаціла 400 тысяч рублёў, да вясны хопіць і нават застанецца. Электрычнасць жанчына расходуе ашчадна, без пільнай патрэбы святло не ўключае, ды і спаць кладзецца рана.

Паміж выгодамі і працай на свежым паветры, альбо Дзе сытней і заможней жывецца пенсіянерам

На прыпечку грэецца добра адкормлены кот. "Мышэй лавіць лянуецца, так і круціцца, каб ўхапіць што смачнейшае, — замахнулася ручніком на мурлатага гаспадыня. — А тут на маю галаву яшчэ адзін клопат зваліўся. Дзеці забралі суседку ў Мінск, а яе каты на мой падворак перабраліся. Кармлю штодзень — шкада, усё-такі жывыя істоты, калі-нікалі і малака сподачак налью".

Пасля атрымання пенсіі жанчына, па даўняй звычцы, складае спіс самага неабходнага. У гэтым месяцы, напрыклад, купіла па кілаграму грэчкі і рысу, свежаніны і сала — на 120 тысяч рублёў. Столькі ж, а можа, і болей патраціла на лекі. Акрамя гэтага праз дзень купляе буханку хлеба і пакет малака. Гэта яшчэ каля 100 тысяч. За міжгароднія тэлефонныя перамовы заплаціла 30 тысяч рублёў. Хочацца ж пагаманіць са стрыечнай сястрой ды ўнучкай, якія жывуць у Мінску. Здараюцца ў жанчыны і незапланаваныя расходы. У прыватнасці, нядаўна давялося падшыць валёнкі, мясцовы майстар узяў за работу 20 тысяч. Летась сапсаваўся тэлевізар, рамонт абышоўся ў 70 тысяч. Разам з тым жанчыне ўдаецца адкладваць штомесяц 50-100 тысяч рублёў, у тым ліку і на пахаванне (маўляў, нядобра, каб дзеткі за свае грошы ладзілі памінкі). Пазычаць у суседак пенсіянерка не любіць, лічыць, што трэба абыходзіцца тым, што ёсць. Гэтаму Сцяпанаўну вучыла маці, якая часта паўтарала "Свайго не меўшы, ляжаш спаць не еўшы".

Гадоў 40 таму, калі дзеці былі малыя, гаспадар пераконваў жонку перабрацца ў райцэнтр, купіць домік у прыватным сектары ці пабудаваць новы. Але жанчына наадрэз адмовілася. "Магчыма, дарэмна — у гарадскіх жыхароў няма такіх клопатаў, як на сяле", — мяркуе мая суразмоўніца.

Нельга жыць як набяжыць

70-гадовая Ганна Казлоўская жыве ў Баранавічах у двухпакаёўцы, атрымлівае 750 тысяч пенсіі. Падчас перабудовы звольнілася з завода — некалькі месяцаў затрымлівалі зарплату — і вымушана была заняцца чаўночным бізнэсам, вазіла з Турцыі розны "шырспажыў", гандаль ішоў бойка. Грошай хапала не толькі на хлеб з маслам. Пра пенсію не думала — старасць яшчэ далёка. Працоўны стаж Ганны Іванаўны складае 23 гады, таму і пенсія невялікая. Перш за ўсё кабета імкнецца разлічыцца за камунальныя паслугі, у студзені, з улікам электрычнасці, заплаціла 150 тысяч рублёў. На ваду стаяць лічыльнікі, але ўкласціся ў норму спажывання рэдка калі ўдаецца — любіць гаспадыня паплёскацца ў ванне.

На міжгароднія перамовы жанчына расходавала каля 50 тысяч рублёў, паколькі дачка жыве ў Расіі, 30 тысяч паклала "на мабільнік", месячны праязны білет на аўтобус абышоўся ў 41 тысячу.

Дачнага ўчастка Ганна Іванаўна не мае, няма і вясковай радні, якая забяспечвала б вітамінамі з асабістых градак. Хатніх закатак на зіму не ставіла — дарагавата. На рынку купляе буракі, капусту, моркву, бульбу, крупы, макарону, тушкі бройлераў. Ялавічыну і свініну дазваляе сабе рэдка. Смятану, тварог, хлеб, батон і малако набывае ў суседнім гастраноме. Звычайна на прадукты харчавання штомесяц аддае 300 тысяч рублёў, на сродкі гігіены, пральны парашок — яшчэ 50 тысяч. Пасля новага года ў райцэнтры адкрыўся гандлёвы дом "Еўраопт". Цяпер мая знаёмая там частая госця, набыла дысконтную карту, па якой належаць зніжкі. На думку Іванаўны, тут атаварвацца выгадней, чым на рынку. Па папярэдніх падліках, у лютым яна можа зэканоміць каля 30 тысяч рублёў.

Пенсіянерка трымае трох катоў ды яшчэ даглядае вулічных "барсікаў" і "мурак". Самы танны сухі корм "Кіцекэт"штомесяц цягне на 50 тысяч рублёў. Нядаўна нечакана завіталі даўнія сябры з Расіі. Бясспрэчна, госці прыехалі не з пустымі рукамі, але шчодрая гаспадыня не змагла адпусціць іх без пачастункаў. Так што, у мінулым месяцы не ўдалося адкласці "на чорны дзень" ні рубля. Ужо з сярэдзіны лютага спадарыня Ганна пачала планаваць свой бюджэт з улікам будучых затрат. Напрыклад, трэба адрамантаваць на вясну боцікі, павіншаваць унучку з днём нараджэння. "Жыццё вучыць быць ашчаднай. Нельга жыць, як набяжыць", — жартуе мая знаёмая.

Між іншым, жанчына не скардзіцца на здароўе, калі бывае лёгкае недамаганне накшталт прастуды, яна не спяшаецца ў аптэку, а лечыцца народнымі сродкамі. "Дзякуй Богу, ногі пакуль бегаюць, а рукі працы не баяцца", — радуецца Іванаўна. Жанчына нават хоча ўладкавацца прыбіральшчыцай альбо вахцёркай. Што ж, жаданне цалкам зразумелае...

* * *

Калі падлічыць месячныя выдаткі гараджанкі, то яны складаюць 90% пенсіі. Асноўныя — на камунальныя паслугі і прадукты харчавання — 450 тысяч рублёў. Разам з тым, у Ірыны Сцяпанаўны, вясковай жыхаркі, каля 40%. У прыватнасці, "камуналка" абыходзіцца ёй танней, чым гарадской каляжанцы. Калі кошт паліва раскінуць на кастрычнік—красавік, то пенсіянерка выкладвае за яго штомесяц крыху болей за 50 тысяч. Меней грошай ідзе і на харчаванне, паколькі на стале заўсёды прадукцыя сваёй вытворчасці: яйкі, садавіна, гародніна, хатнія нарыхтоўкі. Але і яны патрабуюць пэўных высілкаў — не самай лёгкай працы. І ўсё ж, цяжка адназначна сказаць, дзе прасцей жывецца пажылым людзям: іх дабрабыт залежыць ад мноства фактараў: наяўнасці падсобнай гаспадаркі, дачнага ўчастка, падпрацоўкі. Магчыма з дапамогай нашых чытачоў мы працягнем гэтую тэму? Дасылайце — і гараджане, і вяскоўцы — свае асабістыя падлікі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.

←Лукашенко подписал указ о награждении медалью "За безупречную службу"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика