Кніжны дух

Источник материала:  

Стэнды, паліцы, вітрыны з кнігамі, шапікі, часам нават хутчэй павільёны — на Міжнароднай кніжнай выставе ў "БелЭкспа" на некалькі дзён пасяліліся кнігі. Такое адчуванне, што ў іх тут прызначана свая "тусоўка", тут яны сабраліся на баль, а калі больш правільна — то выйшлі ў людзі. Людзі гэта ацанілі: хоць і кажуць, што цікавасць да кніг зніжаецца (сусветная тэндэнцыя), але насамрэч выстава — гэта ўнікальная магчымасць пазнаёміцца за адзін дзень і ў адным месцы з кніжнай прадукцыяй самых розных выдавецтваў (прычым не толькі беларускіх). І нават набыць кнігі, якія толькі што выйшлі ў друк, адчуць асаблівы пах, гартаючы старонкі.

— Штогод прыходжу на кніжную выставу-кірмаш, асабліва мяне цікавяць выданні, прысвечаныя мастацтву, — гаворыць мастак і школьны настаўнік Дзмітрый Ярмілаў. — Зручна, калі ёсць магчымасць паглядзець прадукцыю розных краін. Да таго ж тут больш даступныя кошты.

Кнігі — як людзі: ёсць сярод іх нібыта чараўнікі — завабліваюць пахам таямнічасці, гартаючы іх, шукаеш здзіўлення і адкрыцця. А бываюць прыгожыя, у якіх хочацца пашукаць лёгкасці быцця. А бываюць сур'ёзныя, важкія, за якімі стаіць багатая гісторыя стварэння, і часам за іх пахам ты можаш адчуць няпросты лёс.

Кнігай з багатым лёсам можна лічыць, напрыклад, выданне "Чалавек, ператвораны ў ваўка" Сяргея Пясецкага, якую выпусціла выдавецтва "Регистр" ужо ў 2012 годзе. Праўда, у перакладзе з польскай на рускую. Але гэта свайго роду сведчанне цяжкага лёсу беларуса-заходніка Сяргея Пясецкага, які пачаў пісаць у польскай вязніцы па-польску, але быў у 1938 годзе намінаваны на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. На жаль, імя гэтага пісьменніка больш вядомае знаўцам літаратуры. Цяпер ёсць магчымасць пазнаёміцца з жыццём Заходняй Беларусі больш шырокім колам чытачоў...

Дарэчы, ёсць магчымасць для сустрэч падчас выставы з сучаснымі аўтарамі: яны прыходзяць самі, падпісваюць кнігі, як напрыклад Ганна Батракова, аўтарка папулярных кніжак.

Але ж хто мог сабе ўявіць, што вялікую колькасць народу здольная прывабіць прэзентацыя кніг, якія больш арыентаваны на спецыялістаў, як напрыклад, "Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя" выдавецтва "Беларусь". Ці кніга "Экран і культурная спадчына Беларусі", якую выпусціла выдавецтва "Беларуская навука".

— Па сутнасці, гэта калектыўная манаграфія, — адзначае аўтар канцэпцыі гэтага выдання, кандыдат мастацтвазнаўства Антаніна Карпілава. — Мы хацелі паказаць, што культурная спадчына Беларусі — гэта не толькі сівая даўніна, фальклор, традыцыі ды гістарычныя помнікі, пра якія, безумоўна, ўсе мы павінны ведаць. Культурная спадчына — гэта і іншыя віды мастацтваў, якія напрацавалі сваю спадчыну. Гэта і жывыя людзі, у тым ліку тыя творцы і майстры, якія стваралі беларускую экранную культуру, якія давалі магчымасць убачыць і самім жыхарам краіны, і ўсяму свету вобраз Беларусі. Гэта і кінематограф, і тэлебачанне, відэамастацтва. Кажуць, што сёння культурны слой станчаецца. Менавіта таму важнасць культуры ўзрастае. Культура ратуе як чалавека, так і ўсё грамадства ад паўсядзённасці, руціны. Бо што ёсць культура: любоў да мінулага і трывога за будучыню.

Паглядзець на свежаспечаны зборнік, які рыхтаваўся навукоўцамі, экспертамі ў галіне кіно, і выспеў у Акадэміі навук, сабралася шмат людзей. Не дзіва: кіно — папулярная тэма. Адна са стратэгічных ліній у дзяржаўнай культурнай палітыцы. Кіно любяць глядзець усе. І тых, хто прадстаўляе кіно, таксама вельмі любяць. Напрыклад, Уладзімір Мароз, галоўны рэдактар студыі "Летапіс", учора быў двойчы герой на выставе. Акрамя ўдзелу ў гэтай прэзентацыі, яшчэ і прадстаўляў уласную кніжку вершаў "Шляхцянка-Восень", прысвечаную каханай жонцы Вользе. Народны артыст Беларусі Аляксандр Ткачонак таксама прыйшоў на выставу: ён нядаўна сыграў адметную ролю святара ў фільме "Прытчы", імкнецца засведчыць духоўную лінію ў беларускім кіно. Як і старэйшы беларускі кінавед Анатоль Красінскі, які ў сярэдзіне 50-х прыехаў у нашу краіну і быў сведкам стварэння вялікіх кінаработ на айчыннай кінастудыі. Ён, дарэчы, лічыць, што без пісьменнікаў Быкава і Караткевіча беларускі кінематограф мог бы не адбыцца.

Усё ж мастацтва нясе думку. Думкі фармулюе літаратура. Сёння да галоўных тэм, якія прагучалі ў беларускай літаратуры, будуць звяртацца шмат: юбілеі Купалы, Коласа, Танка. Пра іх традыцыі разважаюць падчас выставы на "круглых сталах", дыскутуючы аб тым, якім шляхам нашай кніжнай культуры рухацца ў ХХІ стагоддзі. Таму што, нягледзячы ні на што, у людзей ёсць жаданне набываць і чытаць кнігі. І добра, што для гэтага ёсць розныя выдавецтвы, якія прапануюць розныя кніжкі. Дасведчаны чытач знойдзе сваю.

Людзі гартаюць кніжкі. Выбіраюць. Напэўна ж, не ад таго, што вабіць водар старонак, а ад таго, што хочацца адчуць водар думак.

Ларыса ЦІМОШЫК.

←Несладкая доля белорусской маршрутки

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика