Мінпрыроды Беларусі прапанавала Літве абмеркаваць пытанні, звязаныя з будаўніцтвам АЭС

Источник материала:  

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі запрасіла літоўскіх калег абмеркаваць пытанні, звязаныя з будаўніцтвам атамных станцый на тэрыторыі дзвюх краін.

Пра гэта паведаміла БелаПАН начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю   прэс-сакратар Мінпрыроды Алена Пенязь.

У лісце за подпісам першага намесніка міністра Віталя Куліка, накіраваным 6 лютага ў Міністэрства навакольнага асяроддзя Літвы, прапануецца, у прыватнасці, правесці кансультацыі па праекце двухбаковага пагаднення аб выкананні Канвенцыі аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ў трансгранічным кантэксце (Канвенцыя Эспа) у адпаведнасці з артыкулам 8 згаданай канвенцыі.

Беларускі бок прапаноўвае правесці пасляпраектны аналіз беларускай АЭС у адпаведнасці з артыкулам 7 Канвенцыі Эспа, а таксама кансультацыі па пытаннях, якія ёсць у літоўскага боку, у сувязі з прыняццем рашэння аб зацвярджэнні абгрунтавання інвеставання ў будаўніцтва беларускай АЭС.

Спецыялісты Мінпрыроды прапануюць таксама абмеркаваць вынікі праведзеных Літвой у 2010 годзе інжынерна-геалагічных і геатэхнічных даследаванняў Вісагінскай пляцоўкі і тып рэактарнай устаноўкі, выбранай для будаўніцтва Вісагінскай АЭС, таму што, як адзначаецца ў лісце міністэрства, у справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе ён не быў вызначаны.

Мінпрыроды прапануе літоўскім калегам правесці кансультацыі ў лютым або пачатку сакавіка ў Мінску.

Нагадаем, беларускі бок раней заяўляў пра невыкананне Літвой палажэнняў Канвенцыі Эспа пры  размяшчэнні Вісагінскай АЭС. У прыватнасці, Мінпрыроды Беларусі сцвярджала, што "ў справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе Вісагінскай АЭС не было інфармацыі аб тым, што яна знаходзіцца на разломе зямной кары".

Прадстаўнікі беларускай і расійскай грамадскасці 30 снежня распаўсюдзілі адкрыты зварот да ўрадаў Літвы, Японіі і ЗША з патрабаваннем спыніць рэалізацыю праекта Вісагінскай АЭС і правесці паўнавартасны ўлік меркавання грамадзян Літвы і Беларусі. Падставай для звароту стала падпісанае 23 снежня пагадненне паміж урадам Літвы і японскім канцэрнам Hitachi-GE Nuclear Energy Ltd., звязанае з будаўніцтвам і фінансаваннем Вісагінскай АЭС. Гэта пагадненне прадугледжвае ўзвядзенне АЭС японскім канцэрнам у Літве, на пляцоўцы Ігналінскай АЭС, што на мяжы з Беларуссю. Японскі і літоўскі ўрады маюць намер аказваць гэтаму праекту фінансавае садзейнічанне. Тэхналогія, выбраная літоўцамі для Вісагінскай АЭС,  аднаконтурны кіпячы рэактар, прататып якога выкарыстоўваўся на АЭС "Фукусіма".

У сваю чаргу Літва не згодная з узвядзеннем беларускай АЭС на пляцоўцы ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці, блізу беларускай мяжы і ў небяспечнай блізкасці ад сталіцы краіны – Вільні.

Паводле БелаПАН.

←В Могилевской области активизировались самогонщики

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика