Не будзе рэйсаў толькі па суботах
У нумары "Звязды" ад 29 снежня мінулага года пад рубрыкай "Гарачы" тэлефон" былі змешчаны нараканні жыхароў вёскі Слаўкава Нясвіжскага раёна на магчымыя змены ў раскладзе руху прыгарадных аўтобусаў. Месцічы скардзіліся, што з 1 студзеня здымаюць рэйсы — аўтобусы будуць хадзіць праз дзень. Дык як цяпер людзям на працу ў Нясвіж дабірацца, пыталіся заяўнікі. У прыватнасці, гаворка ішла пра маршрут Нясвіж — Затур'я.
Як мы разабраліся па "гарачых слядах", на той момант вяскоўцы турбаваліся дарэмна. "Канчатковага рашэння па скарачэнні рэйсаў яшчэ няма", — такую навіну для заяўнікаў мы нават вынеслі ў загаловак публікацыі. Аднак, канстатуючы гэты факт, у Нясвіжскім райвыканкаме не аспрэчвалі: пытанне аптымізацыі маршрутнай сеткі вырашаць у перспектыве ўсё ж давядзецца. Мінула колькі часу, ці быў знойдзены кампраміс паміж неабходнасцю зэканоміць і інтарэсамі людзей?
Як паведамілі рэдакцыі ў аўтамабільным парку №8 г. Нясвіжа, на пачатку бягучага года сітуацыя таксама заставалася без змяненняў: скарачэння рэйсаў не было. Пасля адбылося сумеснае пасяджэнне з удзелам прадстаўнікоў райвыканкама, аўтапарка, іншых зацікаўленых бакоў. У выніку — пасля аптымізацыі маршрутнай сеткі Нясвіжскага раёна — вёска Слаўкава цяпер будзе абслугоўвацца рэйсамі прыгарадных зносін Нясвіж — Затур'я — Бузуны з панядзелка па пятніцу (адпраўленне з АС "Нясвіж" у 6.00, 8.15, 17.30), у нядзелю (адпраўленне з АС "Нясвіж" у 7.10, 17.30). Рэйс Нясвіж — Куноса праз Слаўкава будзе выконвацца штодня (адпраўленне з АС "Нясвіж" у 13.50).
— Іншымі словамі, цяпер не будзе рэйсаў толькі ў суботу. Ва ўсе працоўныя дні людзі без праблем змогуць дабрацца да працы, — дадаткова патлумачыў у тэлефоннай гутарцы з карэспандэнтам "Звязды" вядучы інжынер аддзела перавозак і турызму аўтапарка Вацлаў Цвірко. — А ў нядзелю, калі будзе такая патрэба, вяскоўцы змогуць наведаць рынак у Нясвіжы.
Сяргей РАСОЛЬКА.