"Ты адно запомні, браце: Са "Звяздой" — святлей у хаце!"
Анекдот: "Вось і пачаўся 2012-ы... У доме тры тэлевізары, тры камп'ютары, пяць мабільнікаў і адна кніга".
Газеты, заўважым, можа не быць ніводнай.
Але ж гэта — не пра нашых чытачоў, не пра нашых падпісчыкаў, бо нашы — іншыя.
Для таго, каб бліжэй пазнаёміцца з імі, "Звязда" надрукавала адмысловую анкету.
Чытачы — як і варта было чакаць — адказалі на яе пытанні: нехта — вельмі коратка, на тым самым лапіку паперы, нехта — наадварот, не пашкадаваўшы цэлага вучнёўскага сшытка. Быў час вывучыць. І зрабіць высновы.
Ну, па-першае, чытаюць найстарэйшую і адзіную (са штодзённых) беларускамоўную газету людзі вельмі розных узростаў (прынамсі, самаму маладому, з тых, хто адказаў на пытанні анкеты, Уладзіміру Алегавічу Даўгалу з Гомеля — 39 гадоў, самаму старэйшаму — спадарыні Худалей з г. Свіслач — 88 (!). Прычым 57 з іх шаноўная Вера Фёдараўна (здымаем капялюш... Яшчэ раз!) выпісвае менавіта "Звязду".
Па-другое, жывуць нашы рэспандэнты ў вялікіх гарадах і маленькіх вёсачках, у мястэчках, "Звязду" чытаюць пастаянна, у папяровым варыянце. Гэта людзі розных узростаў і прафесій: настаўнікі, інжынеры, бухгалтары, юрысты, машыністы паравоза і цеплавоза, сталяры, журналісты...
(Дарэчы, у графе "прафесія" многія з іх напісалі, на жаль, "пенсіянер".)
Куды шырэйшае, як высветлілася, кола захапленняў! Гэта гісторыя, краязнаўства, літаратура і мастацтва, палітыка, музыка, пчалярства, садаводства, кулінарыя, фатаграфія, навука і тэхніка, астралогія, кветкі, народная медыцына, сталярства, паляванне і рыбалоўства, горныя лыжы, шыццё і вязанне, лозапляценне, японскія крыжаванкі, тэатр, падарожжы...
Было пытанне, якая тэматыка найцікавей асвятляецца на старонках "Звязды" і — адпаведна, якім матэрыялам аддаецца перавага.
Тут адказы можна размясціць так: на першым месцы — праблема беларускай мовы і яе месца ў грамадстве. Далей — здароўе, адукацыя, гісторыя і краязнаўства, сацыяльныя праблемы, эканоміка, ахова прыроды, "Свая справа", развіццё турызму, журналісцкія расследаванні, крымінал. Не без таго "...Народ на провадзе!", "Простая мова", "Прамыя лініі" (пажаданне з канверта: добра, каб на іх запрашаліся не толькі вузкія спецыялісты, але і кіраўнікі міністэрстваў, губернатары)...
У асобных анкетах, да гонару звяздоўцаў, пазначана: "цікавая ўся газета", "каб не падабалася, то я не выпісваў бы", "чытаю кожны нумар з першай да апошняй старонкі". Альбо — "у "Звяздзе" друкуецца толькі патрэбнае, а галоўнае — своечасова". Яшчэ адна красамоўная ацэнка — "Схоплена" ўсё"...
Калі ж не абмяжоўвацца імі, кароткімі, то...
"Найперш шчыра дзякую ўсім звяздоўцам за газету, якая аператыўна асвятляе розныя бакі нашага жыцця, ставіць вострыя пытанні. Асаблівая падзяка — за зберажэнне і захаванне роднай беларускай мовы, — піша спадар Куляшоў з вёскі Залахвенне Быхаўскага раёна і дадае, што "Звязда" даўно ўжо стала лепшым дарадчыкам у вядзенні хатняй гаспадаркі, аўтарытэтным сямейным доктарам. "Мне, напрыклад з дапамогай газеты ўдалося паставіць правільныя дыягназы сваім хваробам і, дзякуючы гэтаму, падтрымліваць сваё здароўе ў здавальняючым стане".
"З нецярпеннем чакаю кожны нумар, — працягвае Віктар Фаміч, — і ўвесь пасляабедзенны час (з перапынкамі на хатнія справы і патрэбныя тэлеперадачы) трачу на чытанне, бо, па-першае, кожны раз знаходжу шмат цікавага, а па-другое, атрымліваю асалоду ад таго, што чытаю па-беларуску".
Далей жа наш шаноўны чытач пераходзіць, трэба разумець, да адказаў на наступнае пытанне, а менавіта: "Якім тэмам і накірункам газета ўдзяляе недастатковую ўвагу?". Ён піша: "Беларуская паэзія, проза, як і руская, вядомыя ва ўсім свеце. Чаму ж тады не чутно выдатных паэтаў і празаікаў? Дзе пачытаць іх творы, а потым і рэцэнзіі на іх? Мяркую, што ў газеце "Звязда" добра было б адкрыць літаратурную старонку, бо гэта раней мы маглі выпісваць шмат розных выданняў, цяпер — не".
Цікава было б ведаць і пра тое, што адбываецца з нашым беларускім кіно, адкуль бярэцца столькі фільмаў і серыялаў пра бясконцыя бандыцкія разборкі, забойствы, пра маральную разбэшчанасць, прагу да лёгкай нажывы і іншыя заганы? І дакуль гледачам будуць прапаноўвацца менавіта яны?
"Мы ўхваляем змаганне "Звязды" за беларускую мову, — працягвае спадар Куляшоў, — але ж разам з мовай знікае і беларуская песня. Аб гэтым таксама трэба гаварыць, а можа, нават крычаць. Бо ў чым галоўная прычына нашых няўдач на дарослым "Еўрабачанні"? У тым, на маю думку, што з'явіліся шматлікія выканаўцы і гурты з нянаскімі назвамі, з песнямі выключна для ног, а не для душы, пачала знікаць нацыянальная аснова песень, а разам з ёй — і прыгажосць мелодый.
Амаль тое ж адбываецца на нашым тэлебачанні, а часткова — і на радыё. Напрыклад, песні ансамбля "Бяседа" раней гучалі амаль кожны дзень, цяпер — зрэдку. Некалі з задавальненнем людзі глядзелі штотыднёвую перадачу "Спявай, душа", дзе выступалі шматлікія народна-этнаграфічныя калектывы. Цяпер такіх канцэртаў няма. А без роднай мовы, без народнай песні што застаецца з адметнасцяў гэтай самай беларускай душы? — ставіць пытанне чытач і сам жа адказвае: — Ды нічога. Нашым СМІ, творчым людзям трэба вельмі многа зрабіць, каб падняць духоўнасць людзей, іх нацыянальную самасвядомасць — пачуццё гонару за родны край, які мае найбагацейшую гісторыю.
Людзі былі б удзячныя, калі б газета "Звязда" дапамагла загучаць нашым прыгожым мелодыям па радыё, па тэлебачанні, са шматлікіх сцэн, бо гэта паспрыяла б захаванню нашай культурнай спадчыны".
"Я ўдзячны калектыву рэдакцыі, — напрыканцы ліста прызнаецца Віктар Фаміч, — за шырокае асвятленне ў газеце нашай гісторыі, жыцця выбітных асоб, за захаванне нацыянальнага беларускага гумару. Але ж спадзяюся, што газета, якую чытаю і выпісваю больш за паўстагоддзя, будзе знаходзіць магчымасці для таго, каб паляпшаць свой змест, пашыраць тэматыку, бо спыненне на дасягнутым, стаянне на месцы — гэта застой. А трэба толькі наперад і разам".
Зазначым, што менавіта гэты рух (наперад і разам) і "прадыктаваў" нам пытанні анкеты: у прыватнасці, якіх жа матэрыялаў бракуе на старонках газеты, аб чым трэба пісаць?
Нашы рэспандэнты адказалі: больш артыкулаў аб гісторыі Беларусі, беларускіх творцах, аб выхаванні дзяцей, аб захаванні вёсак, аб прадпрымальніцкай дзейнасці. "Звязду" просяць адрадзіць "Анталогію беларускай песні" (з нотамі), адкрыць тэматычную старонку для жанчын, часцей друкаваць творы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Дарэчы былі б рубрыкі "Экономіка на пальцах" і, безумоўна ж...
"Дзякуй табе, "Звязда", — піша Янка Тышко з Віцебска, — за тваю "генеральную лінію" — змаганне за матчына слова. Ты сярод правафланговых на гэтым фронце... І, дарэчы, вельмі добра было б, каб газета клапацілася пра сваіх будучых чытачоў-падпісчыкаў: на сваіх старонках друкавала нешта з таго, што можна прачытаць малым — нашым дзецям, унукам.
Свае "некалькі слоў пра мову" даверыў паперы і спадар Маслоўскі з пасёлка Міханавічы Мінскага раёна. "Я больш за 80 гадоў жыву ў адной і той жа мясцовасці, — піша Генадзь Пятровіч. — Да вайны скончыў чатыры класы, пры немцах тры гады не вучыўся наогул, у 47-м адолеў сямігодку. Дык вось, мы, дзеці, у школе і паміж сабой размаўлялі выключна па-беларуску. Цяпер жа...
Калі-нікалі, — працягвае чытач, — я праходжу каля школы, праходжу якраз у той час, калі дзеці ідуць з заняткаў, і не чую ніводнага нашага слова.
Туды ж і дарослыя: толькі і чуваць ад іх, што беларуская мова нікому не патрэбная, бесперспектыўная...
Для таго, каб прынцыпова змяніць сітуацыю да лепшага — да беларускасці, на мой погляд, трэба, каб дыпломы аб вышэйшай адукацыі не выдавалі (гэта слова ў лісце падкрэслена. — Аўт.) тым, хто не ведае беларускай мовы, каб усе выхавальнікі-настаўнікі (усе, пачынаючы з дзіцячых садкоў, незалежна ад дысцыплін, якія выкладаюць) перад пачаткам кожнага навучальнага года здавалі іспыты на веданне беларускай мовы.
Такі вось погляд у спадара Маслоўскага.
Яшчэ адзін: "Анкета была надрукавана побач з артыкулам, дзе старшыня Беларускага славянскага камітэта Сяргей Касцян разважае пра месца беларускай мовы ў нашым жыцці і піша, што на яе ў дзіцячым садку дастаткова адводзіць хоць бы 5—10 хвілін у дзень. Гэта, маўляў, не такая і вялікая нагрузка на дзяцей. Лічу, што з такім падыходам і ў хуткім часе не будзе каму чытаць беларускую газету, бо што можна даць за 5—10 хвілін у садку і за лічаныя ўрокі ў школе? — пытаецца настаўнік з Дуброўна (прозвішча назваць ён, відавочна, забыўся). Але ж распавёў, што пасля таго, як Беларусь стала незалежнай, яго сям'я аддала малодшую дачку менавіта ў беларускамоўны дзіцячы сад, а старэйшую — у беларускамоўны першы клас. Правучыліся яны там па тры гады, а потым іх перавялі на рускую мову навучання "і ніхто ў бацькоў ні пра што не спытаў".
...Вось што пішуць чытачы, адказваючы на апошнія пытанні анкеты: "На якія тэмы Вам хацелася б прачытаць артыкулы ў "Звяздзе"? і "Пра што яны самі напісалі б, калі б былі журналістамі газеты?".
Ну, па-першае, неабходна пісаць "пра галоўнае" (стан мовы ў нашай краіне), акцэнтаваць увагу (як піша спадарыня Вештарт з Мінска) на неабходнасці вышэйшай адукацыі на першай дзяржаўнай... Яшчэ адна агульная думка — прыцягваць новых чытачоў. У тым ліку, як раіць спадар Спірыдовіч з г.п. Івянец, "пішучы пра ўсё і без прыхарошвання", крытыкуючы слабыя прадпрыемствы і гаспадаркі, а не толькі ўслаўляючы паспяховыя (слушная заўвага ад спадара Данільчыка з вёскі Русіна Баранавіцкага раёна!), даючы інфармацыю пра дзейнасць і стан спраў у апазіцыйных партыях, пра гісторыю Беларусі і яе выбітных людзей, пра жыццё нашых бліжэйшых суседзяў — расіян, украінцаў, латышоў, палякаў...
На думку асобных рэспандэнтаў, газеце вельмі не хапае матэрыялаў пра ўзаемаадносіны ў сям'і, выхаванне дзяцей, пра...
"Я заўважыў, што за апошнія 10—12 гадоў людзі неяк "задубянелі", — піша спадар Спірыдовіч з г.п. Івянец, — не праяўляюць ніякай актыўнасці ў грамадска-палітычным жыцці. Па месцы жыхарства не праводзяцца сходы грамадзян, не чуваць, каб выступалі перад выбаршчыкамі дэпутаты розных узроўняў. Уся работа ўлады з людзьмі на месцах зводзіцца да прыёму па асабістых пытаннях і разгляду канкрэтных скаргаў. Вось аб чым я абавязкова напісаў бы, калі б быў журналістам".
Ёсць на гэта пытанне і яшчэ некалькі цікавых адказаў. Прынамсі, спадарыня Ермаковіч з вёскі Азяраўцы Браслаўскага раёна, калі б ёй давялося паспытаць журналісцкага хлеба, абавязкова напісала б "пра тое, што канкрэтна трэба зрабіць для развіцця турызму на Браслаўшчыне". Спадар Даўгала з Гомеля пісаў бы пра дэпазіты, акцыі, пра дзейнасць банкаў. "Пра тое ж, аб чым пішуць журналісты "Звязды", бо лепшага нельга і прыдумаць", — так лічыць спадар Пілячынскі з вёскі Свіркі Докшыцкага раёна. "Пра тое, што дазволіць галоўны рэдактар", — меркаванне спадара Сямашкі з Брэста...
Трэба зазначыць, што асобныя рэспандэнты пакінулі гэтае пытанне без адказу, а спадар Маслоўскі з пасёлка Міханавічы прызнаўся, што калі б журналістам "Звязды" стаў ён, то яго звольнілі б на другі дзень.
Вам цікава, чаму? Нам — таксама. Магчыма, ён некалі і напіша, бо адрас ужо ведае, досвед мае... Мы ж, уважліва вывучыўшы грамадскае меркаванне, будзем працаваць далей, з тым, каб газета, нягледзячы на свой вельмі паважаны ўзрост (год нараджэння 1917-ты!), заставалася (паводле вызначэнняў з канвертаў) сапраўды беларускай, аператыўнай, цікавай і змястоўнай, прывабнай і мудрай, паважлівай да людзей.
Бо толькі ў такой газеты ёсць права на жыццё, на ўвагу і павагу чытачоў.
Валянціна Доўнар.
Р.S. З-за дэфіцыту газетнай плошчы "агучаны", вядома ж, не ўсе лісты, якія прыйшлі разам з анкетай, не ўсе прапановы. Але ж усе, кажучы мовай чыноўнікаў, прыняты да ведама, а асобныя прапановы ўжо ўлічаны.