Купалаўская Камуна над ракой Арэсай

Источник материала:  

Так пісаў у паэме "Над ракою Арэсай" Янка Купала. Сёння толькі два найстарэйшыя жыхары Камуны памятаюць, як з'явілася вёска — першае на Любаншчыне паселішча камунараў, — на свае вочы бачылі асушэнне балот, як па вёсцы хадзіў наш пясняр. 92-гадовай Настассі Шарманавай ішоў дзявяты год, калі ўвесну на хутар, перад самым Вялікаднем прыехала паўтаратонка з дэмабілізаванымі чырвонаармейцамі Самарскай і Чынгарскай дывізій, тымі, што не паехалі дамоў, а падаліся на неабжытыя мясціны і бязлюддзе. Салдаты сядзелі ў кузаве і дружна спявалі пад гармонік вясёлы марш паветранага флоту. Настасся Андрэеўна дагэтуль добра памятае словы песні і зусім няблага іх напявае.

У 1929 годзе пачалася будоўля першай камуны. Калгас, які ўзвялі армейцы, дагэтуль носіць імя Беларускай Ваеннай Акругі. 7 лістапада 1929 года — у дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі — у Камуну прыйшло электрычнае святло — першае на Любаншчыне.

— Адразу салдаты пабудавалі сабе дом. Напачатку ў ім жыло 6 чалавек, потым — 30, а яшчэ пазней — нават сто вайскоўцаў, — кажа дачка колішніх камунараў.— Салдаты ўзяліся за асушэнне балот. Асабліва за непраходнае Мар'інскае.

Купалаўская Камуна над ракой АрэсайЗа балотам на пясчанай выспе стаяў хутар — Забалоцце, дзе дружнай сям'ёй жылі Міхалені — бацькі, сёстры і браты Настассі. Толькі ў 1937-м хутаранскія абарыгены перабраліся ў вёску і далучыліся да камунараў (відаць, доўга прыглядаліся, што атрымаецца з гэтай камуны): бацька араў канём асушаныя палеткі, сеяў, касіў. Па ўспамінах Настассі, першы трактар, які дапамагаў камунарам, называўся "Пуцілаўцам". Неўзабаве з'явіўся больш магутны "Манарх". Цэпкая памяць старажылкі захоўвае назву яшчэ аднаго аўтатрактарнага агрэгата — "Рубецаль", з дапамогаю якога будавалася і першая дарога на Любань, і вузкакалейка на Сосны.

— Раней у мястэчка Любань людзі дабіраліся толькі зімою, калі балоты закоўваліся ў лёд. Солі і запалак набіралі з запасам, каб хапіла на цэлы год. А як дарогу пабудавалі, дык добра нам стала.

Прашу бабу Настассю прыгадаць пра Купалу. Яна доўга не задумваецца:

"Чаму ж не помню? Ён хадзіў па Камуне летам 1933-га. Гадоў гэтак на сорак пяць выглядаў. Апрануты быў у пінжак, белую кашулю з гальштукам, на нагах — боты. Цікавіўся, як працуюць салдаты, як людзі жывуць".

Настасся Шарманава зазначыла, што паэт падчас прыезду дзве ці тры ночы начаваў у камунара-калгасніка Валодзі Дубовіка, а той катаў Купалу на лодцы па Арэсе. На якой лодцы, я не ўдакладніў. Магчыма, гэта быў човен. Магчыма, нават "маторка", бо ў паэме Купала пісаў:

<І>"А па рэчцы па Арэсе,

Бегае "маторка";

Стары човен, як карыта,

Пазірае горка.

Купалу камандзіравалі да камунараў для стварэння літаратурнага шырокамаштабнага палатна — жывога і непасрэднага водгуку на барацьбу з балотамі, спрадвечным пракляццем Палесся, як лічылася раней. Асушэнне балот у 30-я гады ўспрымалася як нечуваная, глыбока рэвалюцыйная з'ява. Гэта вызначала і гераічны пафас паэмы "Над ракой Арэсай":

Апяюць у песнях

Працу, гераізм,

Як на край балотны

Йшоў сацыялізм...

Упершыню купалаўская паэма была надрукавана 29 і 30 чэрвеня 1933 года ў нашай "Звяздзе". Да пачатку вайны паэма зведала ажно пяць асобных выданняў.

Першае паселішча камунараў праіснавала нядоўга — 22 ліпеня 1941 года вёска была спалена фашысцкімі карнікамі. Баба Настасся кажа, што гэта была помста за параненага нямецкага вайскоўца. З 209 будынкаў ад Камуны засталіся толькі два — цагляныя ФАП і сіласная вежа.. На руках Настассі тады была дачка, якой споўніўся ўсяго адзін тыдзень.

У вайну Настасся аўдавела. Муж, з якім пабраліся ў 1939-м (быў з тых самых камунараў-вайскоўцаў), загінуў на фронце. Яшчэ адзін рубец, але ўжо на твары жанчыны пакінула гэтая вайна: у 1945-м, ці не ў самы Дзень Перамогі, падвода, на якой ехалі сяляне, зачапіла старую міну. Загінула некалькі чалавек, а Настасся пазбавілася правага вока.

Пасля вайны Камуна паўстала нанова. Больш за 20 гадоў Настасся працавала даяркай — даіла і ўручную, і машынамі. За высокія надоі ездзіла ў Маскву на выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі, атрымала некалькі ордэнаў. Цяпер старэйшую жыхарку даглядае ўнук Іван.

У 1957 годзе камунараўскай сярэдняй школе надалі імя Янкі Купалы. Спачатку ў школе быў куток, а цяпер — літаратурны пакой-музей у гонар народнага паэта. У школе наогул тры музеі — акрамя літаратурнага, ёсць музей гісторыі калгаса і музей этнаграфіі. А побач з будынкам навучальнай установы знаходзіцца адзіны ў краіне музей меліярацыі. Год таму мне давялося зрабіць здымак кампазіцыі з камянёў-валуноў у славутых мясцінах песняра. Сёлета школа рыхтуецца адзначаць 130-годдзе паэта.

— Радуе, што нашы дзеці стараюцца больш ведаць мінулае вёскі, вывучаюць творы Купалы, могуць самастойна праводзіць экскурсіі па музеі, — кажа намеснік дырэктара школы, кіраўнік музея, настаўніца роднай мовы і літаратуры Людміла Варабей — колішняя выпускніца камунараўскай школы.

Да ракі Арэсы ад вёскі з добры дзясятак кіламетраў. Мясцовы паляўнічы і пчаляр Васіль Яскевіч ведае самы кароткі шлях да некранутых меліярацыяй берагоў услаўленай паэтам ракі. Недалёка ад Васілёвай хаты расце дуб-асілак, які не мог не трапіць на вочы Купалу. Дрэву сама меней трыста гадоў, і яно, несумненна, сведка асушэння Мар'інскага балота. Як толькі ацалела дрэва, як не трапіла пад камунараўскую сякеру? Васіль не праміне магчымасці, каб не паказаць гэту рэліквію. А на беразе ракі, за вёскай Купранка, расце яшчэ адзін прыгажун-асілак. Сёння, бадай, гэта адзіны куточак, які дае ўяўленне пра колішнюю прыгажосць Арэсы. Нездарма яго любяць наведваць нашчадкі першых меліяратараў — камунараў.

Анатоль Кляшчук.

Фота аўтара.

←Самый большой каток Минска залили у Национальной библиотеки

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика