"Разборкі" вакол экалагічнага падатку: адзін парушае, а другі плаціць?

Источник материала:  
17.01.2012 08:23 — Новости Общества

"Разборкі" вакол экалагічнага падатку: адзін парушае, а другі плаціць?


Непрыемны сюрпрыз атрымала некалькі дзясяткаў беларускіх прадпрыемстваў-вытворцаў і імпарцёраў пластыкавай упакоўкі — падатковая інспекцыя просіць іх даплаціць экалагічны падатак, пачынаючы з... 2008 года! Шакіраваныя такой просьбай, кіраўнікі і заснавальнікі гэтых прыватных фірмаў сабраліся на экстранную нараду ў Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, каб разам вырашыць — што рабіць у гэтай сітуацыі, бо гаворка, па іх словах, ідзе пра далёка не маленькія сумы.

Як патлумачыў начальнік юрыдычнага аддзела Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Вадзім Барадуля, Указ Прэзідэнта № 215 "Аб стаўках падатку за выкарыстанне прыродных рэсурсаў (экалагічнага падатку) і некаторых пытаннях яго спагнання" ад 7 мая 2007 года прадугледжваў ільготу для вытворцаў ці імпарцёраў тары, калі яны або самі забяспечваюць збор і перапрацоўку пластмас у памеры не менш за 20% ад вырабленай імі тары, або заключаюць дамову са спецыялізаванай арганізацыяй, якая тару збірае.

І вось тыя, хто выбраў апошні варыянт, зараз апынуліся ў незайздросным становішчы:

— Прадпрыемствы заключылі дамовы, выканалі ўсё, што было прадугледжана ўказам, а арганізацыя, што збірала, прадставіла ім адпаведныя справаздачы, завераныя інспекцыяй Міністэрства прыроды. Падатковая правярала — таксама прэтэнзій не было. І вось праз два гады прыходзіць Камітэт дзяржаўнага кантролю, правярае збіраючыя арганізацыі (у прыватнасці, ААТ "Белэкасістэма", адным з заснавальнікаў якога з'яўляецца Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. — Аўт.) і робіць выснову, што перапрацоўка адходаў не была выканана ў патрэбным аб'ёме. І атрымліваецца парадаксальная сітуацыя: прадпрыемствам-вытворцам і імпарцёрам, якія заключылі дамовы, аплацілі паслугі і выканалі ўсе патрабаванні са свайго боку, раптам кажуць, каб яны зрабілі пераразлік і заплацілі за два ці тры гады экалагічны падатак (маўляў, калі перапрацоўка не была выканана ў пэўным аб'ёме, то, значыць, вы не мелі права на льготу. — Аўт.)... Мы лічым, што гэта няправільна і несправядліва, — сказаў Вадзім Барадуля.

Усяго пад патрабаванне даплаціць экалагічны падатак патрапіла як мінімум 28 прадпрыемстваў, якія мелі дамовы з ААТ "Белэкасістэма". Адным з першых "пад раздачу" трапіла ЗАТ "Мінскі завод безалкагольных напояў".

— У нас была планавая праверка Камітэта дзяржаўнага кантролю на пачатку 2011 года — правяралі ўплату экалагічнага падатку, — расказвае юрыст-консульт завода Іна БУРШ. — І вынеслі рашэнне па выніках праверкі аб даналічэнні падаткаў (таксама з-за ААТ "Белэкасістэма". — Аўт.). Мы абскарджвалі рашэнне спачатку старшыні КДК, потым у судзе. Суд прызнаў рашэнне законным і абгрунтаваным, і ў нас падатковая інспекцыя, выконваючы гэтае рашэнне, спісала суму экалагічнага падатку і пеню з нашых рахункаў.

Разам падатак і пеня, забраныя ў Мінскага завода безалкагольных напояў, склалі каля 3,8 мільярда рублёў. Іншым прадпрыемствам пашанцавала трохі болей — іх Дзяржкантроль не правяраў, таму пра тое, што ім трэба даплаціць экалагічны падатак, яны даведаліся толькі ў снежні мінулага года: з інспекцый Міністэрства па падатках і зборах яны атрымалі паведамленні з прапановай "на працягу некалькіх дзён з моманту накіравання гэтага паведамлення ўнесці змены ў падатковыя дэкларацыі па экалагічным падатку за вытворчасць і імпарт пластмасавай тары... і заплаціць належную суму падатку". А гэтыя сумы, як тлумачаць бізнэсмены, не маленькія, у некаторых яны амаль роўныя месячнаму кошту сыравіны, што закупляецца.

І калі з Мінскага завода безалкагольных напояў сродкі ўжо спагналі, то астатнія прадпрыемствы пакуль разважаюць — змірыцца з несправядлівасцю і аддаць добраахвотна гэтыя сумы або ўсё ж паспрабаваць "пабадацца" з чыноўнікамі:

— Я думаю, што пасля рашэння па Мінскім заводзе безалкагольных напояў у нас судовых перспектыў не шмат. Таму, калі кожны з нас будзе спрабаваць паасобку адстойваць свае правы, то нічога не атрымаецца, — лічыць Аляксей Пілінка, дырэктар ТАА "Рэалпак" — Я пагутарыў з некаторымі з кіраўнікоў, і я адчуваю песімістычныя настроі — маўляў, калі мы аплацім, то, можа, нам пеню не налічаць і г. д. Такім чынам, людзі гатовыя да таго, каб з дзяржавай не спрачацца. Але я лічу, што нам больш правільна будзе аб'яднацца і зрабіць нейкі калектыўны зварот. Бо калі ўся галіна атрымае такія санкцыі, то будзе парушана структура рынку, будуць падымацца цэны на нашу прадукцыю, мы будзем менш канкурэнтаздольныя ў параўнанні з прадпрыемствамі Расіі і Казахстана і г. д.

У выніку нарады прадпрымальнікі вырашылі напісаць зварот да прэм'ер-міністра краіны з просьбай сабраць нараду па разглядзе гэтай сітуацыі з удзелам прадстаўнікоў міністэрстваў эканомікі, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, па падатках і зборах, а таксама Дзяржкантролю і Генпракуратуры.

— Мы выбіраем метад дыялогу бізнэсу і ўлады і звяртаемся да дзяржструктур. Сітуацыя вельмі канфліктная і небяспечная, бо тэрміны санкцый наступілі — і людзі вымушаны плаціць, — сказаў Уладзімір Карагін, старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.

А наступствы ад таго, што прадпрыемствы аднамомантава выплацяць такія вялікія сумы могуць быць сапраўды непрадбачанымі. Са слоў прадстаўнікоў фірмаў, яны ўжо пачынаюць праяўляцца: прадпрыемства не можа заплаціць свайму партнёру за тавары (бо абаротныя сродкі пайшлі на даплату недалічанага падатку), той у сваю чаргу не можа разлічыцца са сваім партнёрам, пачынаецца затрымка з выплатай зарплаты і гэтак далей па ланцужку... 

КДК: партнёраў трэба правяраць

Мы паспрабавалі звязацца з ААТ "Белэкасістэма": трубку падняў дырэктар гэтага прадпрыемства, але сказаў, што даваць інтэрв'ю не будзе, "пакуль пытанне не будзе вырашана да канца", і што "калі будзе заключэнне Генеральнай пракуратуры, тады і будзем размаўляць".

Як патлумачыла прэс-сакратар Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Алена Пенязь, пра ўзніклую праблему ў міністэрстве ведаюць і будуць разбірацца ў сітуацыі, таму нейкую дакладную інфармацыю змогуць прадставіць толькі праз пэўны час.

Што тычыцца Міністэрства па падатках і зборах, то, як паведаміў Вадзім Барадуля, ён меў гутарку са спецыялістамі з міністэрства і яны з разуменнем ставяцца да сітуацыі. Але справа ў тым, што праверку праводзіў КДК. А Міністэрства па падатках і зборах выступае толькі як прылада для "спагнання грошай і не болей" — гэта паведамілі карэспандэнту "Звязды" ў прэс-службе міністэрства.

У Камітэце дзяржкантролю, куды звярнулася "Звязда" па каментар, патлумачылі сваё бачанне сітуацыі. У прыватнасці, вось што расказала ў гутарцы з карэспандэнтам газеты Вольга Дашкевіч, галоўны спецыяліст КДК:

— ААТ "Белэкасістэма" мы правяралі ў снежні 2010 года. А яшчэ раней, у студзені-лютым 2010 года, мы правяралі іншае прадпрыемства, якое таксама займаецца зборам і перапрацоўкай адходаў пластмасы — "Экапластсэрвіс" (Гомель). Пры яго праверцы мы знайшлі вельмі шмат парушэнняў — у прыватнасці, прадпрыемства збірала не адходы спажывання, а адходы вытворчасці. А для прадастаўлення льготы па экалагічным падатку гэта вельмі важны нюанс — павінны быць не адходы вытворчасці (гэта было запісана і ва Указе Прэзідэнта № 215, і ў Падатковым кодэксе), а абавязкова адходы спажывання. Бо для чаго была гэтая льгота ва ўказе і потым у Падатковым кодэксе — каб стымуляваць збор менавіта адходаў спажывання, тых бутэлечак і пластмас, якія валяюцца ў нас на вуліцы, каб стымуляваць нашых людзей на раздзельны збор, каб прадпрыемствы за кошт гэтай ільготы неяк стымулявалі насельніцтва гэта рабіць — кантэйнеры ўстанаўлівалі, агітацыйную працу праводзілі і г. д. Што ж гэтыя прадпрыемствы, якія як быццам збіралі і перапрацоўвалі адходы пластмас, зрабілі за грошы (і добрыя грошы!), якія ім плацілі прадпрыемствы-вытворцы? Атрымліваецца, што яны грошы ўзялі, а збіралі адходы вытворчасці, бо гэта зрабіць прасцей, чым праводзіць вялізную работу і збіраць адходы спажывання.

— А якія парушэнні былі ў ААТ "Белэкасістэма"?

— Калі ўжо казаць пра "Белэкасістэму", то там у ходзе праверкі мы выявілі зусім іншае парушэнне. ААТ "Белэкасістэма" ўстанавіла кантэйнеры па ўсім горадзе Мінску і прывозіла да сябе на сартаванне ўсё тое, што было ў гэтых кантэйнерах. А там была і пластмаса, і шкло, і металалом, і будаўнічыя адходы, і харчовыя і г. д. Пасля сартавання атрымалася толькі адна траціна пластмас, бо асобна здавалі макулатуру, шкло, вялікую частку ад усіх сабраных адходаў вывозілі на палігон цвёрдых бытавых адходаў. Такім чынам, у перапрацоўку пайшла прыкладна траціна. А ў нас умова — "сабраць і перапрацаваць". Калі мы не перапрацавалі, значыць, мы не выканалі ўмову. Як гэтым можна закрываць нарматывы? Вось і атрымалася такая сітуацыя: пры праверцы мы ўбачылі, што яны не сабралі і не перапрацавалі тую колькасць пластмас, якую трэба было па заключаных дамовах. Але грошы за гэта атрымалі і далі дакументы прадпрыемствам, якія з імі заключылі дамовы, што вось столькі сабрана і перапрацавана.

Калі ж казаць аб прадпрыемствах-вытвотворцах пластыкавай тары, то ўсяго мы праверылі два ў 2010 годзе і сем прадпрыемстваў у 2011 годзе (у гэтым спісе ёсць і "Аліварыя", і "Мінскі завод безалкагольных напояў", і "Кока-Кола Беврыджыз Беларусія") . І з 9 прадпрыемстваў 7 добраахвотна даплацілі падатак. Дзве арганізацыі не пагадзіліся ў добраахвотным парадку заплаціць падатак — гэта "Кока Кола" і МЗБН. Яны звярнуліся ў суд, і мы выйгралі гэтыя суды — Вышэйшы Гаспадарчы Суд прыняў рашэнне, што дзеянні КДК былі законныя. Хоць арганізацыі лічылі, што яны выканалі ўсё, каб мець ільготу. Яны зрабілі гэта ўскосна: заключылі дагавор, прымалі дакументы, але нічога не правяралі. Так, яны кажуць, што не мелі права праводзіць праверкі. Але і не трэба было праводзіць праверку, дастаткова было проста прыехаць і паглядзець на ўмовы — там такія аб'ёмы нават нерэальна было перапрацаваць. Калі б яны паглядзелі, ці можна давяраць гэтай арганізацыі, з якой заключаюць дагавор — як яна збірае, што яна збірае, у якіх аб'ёмах — то такой сітуацыі, можа, і не атрымалася б.

— У прынцыпе, атрымліваецца, што трэба было правяраць партнёра, каб ён іх не "падставіў"?

— Так, калі яны заключылі дагавор, то трэба было правяраць, як ён выконваецца. У дагаворы ўсё было правільна прапісана і пра збор, і пра перапрацоўку, і пра бытавыя адходы — але пункты гэтай дамовы не правяраліся, усё было пушчана на самацёк. І тыя дакументы, якія прыкладаліся да справаздачы, пакорліва прымаліся. Але самае цікавае, што на адным прадпрыемстве вельмі граматны галоўны бухгалтар не прымала палову таварна-транспартных накладных, якія ёй прыкладвалі. Яна казала: "Адкуль у гэтага прадпрыемства адходы спажывання? Не можа такога быць, я дакумент не прыму. Нам патрэбны менавіта адходы спажывання". І ў гэтага прадпрыемства было вельмі мала парушэнняў, бо галоўны бухгалтар кантралявала свайго партнёра.

— Як можна патлумачыць, што справаздачы, якія падаваліся, былі зацверджаныя Мінпрыроды, але ў выніку аказаліся "памылковымі"?

— Узгадненне было толькі ў 2008-2009 гадах, а ў 2010 годзе па Падатковым кодэксе гэтага ўжо не патрабавалася. Як патлумачыць? Напрыклад, плацельшчык МЗБН прыносіць акты выкананых прац ад "Экапластсэрвіса", які знаходзіцца ў Гомелі, у інспекцыю па месцы сваёй рэгістрацыі. А гэтая сталічная інспекцыя не можа праверыць "Экапластсэрвіс", таму яны, відаць, правяралі толькі дакументы. Глядзіце, у Падатковым кодэксе чамусьці ўжо такога абавязку ўзгаднення з Мінпрыродай не стала. Так што, магчыма, заканадаўца ўлічыў гэтыя нюансы і палічыў, што Мінпрыроды не ў стане пракантраляваць гэтую льготу?..

— Ці былі якія-небудзь санкцыі да ААТ "Белэкасістэма"?

— Мы далічылі ім падатак на захаванне адходаў вытворчасці, бо яны свае адходы вывозілі на палігон як камунальныя. А прад'явіць ім вось гэты экалагічны падатак мы не можам, бо яны не з'яўляюцца яго плацельшчыкамі. Дарэчы, адно з прадпрыемстваў-вытворцаў звярнулася ў гомельскі суд з іскам да "Экапластсэрвіса" аб парушэнні дагаварных адносін, і там, здаецца, "Экапластсэрвіс" пагадзіўся добраахвотна вярнуць тыя грошы, якія атрымаў за паслугі — каля 30 мільёнаў рублёў. Я не ведаю, ці звярталіся іншыя прадпрыемствы ў суд за тое, што не выкананы дагаворныя адносіны. Бо грошы, якія былі заплачаны па дамовах, не маленькія. Напрыклад, у залежнасці ад прадпрыемства, плацілі ад 500 да 700 тысяч за 1 тону сабраных і перапрацаваных адходаў пластмас. Палічыце: 20% ад аб'ёму вырабленай прадукцыі памножце на 500-700 тысяч (а падатак, дарэчы, быў каля 250-274 тысяч за тону). Яны складаюць мо каля паловы ад сумы падатку.

— А могуць прадпрыемствы-вытворцы спагнаць не толькі грошы, якія плацілі па дамовах, а яшчэ і сумы для аплаты падатку як урону?

— Мяркую, што так. Бо дагаворныя адносіны не выкананы.

— Паколькі, калі можна так сказаць, пад нечаканыя "санкцыі" трапіла каля 30 прадпрыемстваў-вытворцаў, то ці не будзе парушана структура рынку?

— У паловы з гэтых прадпрыемстваў зусім малыя аб'ёмы і сумы, і гэта зусім не ўплывае на фінансавы стан прадпрыемства. Некаторыя з іх перастрахаваліся і заключалі дамовы на большы аб'ём, чым гэтага патрабавала заканадаўства, так што тут усё трэба глядзець індывідуальна. Вось, напрыклад, некаму недапаставілі за ўвесь перыяд 0,4 тоны, 3,8 тоны, 3,2 тоны, 2,3 тоны, 8,2 тоны, 1,7 тоны, 0,6 тон. Вядома, ёсць паказчык і ў 213 тон, але нельга агулам казаць, што вялізныя сумы ва ўсіх.

←Кто может рассчитывать на господдержку при строительстве жилья

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика