Крык у пустэчу
Пачуць і выратаваць
"...Дапамажыце, мне 14... жыць надакучыла, таму што тата здрадзіў маме... думае, што мне 5 гадоў і што не здагадаюся... Два малодшыя браты дасталі, самы блізкі чалавек памёр, калі мне было 8 гадоў..."
"... Мне вельмі цяжка... Мама глядзіць у сваю тэлескрыню... А ў мяне і ў школе не ладзіцца з сябрамі, і з адзнакамі дрэнна..."
"...А мяне на другі год у школе пакідаюць, сяброў няма, часам здаецца, што маці на мяне напляваць, тата павесіўся... І скажыце вось, ці варта так адстойна жыць? Вось хачу здохнуць, ды хутчэй..."
"...Я хачу памерці таму, што не магу быць каханай, і гэта жудасна... Мая мама даведалася, што я з ім сустракалася, і сказала мне, што лепш бы я памерла, чым гэта... яшчэ пракляла мяне. Яна не размаўляе са мной і наогул паводзіць сябе так, быццам мяне не існуе. І таму хачу памерці, каб не было мяне! Я не бачу іншага выйсця! Але пакуль не вырашыла, як гэта зрабіць. Можа, мне хто-небудзь дапаможа???!!!"
Гэтыя паведамленні я знайшла на адным з форумаў у інтэрнэце.
Дзеці звяртаюцца па дапамогу. Але не да дарослых, а адно да аднаго. Разам яны шукаюць спосаб бязбольна звесці рахункі з жыццём...
Калі чытаеш паведамленні падлеткаў і іх парады адно аднаму, то не разумееш, як могуць дзеці перажываць з-за такіх дробязяў... Потым злуешся ад таго, што яны не ў стане знайсці выйсце з "тупіка". І раптам становіцца страшна за іх і балюча.
Самай малодшай дзяўчынцы, якая з'явілася на гэтым форуме, восем гадоў. З яе бязладна напісанага тэксту відаць, што тата сышоў, а маці прывяла ў хату "новага мужа". Неяк новы тата высмеяў яе, і "мама таксама смяялася". Яна б паскардзілася тату, ды ён не прыходзіць, а ёй да яго ніяк нельга прыйсці, яе адну не пускаюць, там дарогу трэба пераходзіць, ды ўвогуле — "маленькая" яшчэ!
— Дзецям характэрна павышаная ўражлівасць і ўнушальнасць, — кажа псіхолаг Дар'я Воўк. — Яны больш ярка адчуваюць і перажываюць, а гарманальныя і фізіялагічныя змены падлеткаў робяць іх схільнымі да ваганняў настрою і імпульсіўнымі ў прыняцці рашэнняў. Бывае так, што адно міжволі кінутае слова, можа вельмі глыбока раніць дзіця...
Таксама ў пераходным узросце ў дзяцей узнікае павышаная схільнасць да самааналізу і песімістычнай ацэнкі наваколля. Яны ацэньваюць сябе горш, чым яны ёсць насамрэч. Шматлікія цяжкасці ўспрымаюцца дзіцем, як бязвыхадныя ў сілу абмежаванасці яго жыццёвага досведу. Дзеці і падлеткі асабліва адчувальныя да самых дробных змен жыцця, якія адбываюцца незалежна ад іх уласнага выбару. Таму падлеткавы ўзрост і дае вялікую колькасць суіцыдаў.
Крык
"...Каб памерці лёгка, трэба ўзяць... вяроўку..."
"Рэальна памерці можна так..."
"Калі скокнуць з даху, то не заўсёды імгненная смерць..."
"Снатворнае не раю, сам спрабаваў, толку няма..."
Такія парады дзеці даюць адно аднаму на форуме. Бывае, дамаўляюцца загадзя пра калектыўнае самагубства: "...калі разам — не так страшна..."
— Вельмі рэдка падлетак, які здзяйсняе суіцыд, хоча сапраўды памерці, — дадае Дар'я Віталеўна. — Часцей за ўсё падлетак хоча, каб стала лягчэй, хоча змяніць жыццё ці палепшыць адносіны, але не ведае як, і тады суіцыд — гэта апошняя спроба адчайнага паслання іншым. Гэта можа быць нявыказаны боль і крыўда на бацькоў ці сяброў, за іх неразуменне або недахоп падтрымкі ці немагчымасць перажыць сорам і злосць на сябе, ці жаданне атрымаць перадышку ў цяжкіх абставінах. У любым выпадку суіцыд — гэта ў першую чаргу крык аб дапамозе, нерасшыфраваны і неразгаданы. Суіцыдальныя дзеянні — незалежна ад таго, ідзе гаворка пра завершаны суіцыд ці пра суіцыдальную спробу, — гэта заўсёды вынік збегу фактараў і акалічнасцяў.
Прычыны
Што ж гэта за фактары і акалічнасці? Спецыяліст вылучыла ў першую чаргу негатыўныя адносіны ў сям'і. Гэта можа быць што заўгодна: частыя сваркі бацькоў, развод, ігнараванне бацькамі праблем і пачуццяў дзіцяці, крытычнае і халоднае стаўленне да дзіцяці, завышаныя чаканні бацькоў... Сярод іншых фактараў: псіхічныя расстройствы ў членаў сям'і (у тым ліку алкагалізм), фізічны ці сэксуальны гвалт у мінулым (дзеці, з якімі дрэнна абыходзяцца, асабліва схільныя ненавідзець сябе). Бывае, што дзіця проста хворае. Абсалютная большасць падлеткаў, якія хочуць скончыць сваё жыццё, маюць якую-небудзь акцэнтуацыю характару ці пакутуюць на псіхічнае расстройства.
— Хочацца адзначыць, — дадае псіхолаг, — што часта бацькі называюць "стрэсам", "канфліктам", "лянотай", "не можа ўзяць сябе ў рукі", "ён робіць мне назло" ці "ён проста ўпарты" — тое, што на самой справе можа аказацца псіхічным ці псіхалагічным расстройствам. Але суіцыдальныя паводзіны ў дзяцей да 12-13 гадоў часцей за ўсё справакаваны падзеямі яго асабістага жыцця: пагроза выкрывання прагулаў у школе, канфлікт з рамантычным партнёрам і іншае.
Яшчэ сярод немалаважных акалічнасцяў, якія могуць прывесці падлетка да суіцыду ці спробы — гэта прыклады суіцыду ў сям'і, сярод падлеткавых куміраў, суіцыдальныя спробы ў мінулым і даступнасць сродкаў, з дапамогай якіх можна скончыць жыццё самагубствам.
Спецыяліст упэўнена, што падлеткавыя суіцыды рэдка старанна плануюцца, часцей за ўсё яны з'яўляюцца імпульсіўнай рэакцыяй на выкрышталізаваны фактар. Гэта тое, што звычайна завецца "апошняй кропляй". Для малодшых падлеткаў такой сітуацыяй можа быць канфлікт у школе ці з міліцыяй і боязь, што пра гэта даведаюцца бацькі.
Для старэйшых — сваркі з бацькамі, сябрамі ці каханым (каханай).
Як дапамагчы
За 2010 год у Мінску двое непаўналетніх пакончылі з сабой і 53 — здзейснілі спробу самагубства. Усяго ў Беларусі ў 2010 годзе зафіксавана 37 выпадкаў самагубства сярод непаўналетніх.
За апошнія 10 гадоў толькі ў сталіцы непаўналетнімі было здзейснена 50 суіцыдаў. Колькі дзяцей спрабавала скончыць самагубствам у рэгіёнах Беларусі, невядома. Статыстыка па парасуіцыдах (у гэтае паняцце ўваходзяць спробы, якія планаваліся як несмяротныя, а таксама няўдалыя спробы па іншых прычынах, нягледзячы на сур'ёзнасць намераў), адпаведна правілам САЗ, вядзецца толькі ў Мінску.
Ці можна дапамагчы дзецям убачыць выйсце з "тупіка", і ці ёсць наогул прафілактыка? На форуме самагубцаў з'яўляліся людзі, якія толькі чарговы раз смяяліся над праблемамі падлеткаў, распавядаючы ім пра свае "сапраўдныя праблемы". Былі дарослыя, якія гаварылі пра перасяленне душ ці наогул, што яны, дзеці, "дзеці-індыга", і іх душа перажывае звычайную трансфармацыю...
Самі ж дзеці проста не заўважалі такія каментары.
— Многае, што робіць дзіця ўстойлівым ці няўстойлівым да суіцыду, часта вызначана ўжо да нараджэння дзіцяці, — гаворыць Дар'я Вітальеўна. — Гэта ў першую чаргу негатыўнае бачанне свету і іншых людзей бацькамі, спосабы іх рэагавання на непрыемнасці, якім несвядома можа навучыцца і дзіця. Таму варта, па-першае, ведаць фактары і рызыкі сваёй сям'і, па-другое, разумець, і галоўнае, убачыць, у сям'і ўнутраныя праблемы, і, нарэшце, — не баяцца звярнуцца па дапамогу да спецыялістаў: псіхолага ці псіхатэрапеўта. У сваёй асабістай практыцы я больш сутыкалася з тым, што падлеткі на самой справе хочуць жыць. Таму часцей за ўсё дастаткова дапамагчы дзіцяці разабраць сітуацыю, з якой ён сутыкнуўся, зразумець і падтрымаць яго, і тады суіцыд становіцца неактуальны.
Невядома, ці дапамаглі "разабраць сітуацыю" тыя дарослыя, якія знаходзіліся побач з васьмігадовай дзяўчынкай, якая пісала на форум...
На яе просьбу: "дапамажыце скончыць жыццё самагубствам, але так, каб не было балюча" жыва адрэагавалі самі падлеткі:
"...Анюта, у мяне тата таксама з мамай рассталіся... Але ён да мяне прыязджае 2 разы на год. Так бывае".
"...а да мяне мой прыходзіць 1 раз на год, часам 0 раз за год..."
"Аня! Табе яшчэ жыць і жыць, павер! Звярніся да каго-небудзь, да таго, каму ты больш давяраеш".
Хочацца верыць, што такі чалавек знайшоўся...
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ.