Культура без межаў, Купала на старт
Днямі ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі адбылася сустрэча Міністэрства культуры Беларусі з прадстаўнікамі пасольстваў замежных дзяржаў і кіраўніцтвам акрэдытаваных у Беларусі замежных культурных цэнтраў.
— Адной з нашых найважнейшых задач з'яўляецца прадстаўленне дасягненняў нацыянальнай культуры за мяжой, — лічыць міністр культуры Павел Латушка. — Мінкультуры плануе працягнуць удзел у міжнародных форумах выяўленчага мастацтва. Акрамя таго, будуць паляпшацца якасць, канкурэнтаздольнасць і інвестыцыйная прывабнасць прафесійнай адукацыі ў сферы культуры, развівацца экспарт адукацыйных паслуг. Творчыя дэбюты і наватарскія праекты творчай моладзі будуць атрымліваць падтрымку.
На сустрэчы адзначылі, што міжнароднае культурнае супрацоўніцтва, якое адбывалася ў межах кінафестывалю "Лістапад", тэатральнага фестывалю "Панарама", фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" і іншых беларускіх фэстаў працягнецца і надалей. Сёлета плануецца правесці Першы беларускі музейны форум у Гродне, Усебеларускую выставу сучаснага мастацтва ў Мінску, рэалізаваць праект "Культурная сталіца Беларусі — Нясвіж", правесці другую Нацыянальную тэатральную прэмію і другую Нацыянальную музычную прэмію, а таксама скончыць другую чаргу прац у Жыліцкім палацава-паркавым ансамблі (Магілёўская вобласць) і адкрыць пасля рэстаўрацыі радзівілаўскі палацавы комплекс у Нясвіжы, занесены ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Сёлета Беларусь возьме актыўны ўдзел і ў замежных культурных мерапрыемствах. Мяркуецца, што нашы дэлегацыі наведаюць найбуйнейшыя міжнародныя кінафестывалі і форумы выяўленчага мастацтва.
— На працягу мінулага года Міністэрствам культуры падрыхтаваны і падпісаны міждзяржаўныя пагадненні аб культурным супрацоўніцтве з Італіяй, якія пачалі дзейнічаць у снежні, а таксама міждзяржаўныя дакументы аб супрацоўніцтве з міністэрствамі культуры Арменіі і Таджыкістана. На стадыі падрыхтоўкі — праекты дакументаў аб супрацоўніцтве ў галіне культуры з Кітаем, Польшчай, Латвіяй, Катарам, Сербіяй.
Дарэчы, сёння працягваецца перадача Міністэрствам культуры і Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі ў бібліятэкі іншых краін калекцый сучасных айчынных выданняў. Па 100 найлепшых кніг было перададзена ў нацыянальныя бібліятэкі Расіі, Азербайджана, ЗША, Літвы, Украіны.
Павел Латушка не забыў узгадаць і пра абвяшчэнне 2012-га Годам кнігі. Акурат сёлета адбудзецца афіцыйнае святкаванне 130-годдзя з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа. Аднымі з найважнейшых мерапрыемстваў стануць таксама святкаванні 100‑годдзя Максіма Танка, 140-годдзя мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, 125-годдзя Марка Шагала, 120-годдзя дырыжора і кампазітара Рыгора Шырмы, 1150-годдзя з часу першых згадак пра горад Полацак.
Акурат на сустрэчы ў Нацыянальным музеі быў дадзены старт святкаванню 130-годдзя Янкі Купалы. Там прэзентавалі каталог "Аўтографы першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы".
Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.