Маёмасць даўжнікоў можна купіць оn-lіnе

Источник материала:  

Атрымаць судовае рашэнне эканамічнай спрэчкі на сваю карысць — гэта, як кажуць, паўсправы. Каб справядлівасць была адноўлена, пастанова суда павінна быць выканана, нярэдка — у прымусовым парадку, у рамках выканаўчай вытворчасці. І часам каменем спатыкнення становіцца немагчымасць хутка рэалізаваць маёмасць даўжніка...

Яшчэ з 30 лістапада на інтэрнэт-партале гаспадарчых судоў Рэспублікі Беларусь пачаў функцыянаваць новы сэрвіс — "Электронныя таргі". Што паслужыла падставай да яго запуску? І як гэтае новаўвядзенне можа паўплываць на якасць выканання судовых рашэнняў? Аб гэтым у інтэрв'ю газеце "Звязда" распавядае намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь Віктар РАБЦАЎ.

— Віктар Мікалаевіч, адкрыццё электронных таргоў канфіскаванай маёмасцю даўжнікоў па выканаўчай вытворчасці — гэта нейкая "даніна модзе"? Або вынік мэтанакіраванай працы Службы судовых выканаўцаў гаспадарчых судоў, якую вы курыруеце?

— Гэта дакладна не "даніна модзе". Яшчэ ў канцы 2010 года на выніковым пасяджэнні Пленума Вышэйшага Гаспадарчага Суда была пастаўлена задача па пашырэнні ўжывання элементаў "электроннага правасуддзя" ў гаспадарчым працэсе, эфектыўным выкарыстанні і ўкараненні сучасных інфармацыйных тэхналогій у мэтах аптымізацыі судаводства і павышэння яго эфектыўнасці. Укараненне працэдуры электронных таргоў у выканаўчую вытворчасць — гэта частка працы ў рамках выканання вышэйзгаданай задачы.

Асноўная мэта адкрыцця электронных таргоў — удасканаліць працэдуру рэалізацыі арыштаванай маёмасці, павялічыць яе эфектыўнасць за кошт спрашчэння самой працэдуры, скараціць тэрміны яе правядзення, забяспечыць дыстанцыйны доступ да працэдуры ўсім патэнцыйным пакупнікам, якія жадаюць прыняць удзел у таргах. Натуральна, укараненню электронных таргоў папярэднічала вялікая папярэдняя праца.

— Якая менавіта? Што паслужыла заканадаўчай асновай для ўкаранення электронных таргоў? Верагодна, прыйшлося вывучыць досвед і замежных дзяржаў у гэтым кірунку?

— Для выпрацоўкі канцэптуальнага падыходу да правядзення электронных таргоў у рамках выканаўчай вытворчасці мы, перш за ўсё, вывучылі нацыянальнае заканадаўства, якое рэгулюе як уласна правядзенне электронных таргоў (аўкцыёнаў), так і сумежныя пытанні — дзейнасць таварных біржаў, выкарыстанне нацыянальнага сегмента інтэрнэту, сферу гандлю і інш.

Зразумела, даследаваўся намі і досвед правядзення электронных таргоў у замежных дзяржавах, у першую чаргу, досвед нашых партнёраў па Адзінай эканамічнай прасторы — Расійскай Федэрацыі, Казахстана, а таксама іншых краін (у прыватнасці, Арменіі, Фінляндыі). Прычым мы не толькі вывучылі дзейную ў гэтых краінах нарматыўную базу, але і азнаёміліся з планаванымі зменамі, якія ўлічваюць ужо напрацаваны ў гэтай сферы досвед. У прыватнасці, вывучылі праект закона "Аб унясенні змен у Федэральны закон Расійскай Федэрацыі "Аб выканаўчай вытворчасці".

Падрыхтоўцы ўласнага дакумента папярэднічала і знаёмства з працай ужо дзейных у Беларусі электронных пляцовак па рэалізацыі тавараў. Напрыклад, скрупулёзна вывучана праца электроннай гандлёвай пляцоўкі ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа", РУП "Нацыянальны цэнтр маркетынгу і кан'юнктуры цэн", ТАА "БелАўтаЛот", інтэрнэт-аўкцыёну ау.tut.bу і інш.

У выніку было распрацавана Палажэнне аб парадку правядзення электронных таргоў па рэалізацыі маёмасці ў выканаўчай вытворчасці, якое 5 жніўня 2011 года зацверджана загадам Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Беларусі. Палажэнне распрацавана ў адпаведнасці з нормамі Гаспадарчага працэсуальнага і Грамадзянскага кодэкса, Інструкцыі па выканаўчай вытворчасці ў гаспадарчых судах Беларусі.

А ўжо з 30 лістапада на інтэрнэт-партале гаспадарчых судоў пачаў функцыянаваць сэрвіс "Электронныя таргі".

— Які ў агульных рысах механізм працы электроннай гандлёвай пляцоўкі, створанай на партале гаспадарчых судоў?

— Перш за ўсё растлумачу, што на электронныя таргі выстаўляецца маёмасць, арыштаваная ў рамках выканаўчай вытворчасці. Аднак на такія таргі не можа быць выстаўлена маёмасць, якая выключана з абарачэння альбо абарачэнне якой абмежаванае ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, а таксама нерухомая і закладзеная маёмасці і іншая маёмасць, рэалізацыя якой, у адпаведнасці з заканадаўствам, ажыццяўляецца з публічных таргоў.

На старонцы сэрвісу "Электронныя таргі", адкрытым на нашым партале www.соurt.bу, можна азнаёміцца з фота выстаўленай судовымі выканаўцамі на электронныя таргі маёмасці і яе характарыстыкамі, інфармацыяй аб даце пачатку і заканчэння прыёму заявак, часе правядзення таргоў. У выпадку, калі той або іншы лот зацікавіць наведвальніка партала, ён можа падаць заяўку на ўдзел у таргах, пералічыўшы задатак у памеры 10% пачатковага кошту лота на дэпазітны рахунак суда і прадаставіўшы звесткі аб юрыдычнай (фізічнай) асобе на адпаведнай старонцы партала. Неабходнасці наведваць суд пры гэтым няма. Логін і пароль, якія затым спатрэбяцца для аўтарызацыі, накіроўваюцца заяўніку судовым выканаўцам на электронную пошту.

Удзел у таргах таксама ажыццяўляецца дыстанцыйна, шляхам аўтарызацыі на інтэрнэт-партале гаспадарчых судоў і павышэння стаўкі непасрэдна на старонцы лота. Пераможцам таргоў прызнаецца ўдзельнік, які прапанаваў найвышэйшую цану за лот. Далей на працягу тэрміну, паказанага на партале, пераможца таргоў абавязаны ўнесці на адпаведны рахунак гаспадарчага суда ўсю належную з яго суму — яна ўключае пакрыццё выдаткаў на арганізацыю і правядзенне таргоў, а таксама суму, за якую набыта маёмасць. Судовы выканаўца пасля выплаты пакупніком усёй належнай з яго сумы перадае пакупніку набытую маёмасць па акце перадачы маёмасці.

Як бачыце, усё даволі проста, а працэдура ў цэлым цалкам стандартная для такога роду таргоў.

— Сапраўды, мяркуючы па апісанні, удзел у электронных таргах не спалучаны з якімі-небудзь складанасцямі. Аднак як растлумачыць недасведчанаму, якімі перавагамі валодаюць электронныя таргі ў параўнанні са звычайнымі, "класічнымі" таргамі, што праводзяцца судовымі выканаўцамі гаспадарчых судоў?

— Перш за ўсё, я назваў бы забеспячэнне максімальнай даступнасці таргоў для патэнцыйных удзельнікаў, адкрытасць самой працэдуры правядзення таргоў. Немалаважная перавага — павелічэнне тэрміну правядзення непасрэдна таргоў: стаўкі па канкрэтным лоце прымаюцца, як правіла, на працягу 10 дзён. Гэта дае магчымасць пакупніку прыняць узважанае рашэнне аб набыцці маёмасці, якая рэалізуецца. Не магу не згадаць і аб такіх фактарах, як скарачэнне папяровага дакументаабароту, адсутнасць асабістага ўзаемадзеяння паміж пакупніком і судовым выканаўцам, што выключае ўплыў "чалавечага фактару" на працэс правядзення таргоў і вызначэнне пераможцы.

У цэлым мы разлічваем, што ўкараненне электронных таргоў дазволіць павысіць эфектыўнасць рэалізацыі маёмасці даўжніка падчас выканаўчай вытворчасці. Ва ўсякім разе, на гэта дазваляе спадзявацца досвед іншых краін — напрыклад, Арменіі, дзе, паводле інфармацыі нашых калег, выніковасць рэалізацыі арыштаванай маёмасці з увядзеннем электронных таргоў вырасла мнагакратна.

Канчатковым жа вынікам павінна стаць павышэнне эфектыўнасці выканаўчай вытворчасці ў цэлым, што з'яўляецца адным з найважнейшых крытэрыяў якасці работы судовай сістэмы.

Падрыхтавала Надзея ДРЫЛА.

←В Бресте ГАИ вместе с театром кукол борются с детским дорожно-транспортным травматизмом

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика