Не прападаць жа грошам!
Пенсіянер, сельскі жыхар, купляў на фальшывыя грошы выключна каўбасу і гарэлку.
Жыхар Лепельскага раёна яшчэ летам, калі ішоў на рыбалку, выпадкова знайшоў на беразе канала пад альтанкай вялікія грошы — аж 16 купюр наміналам па 50 тысяч рублёў кожная. У гэтым месцы вельмі любяць адпачываць кампаніі, у тым ліку і вясельныя. Нягледзячы на тое, што ўсе купюры былі надарваныя прыкладна да паловы, дзядуля, вядома, парадаваўся каштоўнай знаходцы. Напэўна, спачатку нават і не здагадваўся, што знойдзеныя купюры могуць быць фальшывымі.
Як расказаў "Звяздзе" Дзмітрый Пруднік, старшы ўпаўнаважаны групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Лепельскага раённага аддзела ўнутраных спраў, гэты грамадзянін двойчы разлічваўся фальшыўкамі за пакупкі ў аўталаўцы. Безумоўна, гандлярка адразу звярнула ўвагу на парваную купюру, але ж улічваючы, што яе склеілі, грошы ўзяла. Бо такія ў банку прымаюць. У першы раз пенсіянер расплаціўся фальшыўкай падчас каталіцкіх Каляд. А пазней зноў разлічыўся парванай 50-тысячнай купюрай.
Між іншым, калі прадукты і віно ён купляў у аўталаўцы за сапраўдныя грошы, дык за гарэлку і каўбасу чамусьці разлічваўся фальшывымі. Пра апошняе стала вядома, калі касір раённай сістэмы спажывецкай кааперацыі аднесла ў банк грошы, якія збіраюць ад гандляроў аўталавак і ў крамах. Падчас праверкі здадзенай выручкі высветлілася, што дзве купюры па 50 тысяч — грубая падробка.
Уладальніка фальшывак міліцыянеры адшукалі без праблем, бо гандляр аўталаўкі добра запомніла "таго дзеда".
У доме старога знайшлі яшчэ 14 банкнот наміналам 50 тысяч рублёў кожная. Цяпер міліцыянеры шукаюць аўтараў фальшывых грошай. Што датычыцца пенсіянера — улічваючы, што ён ва ўсім добраахвотна раскаяўся і актыўна дапамагае следству, — наўрад ці суд пакарае яго сурова.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.