Былы камандуючы ВПС і СПА І. Азаронак планаваў зарабіць на адкатах $233 тыс.
Падчас следства па справе былога камандуючага ВПС і войскамі СПА Беларусі Ігара Азаронка аператыўнікі ўстанавілі, што ён планаваў зарабіць $233 тыс. у 2011 годзе на лабіраванні інтарэсаў пэўнага прадпрыемства. Такую суму ён разлічваў атрымаць адкатам пры пастаўках абсталявання для абаронных патрэб Беларусі. Рэпартаж па гучнай карупцыйнай справе прайшоў 15 студзеня ў эфіры тэлеканала "Беларусь-1", паведамляе БЕЛТА.
Былы камандуючы ВПС і войскамі СПА Ігар Азаронак 12 снежня 2011 года асуджаны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда да 9 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму і з канфіскацыяй усёй маёмасці. Ён прызнаны вінаватым па ч. 3 арт. 430 (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры) КК, пазбаўлены звання генерал-маёра.
Другі фігурант справы — грамадзянін Расіі Андрэй Машкаўцан — прызнаны вінаватым па ч. 5 і 6 арт. 16 (саўдзел у злачынстве) і па ч. 3 арт. 430 (падбухторванне і дапамога ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры). Ён асуджаны да 6 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму.
А. Машкаўцан, цяпер ужо ў мінулым начальнік аддзела аднаго з расійскіх заводаў, выйшаў на свайго былога аднакласніка І. Азаронка з прапановай пралабіраваць інтарэсы прадпрыемства пры правядзенні дзяржзакупак абсталявання на патрэбы ВПС і СПА Беларусі. Станоўчае рашэнне пытання было ацэнена ў $46 тыс., з іх былому генерал-маёру належала больш за $32 тыс. Палову гэтай сумы ён атрымаў 19 снежня 2010 года наяўнымі. Астатнія грошы А. Машкаўцан прывёз у Мінск 20 снежня на банкаўскіх картках. Пры спробе зняць з іх грошы прыяцелі былі затрыманыя супрацоўнікамі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (ГУБЭЗ) МУС Беларусі.
Пры гэтым былы камандуючы ВПС і СПА быў нямала здзіўлены, што яго дзеянні палічылі супрацьпраўнымі. "Ён да апошняга лічыў, што не здзейсніў нічога заганнага. Выказаў версію, што яго сябар прыехаў купляць машыну. Але гэтым уласна і абмяжоўвалася ахоўная лінія паводзін", — адзначыў начальнік ГУБЭЗ МУС Эдуард Нікіцін. Што датычыцца грошай, атрыманых напярэдадні, то палову з іх, больш за $16 тыс., І. Азаронак паспявае патраціць за ноч, нібыта на асабістыя патрэбы. Паводле яго слоў, гэтую суму яму пазычылі.
І. Азаронак і А. Машкаўцан супрацоўнічаць са следствам адмовіліся, абодва сцвярджалі, што іх падставілі. Аднак на пытанні, адкуль узяліся грошы і на якія патрэбы яны былі прызначаны, адказаць так і не змаглі. Больш за тое, як удалося ўстанавіць аператыўнікам, "у Машкаўцана і Азаронка былі вялікія планы: на наяўныя ў іх карткі маглі ў далейшым бесперашкодна пералічвацца сродкі для рашэння пытанняў па пастаўцы абсталявання" па шэрых схемах, распавёў Эдуард Нікіцін.
Істотную падтрымку ў раскрыцці гэтай справы беларускім праваахоўнікам аказаў Следчы камітэт Расіі.