Законы ад жыцця

Источник материала:  

Сёлетняе 13 студзеня прыкметнае далёка не толькі тым, што прыпала на пятніцу. Менавіта ў гэты дзень 15 гадоў таму новаўтвораная ў беларускім парламенце верхняя палата сабралася на першае пасяджэнне. Пра лёсавызначальныя заканадаўчыя набыткі, ролю сенатараў у жыцці рэгіёнаў і развіцці інтэграцыі з іншымі дзяржавамі, прагнозы наконт сёлетніх парламенцкіх выбараў — у гутарцы са старшынёй Савета Рэспублікі Анатолем РУБІНАВЫМ.

— Анатоль Мікалаевіч, якія, на ваш погляд, галоўныя здабыткі гэтых 15 гадоў парламентарызму?

Законы ад жыцця— Самае галоўнае, што 15 гадоў таму быў сфарміраваны ўвогуле новы тып парламента — двухпалатны. Такая структура забяспечвае большую ўстойлівасць у дзяржаве. Вельмі важна, што ёсць дзве палаты, якія па-рознаму глядзяць на заканадаўчы працэс. Дэпутаты працуюць на прафесійнай аснове і, мабыць, больш спецыялізуюцца на заканатворчай дзейнасці. Сенатары разглядаюць гэтыя законы ад жыцця. Верхняя палата (у якой прадстаўлены людзі з вялікім жыццёвым і вытворчым вопытам, аўтарытэтам, звычайна кіраўнікі) можа зверху крытычна паглядзець, падрэгуляваць. Гэта дадатковая фільтрацыя законапраектаў. Больш за 1600 законаў за гэты час было прынята. Па сутнасці, створана нанава ўся заканадаўчая аснова дзяржавы.

— Чым вылучылася чацвёртае скліканне?

— Нямала адказных рашэнняў выпала на нашу долю. Перыяд такі — энергічны, зменлівы. Гэта цэлы блок законаў, якія датычаць эканомікі: фінансава-крэдытная сфера, падатковыя пытанні, лібералізацыя, развіццё прыватнага прадпрымальніцтва. Працягваецца, натуральна, і дзяржаўнае будаўніцтва. Як заўжды, вялікае месца займаюць тыя законы, што датычаць правоў грамадзян і сацыяльнай абароны. Асаблівасцю чацвёртага склікання можна назваць тое, што нам давялося ратыфікаваць больш за 80 міжнародных дакументаў, звязаных з утварэннем Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы — кірунак абсалютна новы для нас, работа па ім будзе працягвацца. А таксама, павінен заўважыць, у нас вельмі моцны прэзідыум (<І>кіраўнікі камісій, якія працуюць на пастаяннай аснове. — Аўт.). Людзі, якія "хварэюць" за дзяржаву, жывуць яе інтарэсамі, нічога іншага ў іх няма, яны суперпрафесіяналы, сапраўдны мазгавы цэнтр. Працуем мы ў свабодным дэмакратычным рэжыме — адкрыта абмяркоўваем усе актуальныя праблемы і найлепшыя шляхі іх вырашэння.

— Якая роля сенатараў у прасоўванні інтарэсаў Беларусі на міжнароднай арэне?

— З 60 краінамі ў нас усталяваны міжпарламенцкія кантакты. Больш як 40 міжпарламенцкіх рабочых груп утворана ў беларускім парламенце. Мы не абмяжоўваемся абмеркаваннем палітычных пытанняў: у парламенце прасоўваюцца і эканамічныя інтарэсы.

Самае галоўнае на парадку дня сёння — уступленне ў АЭП. Няпростая штука — агульны рынак: хто куды будзе перацякаць, хто куды з'едзе, хто каго закідае таварамі. Нас яшчэ чакае ўжыванне ва ўсё гэта і знаходжанне слушных балансаў.

Тут, скажам прама, асноўную ролю адыгрывае наша кіраўніцтва, безумоўна, наш Прэзідэнт. Менавіта яго цвёрдая, нязменная, паслядоўная пазіцыя, вельмі моцныя валявыя якасці і ўменне бачыць перспектыву прывялі да таго, што, нягледзячы на ўсе супярэчнасці, якія ёсць паміж дзяржавамі, усё ж такі прыйшло ўсведамленне з усіх бакоў таго, што трэба ўмацоўваць і Саюзную дзяржаву, і супрацоўніцтва ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы, будучага Еўразійскага эканамічнага саюза. Час інтэгравацца. Не таму, што гэта чыясьці палітыка: сама гісторыя падштурхоўвае краіны да таго. Цяпер усім былым удзельніцам СССР відавочна, што ў адзіночку ніводная з іх не зможа паспяхова існаваць у сённяшнім свеце.

Аднак прыняццю прынцыповых рашэнняў кіраўніцтва папярэднічае велізарная работа ў плане кантактаў паміж парламентарыямі. Атмасфера такіх сустрэч — звычайна поўнае ўзаемаразуменне. У гэтай частцы парламенты вельмі дапамагаюць. Яны ствараюць аснову як з пункту гледжання выпрацоўкі заканадаўчых актаў, вырашэння пытанняў, так і з пункту гледжання, прама скажам, псіхалагічнай. Важна, каб людзі сустракаліся, глядзелі ў вочы, разумелі адзін аднаго і адчувалі адзінства. Парламенцкі сход Саюза Беларусі і Расіі, міжпарламенцкія асамблеі СНД, ЕўрАзЭС, АДКБ збіраюцца рэгулярна. Разглядаюцца праблемныя пытанні, якія датычаць узаемадзеяння краін, напрацоўваюцца тыпавыя законы. Пасля яны аналізуюцца ў кожнай дзяржаве, і на іх аснове прымаюцца законы, з тым каб уніфікацыя была ў самым пачатку ўзаемадзення. Саюз Беларусі і Расіі — гэта ўсё роўна цэнтр крышталізацыі. Многае з таго, што будзе рабіцца ў рамках будаўніцтва Еўразійскага саюза, ужо напрацавана ў Саюзнай дзяржаве, у тым ліку і парламентамі.   — Анатоль Мікалаевіч, якія міжпарламенцкія кантакты былі найбольш выніковымі апошнім часам?

— Гэта, натуральна, Мытны Саюз, патэнцыйны Еўразійскі эканамічны саюз, Саюз Беларусі і Расіі набыў новае дыханне — таму і мы, парламентарыі, тут канцэнтруемся. Таксама наша стратэгічнае партнёрства з Кітаем, узаемадзеянне з краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі, Індыя вельмі важная, з Турцыяй цудоўныя кантакты, Паўднёвая Амерыка (асабліва інтэнсіўнае супрацоўніцтва з Венесуэлай). Сказаць, што заўтра ў нас будзе бязвізавы рэжым з ЕС — відаць, не. А вось што датычыць патэнцыйнага Еўразійскага эканамічнага саюза, будзе іншая сітуацыя ў плане эканомікі, жыцця людзей, іх магчымасцяў — гэта так. І сёння гэта самы вялікі прарыў.

— Баланс паміж Усходам і Захадам утрымліваць усё цяжэй?

— Магчыма, у меншай меры мы маем поспехі на заходнім кірунку. Але гэта не з намі звязана. З самага пачатку Прэзідэнтам была закладзена шматвектарная палітыка. Геаграфічна Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і павінна мець добрыя адносіны з усімі суседзямі на кантыненце. Гэта яе лёс, і іншага не дадзена, як бы цяжка ні было.

Супрацоўніцтва з еўрапейскімі краінамі, ды і з ЗША — гэта наш вялікі інтарэс. Не ўсё тут атрымліваецца, на жаль, але гэта ўжо не па нашай віне. Не было ніводнага выпадку, каб Беларусь на нейкую прапанову ці запрашэнне адказала: мы адмаўляемся. У беларускага кіраўніцтва абсалютна няма ніякага генетычнага непрыняцця Захаду. Мы з велізарнай павагай ставімся да тых дасягненняў цывілізацыі, якія назіраем сёння ў развітых краінах Заходняй Еўропы, ЗША, Японіі. Што мы не прымаем, дык гэта тое, калі прыходзяць і кажуць: рабіце вось так, апранайцеся гэтак, тут у вас павінен быць такі парадак, а калі не будзеце, мы вас пакараем. Згадваючы дэмакратыю, увесь час кажуць аб правах чалавека, а дзе ж правы дзяржавы, калі ёю можна распараджацца, аб'яўляць нейкія санкцыі? На такой аснове пабудаваць нічога нельга.

Наша самае вялікае жаданне — нармальна супрацоўнічаць з ЕС, магчыма, быць у гэтым Еўрасаюзе разам з Расіяй і іншымі. Аб'яднацца ўсім, як сказаў наш Прэзідэнт, — інтэграцыя інтэграцыі. Гэта таксама палітыка будучыні. Еўропа зараз спрабуе сілай, ёй хочацца хуткіх рашэнняў, а так не атрымаецца. Ну, яшчэ пастукаюць і ў рэшце рэшт зразумеюць: там, дзе нельга ўзяць сілай, можна — сяброўствам, ласкай і добрымі адносінамі. Калі вы зацікаўленыя, каб Беларусь была бліжэй да Заходняй Еўропы, трэба як мага больш супрацоўнічаць, а не ізаляваць.

— Як уплывае Савет Рэспублікі на жыццё ўнутры краіны?

— Па-першае, сумесная заканадаўчая дзейнасць з Палатай прадстаўнікоў пабудавана такім чынам, каб з самага пачатку нашы камісіі ўключаліся ў падрыхтоўку законапраекта — яшчэ да першага чытання. Каб не гуляць у гэтую гульню: нам паслалі, мы паморшчыліся, выказалі тры заўвагі, адаслалі назад — там паглядзелі, паправілі, зноў пераслалі. Такім займаюцца палітыканы. Мы сабе гэтага дазволіць не можам. Калі б мы без канца спрачаліся, мы б ніколі не прынялі гэтыя 1600 дакументаў.

Па-другое, мы ўзгадняем прызначэнні шэрагу вышэйшых службовых асоб — ёсць магчымасць пракантраляваць. Па-трэцяе, работа ў рэгіёнах з Саветамі дэпутатаў усіх узроўняў. Яна прадугледжвае ўдзел у сесіях, узаемны абмен інфармацыяй. Савет па ўзаемадзеянні, утвораны пры верхняй палаце парламента, каардынуе работу мясцовых Саветаў. Плённая практыка яго выязных пасяджэнняў, дзе разглядаюцца жыццёва важныя пытанні на прыкладзе канкрэтнага рэгіёна.

Па-чацвёртае, апошняе па ліку, але не па значнасці, — работа з насельніцтвам. Сенатарамі толькі ў 2011 годзе праведзена больш за 950 прыёмаў грамадзян і разгледжана 4,5 тысячы заяў. Я не сказаў бы, што мясцовыя органы ўлады так ужо моцна недапрацоўваюць. Як правіла, яны нармальна вырашаюць пытанні. Здараецца, недзе няўважліва паставіліся. Тады наша задача — звярнуць на гэта іх увагу. Іншая справа, калі ўлада ва ўсім разабралася і хоча дапамагчы, але рэальна магчымасці гэта зрабіць няма. Да таго ж, ёсць яшчэ і вечныя скаржнікі. Сустракаюцца, аднак, і людзі, якія нічога не просяць, а хочуць, каб пачулі іх прапановы. Гэта актыў. У іх шчырая зацікаўленасць — на гэты патэнцыял трэба абапірацца. Работа з насельніцтвам надзвычай важная ўжо проста таму, што калі парламент будзе адарваны ад жыцця, яго дзейнасць будзе бескарыснай.

— Не паспеем азірнуцца, як давядзецца вызначацца з новымі народнымі выбраннікамі. Цікава пачуць вашы прагнозы наконт сёлетніх парламенцкіх выбараў, Анатоль Мікалаевіч.

— Думаю, кампанія будзе вельмі актыўнай. Усё ж такі няпростая сітуацыя ў краіне склалался — пераважна па аб'ектыўных абставінах. Людзі нечакана для сябе апынуліся ў становішчы, калі было ўсё добра, танна, даступна, усё можна набываць, будаваць, куды заўгодна ездзіць — і тут раптам трэба эканоміць. Гэта псіхалагічна на іх падзейнічала, натуральна. Крытыкі ўлады будуць у гэтых умовах усяляк ажыўляцца і казаць: няправільная мадэль, не той шлях. Пэўны зарад няпоўнай задаволенасці ёсць і ў грамадстве: нейкія сумненні, мабыць, — ці туды мы ідзём. Выбары будуць няпростыя. Тыя, хто пойдзе на іх, павінны ўсведамляць, што ім трэба прадставіць людзям нешта такое, у што б яны паверылі.

— Цяперашні беларускі парламент часта папракаюць у дзіўнай для ўсяго свету адсутнасці апазіцыі...

— Мы ўсе зацікаўленыя ў тым, каб у парламенце была апазіцыя. Павінны быць у парламенце людзі, якія гавораць нешта іншае. Калі чалавек кажа слушна, трэба пагадзіцца і прыняць яго прапановы. Калі ён займаецца папулізмам, трэба ўказаць на гэта.

У заканадаўстве цяжкасцяў няма — партыі маюць права вылучаць свайго кандыдата, агітаваць за яго і так далей. Але праблема ў чым: што ж іх, за вушы туды цягнуць?! Сёння ўжо гучаць прапановы байкатаваць будучыя выбары. Папросту баяцца. Здабудзь трыбуну — і адтуль даказвай свае пазіцыі канстытуцыйнымі спосабамі. Нам не патрэбны рэвалюцыі, патрасенні. Нам патрэбен паступовы рух. Давайце абмяркоўваць слушныя прапановы. Не ментарскія непрадуманыя выказванні — ад іх толку няма. Прааналізуйце і скажыце нешта талковае. "Курс долара павінен быць такім, таму што...". Толькі дзякуй вам скажуць.

— Мабыць, стымулам для ўдзелу партый у выбарах стаў бы пераход да галасавання па партыйных спісах?

— Наступныя пасля сёлетніх выбары могуць прайсці па змешанай сістэме. Трэба падрыхтаваць грамадскую думку, стварыць партыі. Нейкія партыі ў Беларусі ёсць, але яны не адлюстроўваюць інтарэсаў насельніцтва. Калі "Белая Русь" захоча аформіцца ў партыю — няхай, але яна не павінна быць наменклатурнай. Адразу перайсці да партыйнай сістэмы нельга, але паступова прывіваць культуру трэба.

— У якім рэчышчы, на ваш погляд, павінен развівацца беларускі парламентарызм далей?

— Увогуле найбольш аптымальны для Беларусі курс (які парламент будзе замацоўваць у законах) на найбліжэйшы час, гадоў 15, — гэта максімальная эканамічная свабода пры моцнай палітычнай уладзе.

Ала МАЧАЛАВА.

←В Гомеле Полякова и Непомнящих отпустили из ОВД без составления протокола

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика