На прадпрыемстве "Віцебскліфт" былі створаны спрыяльныя ўмовы для злоўжыванняў і крадзяжоў

Источник материала:  
10.01.2012 15:58 — Новости Общества

На прадпрыемстве "Віцебскліфт" былі створаны спрыяльныя ўмовы для злоўжыванняў і крадзяжоў


Пры праверцы ААТ "Віцебскліфт", праведзенай супрацоўнікамі Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці, былі выяўлены шматлікія грубыя парушэнні заканадаўства ў рабоце з металам пры вытворчасці металапрадукцыі. На думку кантралёраў, многае сведчыць пра тое, што ў таварыстве створаны ўмовы для крадзяжоў і злоўжыванняў, у тым ліку для вытворчасці не ўлічанай прадукцыі.

Кантралёры высветлілі, што ўсяго з парушэннямі было выкарыстана (у перыяд з пачатку 2009 года па чэрвень мінулага) 468 тон металу на суму 1,2 мільярда рублёў. Як вызначылі кантралёры, гэтаму спрыяла адсутнасць распрацаваных і зацверджаных палажэнняў, якія рэгламентуюць функцыі, абавязкі і адказнасць структурных падраздзяленняў. Роля наглядальнай рады таварыства звялася да разгляду пытанняў аб грашовых выплатах дырэктару і прадстаўнікам дзяржавы ў гэтай радзе...

Спісанне металу ў вытворчых справаздачах адбывалася не па фактычным расходаванні, а выключна па нормах, якія вызначаліся майстрам вытворчага ўчастка, нікім не правяраліся і не былі абгрунтаваныя канструктарскай і тэхналагічнай дакументацыяй... Інвентарызацыі ў ААТ праводзіліся фармальна, без пераліку фактычных рэшткаў таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў. Галоўны бухгалтар, з'яўляючыся старшынёй інвентарызацыйнай камісіі, спасылалася на занятасць на "асноўнай" працы і не прысутнічала пры правядзенні інвентарызацыі. Пры гэтым у справаздачах падчас спісання металаў дапускаліся арыфметычныя памылкі з дзесяціразовымі адхіленнямі ад нормаў!

Па патрабаванні Камітэта дзяржкантролю была праведзена інвентарызацыя металаў, якія знаходзяцца на складзе і вытворчых участках. У выніку выяўлена 35 тон няўлічанага металу на суму 38 мільёнаў руб. Да таго ж металапракат знаходзіўся на захоўванні ў месцах, для гэтага не прызначаных, у тым ліку на тэрыторыі двара. Членам камісіі даводзілася ўдакладняць, за якой матэрыяльна-адказнай асобай "замацаваны" каштоўнасці, размешчаныя на двары, а таксама ў пераходах вытворчых памяшканняў. Пры гэтым складскія памяшканні былі перагружаны састарэлымі матэрыяламі, якія страцілі першапачатковыя якасці.

Усё вышэйназванае, на думку кантралёраў, сведчыць пра тое, што ў таварыстве створаны ўмовы для крадзяжоў і злоўжыванняў, у тым ліку для вытворчасці няўлічанай прадукцыі. Варта адзначыць, што выяўленыя грубыя парушенні ў таварыстве з'яўляюцца сістэматычнымі.

Аналагічныя парушэнні Камітэтам выяўляліся і раней. Пры гэтым у таварыстве была створана рэвізійная камісія, якая штогод праводзіць праверкі выканання заканадаўства падчас ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасці і дае справаздачу аб сваёй працы. Аднак парушэнні па нармаванні сыравіны і працоўных выдаткаў, парадку ўліку і выкарыстання металу, налічэнні заработнай платы ёю не ўстанаўліваліся. Цікава, што ў кантракце з дырэктарам, падпісаным (ад імя наглядальнай рады) галоўным бухгалтарам, не прадугледжана адказнасць кіраўніка за выкананне заканадаўства пры ажыццяўленні таварыствам фінансава-гаспадарчай дзейнасці. Больш за тое, сам дырэктар сцвярджае, што... не мае магчымасці кантраляваць выкананне абавязкаў работнікамі па прычыне сваёй занятасці. Як той казаў, без каментарыяў... 

←С 11 января вносятся изменения в трассу автобуса № 59

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика