Кабачковая ікра ў кашэрным варыянце
Кашэрныя кансервы пачалі вырабляць на ААТ "Быхаўскі кансервава-гароднінасушыльны завод".
Ікру з кабачкоў і гарбузоў, фасолю, розныя кетчупы і варэнне з журавін адпраўляе прадпрыемства з горада Быхава ў Расійскую Федэрацыю, прычым вялікімі партыямі ў сотні тысяч слоікаў. Усе гэтыя кансервы маюць знак "Кашэр Расіі" і вырабляюцца пад наглядам рабіна ў адпаведнасці з патрабаваннямі кашрута і зборам яўрэйскіх законаў аб ужыванні прадуктаў. Рабін, які прыязджае з Магілёва, перад пачаткам вытворчасці праводзіць рытуал: моліцца, распальвае ў кацельні агонь.
Нядаўна на прадпрыемстве пабывала інспекцыя з Ізраіля: у Быхаве разлічваюць наладзіць пастаўкі і на рынкі далёкага замежжа. У Ізраілі і ЗША ёсць вялікія магчымасці для збыту кашэрнай ежы.
Прычым бліжэйшым часам кансервавы завод павялічыць асартымент кашэрнай прадукцыі — гэта будуць джэмы і сокі. Аднак на паліцах беларускіх крам пакуль ёсць толькі звычайная, а не кашэрная прадукцыя Быхаўскага кансервава-гаронінасушыльнага завода.
Ілона Іванова.
І давёў прадпрыемства да банкруцтва
Паводле інфармацыі Віцебскай абласной інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах, таварыствам з дадатковай адказнасцю, якое ажыццяўляе дзейнасць у Віцебскай вобласці, былі аформлены здзелкі з ілжэпрадпрымальніцкімі структурамі. І ў выніку такіх незаконных аперацый прадпрыемствам у значным аб'ёме была заніжана выручка, фактычна атрыманая ад рэалізацыі тавараў.
Дырэктар прадпрыемства сваімі дзеяннямі нанёс шкоду дзяржаве і прывёў прадпрыемства да банкруцтва. За гэта ён быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Прыгаворам суда з дырэктара таксама спагналі 3,5 мільярда рублёў за нанесеную шкоду. Акрамя таго, рашэннем гаспадарчага суда Віцебскай вобласці на вінаватага была ўскладзена матэрыяльная адказнасць у памеры 2,1 мільярда рублёў.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.