Прыгажуня з глыбінкі
Зусім нечакана ў глыбінцы, Налібоцкай пушчы, у магазіне сустрэць за прылаўкам такую прыгажуню. Вольга Жукавень у свой адрас толькі і паспявае прымаць кампліменты. Не дзіва, што ў магазіне пастаянна ёсць наведвальнікі.
У вёсцы Пруды, якую яна абслугоўвае, больш за 260 двароў. Усіх сваіх пакупнікоў Вольга добра ведае — сама яна родам з гэтай вёскі. Закончыла гандлёва-эканамічны каледж, мае некалькі спецыяльнасцей, сярод іх і прадаўца.
Цяжка выйсці з прудскога магазіна без пакупкі. Вольга Леанідаўна стараецца, каб вяскоўцы маглі на месцы купіць усё, што ім трэба да стала, а таксама прамысловыя тавары першай неабходнасці, каб асартымент магазіна быў, як у горадзе, хоць ад райцэнтра крама на адлегласці 50 кіламетраў. Калядны настрой у магазіне ствараюць падарачныя наборы, упрыгожаная зала і прыветлівы твар прадаўца.
Канешне ж, работа ў Вольгі Жукавень нялёгкая. Яна адна спраўляецца з усімі абавязкамі.
І спраўляецца адмыслова — у мінулым годзе па вытворчых паказчыках прудскі магазін быў у лідарах у Стаўбцоўскім раёне.
Ці трэба гаварыць, як удзячны вяскоўцы маладому прадаўцу за яе працу, павагу да іх патрэб і за ветлівае гандлёвае абслугоўванне. А ў многіх прыезджых вёска Пруды доўга будзе асацыіравацца з усмешкай Вольгі Жукавень.