Удзельнікі і госці Каляднага турніру лічаць, што Мінск выдатна справіцца з правядзеннем чэмпіянату свету-2014

Источник материала:  

Лядовыя палацы, што з'яўляюцца ў нашай краіне як грыбы пасля дажджу, дазваляюць прылучацца да спорту змалку. Беларускія зоркі ў галерэі славы сусветнага хакея абуджаюць гонар за дзяржаву. А непаўторная атмасфера матча змушае набываць абанементы цэлымі сем'ямі. Гэтымі днямі ў айчынных аматараў хакея сапраўднае свята: у сталіцы праходзіць VІІІ Калядны турнір на прыз Прэзідэнта Беларусі. Сюды з'ехаліся сапраўдныя хакейныя "зоркі", алімпійскія чэмпіёны і чэмпіёны свету. І самы высокі ўзровень нам па плячы.

Заваяванае права прымаць у сябе чэмпіянат свету ў 2014 годзе — чаканая падзея і для прафесіяналаў, і для аматараў хакея ў Беларусі. Тым часам па той бок Атлантыкі мяркуюць, што сусветнаму першынству тут не месца. Нядаўна зацверджаны прэзідэнтам ЗША Баракам Абамам заканадаўчы акт утрымлівае, апроч санкцый у адрас Беларусі, яшчэ і заклік да Міжнароднай федэрацыі хакея адмяніць рашэнне аб правядзенні чэмпіянату свету 2014 года ў Мінску. Амерыканскі кангрэсмен Крыс Сміт, які распрацаваў праект закона, такім чынам, папоўніў чаргу заходніх палітыкаў, якія выступаюць за адмену чэмпіянату ў беларускай сталіцы. У свой час аналагічную прапанову вылучаў старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек.

Аднак для адмены мерапрыемства такога ўзроўню патрабуюцца аргументы больш важкія, чым жаданні палітыкаў. У гісторыі наогул няшмат падобных прэцэдэнтаў. Свежы прыклад: месца правядзення чэмпіянату свету па фігурным катанні змянілі толькі пасля землятрусу і цунамі ў Японіі. Беларусь, нагадаем, знаходзіцца ў зоне слабай сейсмічнай актыўнасці, таму цунамі ёй не страшныя. А пакуль ахвотнікі адмяніць чэмпіянат у нашай краіне робяць заявы, Беларусь спакойна вядзе будаўніцтва неабходных аб'ектаў і выконвае ўсе заяўленыя ўмовы. Хакейны дух Беларусі ацанілі па заслугах і госці VІІІ Каляднага турніру аматараў хакея.

Гюнтэр Штокхамер, нападаючы аматарскай каманды Аўстрыі, удзельнік усіх васьмі Калядных турніраў:

— Я даўно працую трэнерам, пабываў на шматлікіх спаборніцтвах, у тым ліку аматарскіх, і магу сказаць, што мінскі Калядны турнір ва ўсім свеце каціруецца вельмі высока. Гэта сур'ёзныя спаборніцтвы, і быць запрошаным сюды — вялікі гонар. Удзельнікі тут збіраюцца ўсё больш моцныя, і на трыбуны прыходзіць шмат балельшчыкаў. Я прыехаў у Беларусь ужо ў 12 ці 13 раз. Удзельнічаў не толькі ва ўсіх васьмі Калядных турнірах, але і наведваў іншыя міжнародныя спаборніцтвы — Кубак Палесся ў Гомелі, юніёрскія чэмпіянаты свету ў Мінску і Бабруйску. Усе гэтыя турніры вызначаліся высокім узроўнем. Таму я не сумняваюся, што і з правядзеннем дарослага чэмпіянату свету-2014 Мінск выдатна справіцца. Таксама хачу сказаць вялікі дзякуй Беларусі за тое, што ў яе ёсць жаданне і магчымасць яго правесці. Ці чакаў, што згуляем з беларусамі ўнічыю? Так, вядома. Мы прыехалі перамагаць, хоць і вельмі сябруем з камандай гаспадароў. Але сяброўства толькі пасля гульні. Так, гэты вынік з'яўляецца сюрпрызам, бо беларусы мацнейшыя за нашых хакеістаў. Але сёлета мы сур'ёзна рыхтаваліся і выглядаем лепш у параўнанні з папярэднім турнірам.   Кары Хейкіля, галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі, на турніры выступае за каманду Фінляндыі:

— Я ўпершыню за апошнія пяць гадоў удзельнічаю ў такім сур'ёзным турніры. Раней гуляць даводзілася часцей, таму сёння на лёдзе было крыху цяжкавата. Сустрэў сваіх знаёмых у камандах Фінляндыі і Швецыі, былі вельмі рады пабачыцца. Прыемна, што Калядны турнір спрыяе такім сустрэчам. Увогуле ж гэтыя спаборніцтвы — выдатная прапаганда хакея. Столькі балельшчыкаў прыйшло! Не ўсюды на аматарскім турніры пабачыш столькі гледачоў. Прыемна, што ў Беларусі так любяць хакей. Галоўнае — каб каманда Фінляндыі не прайгравала, тады ў мяне з сябрамі будзе ўвогуле выдатны настрой.

Валерый Каменскі, алімпійскі чэмпіён, трохразовы чэмпіён свету, уладальнік Кубка Стэнлі, нападаючы каманды Расіі:

— Гэты турнір даўно называюць чэмпіянатам свету сярод ветэранаў. Калі глядзець склад каманд, то ў большасці сваёй збіраюцца адны прафесіяналы. Прычым большасць прыязджае на турнір з года ў год, бо арганізацыйны ўзровень і атмасфера выдатныя. Я, напрыклад, прыязджаю ў Мінск трэці год запар. Наша каманда выступае традыцыйна ў Лядовым палацы, ніякіх прэтэнзій да яго ў мяне няма. Як і да ўсёй арганізацыі. Упэўнены, што і чэмпіянат свету-2014 Беларусь прыме на самым высокім узроўні, які ацэняць і балельшчыкі, і госці, і Міжнародная федэрацыя.

Аляксандр Мядзведзеў, старшыня праўлення Кантынентальнай хакейнай лігі, капітан каманды Расіі:

— Па напале барацьбы гульні Каляднага турніру не адрозніваюцца ад паядынкаў чэмпіянату свету. Галоўнае — задавальненне, якое атрымліваюць балельшчыкі, калі бачаць прыгожы хакей, шмат яркіх камбінацый. Бо мы гуляем найперш для іх. Я даўно прапаноўваў арганізатарам папрацаваць над рэгламентам (і сёлета ў яго ўнесены першыя змены), каб Калядны турнір можна было ўключыць у каляндар Міжнароднай федэрацыі хакея. Бо па ўсіх астатніх кампанентах гэта спаборніцтвы самага высокага ўзроўню.

Зоя ВАРАНЦОВА, Алена КРАВЕЦ.

←Слонимский архиепископ Гурий удостоен премии "За духовное возрождение"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика