Белакніжнікі
"Няма больш сумнага чытання, чым кнігі пра кнігі", — казаў Стэфан Цвейг. Але ён сам, акрамя таго, што пісаў кнігі, быў добры бібліяфіл...
Міхася Казлоўскага ніколькі не бянтэжыць гэтае выказванне: акрамя таго, што ён любіць кнігі чытаць, сам піша пра іх. І спадзяецца, што тым, хто будзе чытаць яго новую кнігу "Да кніжных скарбаў дакрануся...", сумаваць за чытаннем не давядзецца.
Надта своеасаблівую тэму даследуе краязнаўца і пісьменнік Міхась Казлоўскі — бібліяфільства Беларусі. Тэма гістарычная: здаўна на нашай зямлі кнігу шанавалі, а кнігі збіралі. Існавалі вялікія кніжныя зборы, якія належалі вядомым родам. Праўда, мала што з гэтых збораў цяпер ёсць у Беларусі. Затое ў нас па-ранейшаму шмат людзей, якія збіраюць кнігі. Яны могуць быць рознай тэматыкі, на розных мовах: на польскай, яўрэйскай, нямецкай і іншых... Але на думку Міхася Казлоўскага, беларускія бібліяфілы — менавіта беларускія бібліяфілы. Яны збіраюць найперш кнігі пра Беларусь, напісаныя па-беларуску.
— Я не лічу сябе пісьменнікам, літаратуразнаўцам, але заўсёды гляджу на тое, чаго ў нас не хапае, — гаворыць Міхась Казлоўскі. — Калі я бачыў, што на маёй Маладзечаншчыне няма кніжкі пра навучальныя ўстановы нашага краю, я напісаў "Галасы разбуджаных птушак". Я напісаў пра навучальныя ўстановы, якія былі ў нас, у тым ліку пра Радашковіцкую беларускую гімназію. Вядома, што было чатыры беларускія гімназіі ў Заходняй Беларусі "пад Польшчай": у Радашковічах, Клецку, Навагрудку, Вільні. А ў нас няма ніводнай кнігі пра іх. Вырашыў зрабіць тое, што было ў маіх сілах — а мне пашчасціла ведаць некаторых людзей, якія вучыліся ў Радашковіцкай гімназіі. Я з імі паспеў паразмаўляць. І дзякуючы таму, што ведаў першую жонку Браніслава Тарашкевіча Веру Андрэеўну, якая валодала добрай памяццю і магла падзяліцца ўспамінамі, паспрабаваў аднавіць карціну адукацыі на Маладзечаншчыне. Паспрабаваў у той жа кнізе зрабіць партрэты людзей, пра якіх ужо забыліся. Мы да гэтага часу не напісалі пра Адама Бельцюкевіча. Гэта ўраджэнец Радашковічаў — чалавек, які фактычна першую кнігу напісаў пра эканоміку Еўропы і выдаў яе ў 1926 годзе ў Вільні. А што мы пра яго ведаем?.. Другая кніжка была пра Адольфа Клімовіча, яна называлася "Нашчадак слаўных крывічоў". А потым з'явілася кніга "Пра кніжнікаў і кнігі". У другім раздзеле ў ёй было змешчана ліставанне. Фактычна выданне "Да кніжных скарбаў дакрануся..." ад той кнігі адрозніваецца тым, што мы вырашылі апусціць ліставанне. І назву змянілі...
Рэдактар выдання Мікалай Станкевіч (выдавецтва "Літаратура і мастацтва") адзначыў, што яго прыцягнула сама асоба аўтара кнігі, але асабліва — тэмы: Казлоўскі раскрывае розныя аспекты айчыннага бібліяфільства. І што асабліва каштоўна: у яго вельмі добрая мова, натуральнае беларускае слова.
— Я заўсёды з зайздрасцю глядзеў на расійскую бібліяфільскую літаратуру, — прызнаецца Міхась Казлоўскі. — Яна там існавала і існуе да гэтага часу, але ў нас, на вялікі жаль, па сутнасці, такой не было. Была кніжка Дзмітрыя Мароза, але пра расійскую класіку, пра лёсы пісьменнікаў, сярод якіх адзін быў беларускі — Янка Купала. Я лічу, што такія кнігі трэба рабіць больш набліжанымі да Беларусі. Але мне здавалася, што гэта хутчэй літаратуразнаўчы зборнік. Бібліяфільская літаратура трошкі адрозніваецца: яна ставіць на мэце абуджаць цікавасць да кнігі шырокіх чытацкіх колаў, у той час як літаратуразнаўцы загадзя ведаюць, для каго пішуць. Таму асабліва на фоне таго, што ў нас змяншаецца колькасць чытачоў, мне было вельмі цікава закрануць тэму бібліяфільства на Беларусі. Было складана, я нават не ведаў спачатку, якія тэмы кранаць, а якія не. Пра што гаварыць, а пра што не. І не таму, што мне нехта нешта забараняў — было ўнутранае пытанне: ці будзе гэта цікава? Ці гэта патрэбна? Таму склаў сінтэзаваны зборнік. Але рабіў з маленькай хітрынкай: калі такую літаратуру пісаць у энцыклапедычным стылі, то шмат чытачоў не знойдзеш. Калі даваць толькі факты: колькі было бібліятэк, выдавецтваў і гэтак далей. Магчымасці пашырала выкарыстанне такіх жанраў як нарыс, эсэ, у якіх распавядаў пра свае вандроўкі ў іншыя краіны, пра тое, як знаходзіў пэўныя архівы, якое ўражанне выклікалі некаторыя дакументы...
Лёсы людзей, з якімі сустракаўся Міхась Казлоўскі, таксама адметныя. Кніжнікі, як правіла, людзі вельмі сціплыя, светлыя, якія нібыта ўвесь свет носяць у сваёй галаве. Вядома, столькі чытаць... Партрэты некаторых з такіх асоб таксама ёсць у кнізе. У ёй ёсць нарысы пра людзей, невядомых шырокаму колу. Яны былі настаўнікамі, дырэктарамі школ, працавалі ў глыбінцы, але яны былі апантаныя бібліяфілы. Іх на гэтым свеце ўжо няма, але пра кожнага аўтар успамінае з вялікай радасцю, што яны былі ў яго жыцці. Напрыклад, выданне "Да кніжных скарбаў дакрануся..." прысвечана менавіта такому чалавеку — Віктару Піліпавічу Казлоўскаму. Аўтар лічыць яго адным са сваіх настаўнікаў: ён быў вялікі кніжнік. Пражыў вельмі складанае жыццё, вучыўся ў польскай гімназіі, пазней — у Віленскай настаўніцкай семінарыі, і так атрымалася, што падчас вайны. За гэта атрымаў па поўнай — недзе 25 гадоў зняволення. Маладога, яго ў 44-м годзе выслалі з Беларусі, ён адбыў свой тэрмін і вярнуўся на радзіму, працаваў настаўнікам. Ужо пазней Віктара Казлоўскага рэабілітавалі. У яго была добрая бібліятэка для таго часу: збіраў кнігі мэтанакіравана. Так склаўся лёс, што ў яго не было сям'і. А ў аўтара кнігі Міхася Казлоўскага з малых гадоў не было бацькоў. Па сутнасці, гэты чалавек стаў яму бацькам.
— Я шкадую, што ніколі яму не сказаў: "Ты для мяне як бацька", — кажа Міхась Казлоўскі. — Мы заўсёды саромеемся нейкіх праяў чуллівасці і часта не паспяваем людзям сказаць добрыя словы. Таму хоць бы ў кнізе я пастараўся гэта зрабіць.
Ларыса ЦІМОШЫК.