Такая небяспечная салата
Святочнымі траўмамі давялося апошнімі днямі займацца магілёўскім медыкам. Напярэдадні Новага года некалькі чалавек упалі з крэслаў падчас упрыгожвання ёлкі. Адзін мужчына моцна парэзаў руку, калі вырашыў дапамагчы жонцы прыгатаваць салату. Хлопчык 12 гадоў атрымаў паверхневы апёк рукі ад выбуху петарды. Прычынай паловы траўмаў, з якімі магіляўчане звярталіся ў святочныя дні ў траўмапункт, стала неасцярожнасць: паслізнуўся — упаў.
У выхадныя дні "хуткая дапамога" атрымала выклікаў больш на трэць: прыкладна 600 замест 400, як звычайна. Многія выезды медыкаў датычыліся атручэнняў няякаснымі прадуктамі і абвастрэнняў хранічных хваробаў у сувязі з ужываннем алкаголю і проста пераяданнем.
Новы год у медыцынскім выцвярэзніку Магілёва сустрэў толькі адзін чалавек: жыхара Шклова міліцыянеры падабралі на чыгуначным вакзале, і самастойна ён не здолеў бы дабрацца дадому. Але ўжо на наступны дзень у выцвярэзніку налічвалася з дзясятак чалавек, сярод якіх аказалася і жанчына ўзростам за 50 гадоў.
П'яны вадзіцель пратараніў тры аўтамабіліУжо ў першы дзень новага года інспектары ДАІ затрымалі на дарогах Магілёўскай вобласці 29 нецвярозых вадзіцеляў, і гэта прыкладна ўдвая болей, чым звычайна. Яшчэ 12 вадзіцеляў адхілілі ад кіравання аўтамабілямі 2 студзеня.
Паводле паведамлення Магілёўскай ДАІ, 1 студзеня ў Бабруйску і Касцюковіцкім раёне пацярпелі ад наездаў аўтамабіляў два нецвярозыя пешаходы, якія атрымалі траўмы.
У Магілёве 2 студзеня адбылося ДТЗ, віноўнікам якога аказаўся п'яны вадзіцель. Каля 19 гадзін на вуліцы Якубоўскага аўтамабіль "Альфа Рамэа" сутыкнуўся з двума іншымі аўтамабілямі. Пасля гэтага "Альфа Рамэа", якім кіраваў 29-гадовы жыхар абласнога цэнтра, на бліжэйшым скрыжаванні выехаў на сустрэчную паласу, дзе пасля сутыкнення з "Опелем" нарэшце канчаткова спыніўся.
Усе аўтамабілі атрымалі механічныя пашкоджанні. Людзі моцна не пацярпелі: тры пасажыры "Опеля" былі дастаўлены ў бальніцу, дзе ім аказалі медыцынскую дапамогу і адпусцілі дадому. Ап'яненне маладога вадзіцеля "Альфа Рамэа" ацэньваецца, паводле інфармацыі ДАІ, у 2 праміле, хоць лічыцца, што ўжо 0,3 праміле алкаголю ў крыві — гэта п'яны чалавек, які не мае права сесці за руль аўтамабіля.
Ілона Іванова. Эфектныя былі выбухі...40-гадовы жыхар Рэчыцы дастаўлены ў афтальмалагічнае аддзяленне Гомельскай абласной спецыялізаванай клінічнай бальніцы з папярэднім дыягназам "камбінаваная механічна-тэрмічная траўма галавы і правага вока цяжкай ступені". Траўма стала вынікам пераднавагодніх выпрабаванняў петарды, набытай на тэрыторыі Расіі. Яшчэ чацвёра жыхароў Гомельшчыны, у тым ліку 8-гадовы хлопчык з вёскі Бывалькі Лоеўскага раёна, атрымалі траўмы рук рознай ступені цяжкасці ў выніку забаў з выбухова-небяспечнымі прыладамі.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.