Снягурка + Дзед Мароз, або Гісторыя пра Звычайны Цуд у Чароўную ноч

Источник материала:  

Гэта магло ніколі не адбыцца. Збег абставін. Супадзенне выпадковасцяў... Мяркуйце самі.

Для таго, каб ім сустрэцца, трэба было, каб яго маці зацяжарала яго малодшым братам, і бацькі вырашылі канчаткова вярнуцца з Мурманска, дзе бацька служыў на субмарыне, у Беларусь. Так адлегласць паміж імі была скарочана на 1823 кіламетры, а да сустрэчы заставалася 17 гадоў. Аднак калі ён пасля школы паступіў у Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, то стаў далей ад яе на 99 кіламетраў. Наступны крок зрабіла яна. Здавалася б, што ў сям'і, дзе і бацька, і маці — культуролагі, цалкам натуральна, што і дачка абрала для атрымання вышэйшай адукацыі Універсітэт культуры. Ніхто на планеце Зямля не здагадваўся, што насамрэч яна стала бліжэй да яго на 40 кіламетраў, і менавіта гэтая ВНУ патрэбна была, каб яны сустрэліся праз два з паловай гады. За гэты час адлегласць паміж імі то зноў павялічвалася (але ўжо не нашмат: ён служыў на мяжы з Польшчай і Літвой), то скарачалася... Пакуль, нарэшце, яны не апынуліся ў адным горадзе.

Якая верагоднасць сустрэцца ў двухмільённым мегаполісе 19-гадовай трэцякурсніцы БДУКМа і 24-гадоваму беспрацоўнаму аграхіміку з Ліды, які прыехаў да сябра ў госці?

Снягурка + Дзед Мароз, або Гісторыя пра Звычайны Цуд у Чароўную ночЯны, вядома, маглі апынуцца ў адным вагоне метро, маглі адначасова пераходзіць вуліцу ў цэнтры горада або абраць адзін і той жа пакунак мандарынаў у краме... Маглі сустрэцца і — прайсці міма.

Але ён прачытаў у газеце запрашэнне на кастынг у агенцтва, якое арганізоўвала візіты Дзеда Мароза, а ёй разам з аднакурсніцамі прапанавалі ў тым жа агенцтве падпрацоўку Снягуркі дзеля практыкі.

І зноў жа: яны маглі апынуцца ў розных камандах... Так, дарэчы, і атрымалася. У яго была іншая Снягурка, а ў яе — іншы Дзед Мароз. Але тады, у снежні 2003 года, на рэпетыцыях, арганізаваных тым самым агенцтвам, іх жыццёвыя шляхі перакрыжаваліся, а з 26 дня апошняга месяца трэцяга года новага тысячагоддзя яны пачалі сустракацца.

— Уладзімір быў дрэнным Дзедам Марозам, — прызнаецца Алена. — Ён не ведаў вершаў і песенек, а ў майго Дзеда Мароза была машына і мы маглі паспець значна больш...

Яны ездзілі па кватэрах і катэджах у Мінску і прыгарадзе і віншавалі дзяцей. Часам іх запрашалі на карпаратыўныя святы і ў рэстараны. Такая работа лепш аплачвалася, але яна была і больш складанай. Лена з таго часу не мае ніякага жадання сустракаць Новы год ва ўстановах грамадскага харчавання. А вось працаваць з дзецьмі ім падабалася.

— Здараліся выпадкі проста фантастычныя, — узгадвае Уладзімір. — Адзін з такіх адбыўся 31 снежня за гадзіну да Новага года ў Шабанах...

Ён пагадзіўся ехаць у Шабаны, бо, па-першае, там Дзеда Мароза і Снягурку чакала хворае дзіця, па-другое, у гэтага дзіцяці быў дзень нараджэння, і нарэшце, там было два заказы ў адным доме.

Ездзіць грамадскім транспартам было не проста нязручна. Самае галоўнае — што пераапранацца даводзілася ў пад'ездах, таму часу катастрафічна не хапала, і яны літаральна бегалі, узмыленыя, ад прыпынку да дома, ад адраса да адраса. 31 снежня ў 23 гадзіны яны пазванілі ў перадапошнюю кватэру ў адыходзячым годзе. Адчыніў дзверы галава сям'і.

— Дзед Мароз? Мы не заказвалі!

Уладзімір, палічыўшы, што тата Новы год ужо як след адзначыў, ветліва адсунуў мужчыну ўбок і на правах галоўнага госця прайшоў у пакой.

— У каго тут дзень нараджэння?! — спытаў ён гучна і строга дадаў прыглушаным голасам у бок дарослых: — Дзе падарунак дзіцяці?

Снягурка + Дзед Мароз, або Гісторыя пра Звычайны Цуд у Чароўную ночНа першае пытанне яму адказалі, паказаўшы на аслупянелае ад захаплення 8-гадовае дзяўчо, а на другое ён адказу так і не атрымаў. Нічога не заставалася, як уручыць дзяўчынцы шакаладку, якая была ў кішэні, і кампенсаваць такі сціплы падарунак зарадам вяселля. Па вачах дзіцяці было відаць: чараўніцтва атрымалася!

І толькі калі Дзед Мароз са Снягуркай выходзілі з кватэры, яны пачулі, што іх на лесвіцы шукаюць іншыя людзі, і яны зразумелі, што памыліліся адрасам. Аднак адчуванне цуду кранулася і іх саміх — бо там, куды яны зайшлі выпадкова, у дзіцяці таксама быў дзень нараджэння!

— Я ніколі не паверыў бы, што так бывае, калі б гэта не здарылася са мной, — кажа Уладзімір. — Калі мы выйшлі з апошняй кватэры, да Новага года заставалася 10 хвілін. І тады я пазваніў у першыя дзверы, якія ўбачыў, сказаў: "Адчыніце, калі ласка! Дзед Мароз і Снягурка шукаюць, дзе сустрэць Новы год! Шампанскае і мандарыны ў нас ёсць!". І нам адчынілі, пасадзілі за стол. Але на спатканне з Аленай я ўжо не паспяваў.

Снягурка з другой каманды — Алена — дарэмна чакала яго каля "нулявога кіламетра" ў цэнтры Мінска.. Ёй здавалася, што спатканне на гэтым месцы ў гэтую ноч прызначылі сотні людзей. Сярод іх не было толькі Дзеда Мароза з літоўскім прозвішчам Ясюкайціс. Ёй было сумна, холадна і адзінока. Новы высакосны год пачаўся з расчаравання і падманутых надзей... Ці магла яна тады ведаць, што за ўсім гэтым хаваецца яе лёс і шчасце?

Гэта магло ніколі не адбыцца. Яны маглі больш не сустрэцца — Снягурка Алена, студэнтка 3 курса Універсітэта культуры, і Дзед Мароз Уладзімір, выпускнік Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта. У іх не было сотавых тэлефонаў, каб перанесці спатканне...

Але на яе пэйджар прыйшло паведамленне ад... агенцтва-арганізатара візітаў Дзеда Мароза і Снягуркі. Яе прасілі зрабіць яшчэ адзін візіт, апошні, — 3 студзеня. А паколькі амаль усе ўжо Дзяды Марозы і Снягуркі раз'ехаліся, то яны паехалі ўдваіх — Алена і Уладзімір. Гэта быў іх адзіны сумесны візіт. Вось тады яна і зразумела, што ён — кепскі Дзед Мароз, бо не ведае песенек і вершаў...

У гэтага Дзеда Мароза з іншай каманды, які так і не прыйшоў на спатканне з ёй а першай гадзіне 1 студзеня 2004 года, не толькі не было машыны. У яго не было грошай, каб зрабіць ёй падарунак. На Новы год ён падарыў ёй... шакаладку "Алёнка". Яна нават пакрыўдзілася. Яна не ведала, што гэта быў першы падарунак яе будучага мужа. Праз тры тыдні яны сталі жыць разам.

Гэта не магло не адбыцца. Яны — дзве супрацьлегласці, якія прыцягваюць адно адно. Ён — чалавек разважны, яна — эмацыйны. Калі ў яго не было грошай, ён падарыў ёй шакаладку. Калі ў яе не было грошай, яна на 25-годдзе падарыла яму расфарбаваную скрынку, у якую паклала 25 перавязаных шаўковай стужкай лістоў, і кожны пачынаўся: "А памятаеш..."

Самае дзіўнае, што яны ведалі адно аднаго толькі два з паловай месяцы, але яна, напэўна, магла напісаць і 25 тысяч лістоў, якія пачыналіся б: "А памятаеш..." Бо ў двух з паловай месяцах — больш за 100 тысяч хвілін...

Адзін з тых лістоў, вядома, быў пра Новы высакосны год і пра Дзеда Мароза, які не ведаў песенек, і Снягурку, якая дарэмна чакала ля "нулявога кіламетра"...

Гэта не магло не адбыцца. Мяркуйце самі. Яна — старэйшая сястра ў сям'і, дзе выраслі тры дачкі. Ён — старэйшы брат у сям'і, дзе выраслі тры хлопчыкі. Праз тры гады і два месяцы пасля знаёмства ў іх нарадзіўся сын Міраслаў. І, вядома, яны мараць пра траіх дзяцей...

— Хутка, — удакладняе ён.

— Так? — здзіўлена паглядае на яго яна.

Гэтага не магло не адбыцца. Бо іх сям'я вытрымала нястачу, няпростае станаўленне бізнэсу Уладзіміра, сумненні старэйшага пакалення. А гэта — сур'ёзны іспыт на трываласць. Быў час, калі сумненні сваіх бацькоў падзяляла і яна: маленькае дзіця на руках, а ён усе заробленыя грошы ўкладае ў развіццё фірмы, якая ўсё ніяк не прыносіць даходу.

Якраз у той час да яе прыехала сяброўка (яшчэ са студэнцкіх гадоў) і нагадала: "Чаго ты скардзішся на безграшоўе? Ты ж падчас вучобы ў Мінску скончыла курсы візажыста, у цябе ёсць магчымасць зарабіць самой!".

Уладзімір падтрымаў жонку, даў грошы на касметыку, яна зарэгістравалася як індывідуальны прадпрымальнік, дала аб'яву ў газету і... Спачатку была непрыемнасць. Нявеста, якой яна зрабіла першы макіяж, не змыла касметыку на ноч, а на наступны дзень у яе пачалася алергія.

Тым не менш яны справіліся. Летась, нарэшце, пачала прыносіць прыбытак і фірма Уладзіміра, і на дзень нараджэння Алены ён падарыў ёй машыну.

— Рэабілітаваўся за шакаладку, — смяецца яна.

Але самае галоўнае, з таго часу, як Алена адкрыла ўласную справу, яна стала лепш разумець мужа, асаблівасці яго бізнэсу, які звязаны з будаўніцтвам. Цяпер у іх ёсць яшчэ адзін, агульны бізнэс, які іх яшчэ больш збліжае.

Гэта не магло не адбыцца. Ім цікава разам. Яны любяць вандраваць (разам з Міраславам ад самых першых месяцаў яго жыцця), удзельнічаць у ТФП-здымках (гэта калі мадэлям не плацяць грошы, але дазваляюць карыстацца выявамі), у "Сямейных гонках на лімузінах"... У іх ёсць альбом, куды яны запісваюць свае мары... І іх мары паступова здзяйсняюцца.

Яны, як і ўсе, часам сварацца. Але іх сваркі доўжацца не больш за 5 хвілін. Бо яны ўмець размаўляць адно з адным. Чуць адно аднаго. Разам глядзець наперад. Бачыць. Планаваць. Прызнаваць памылкі. Дараваць і кахаць.

Яны больш ніколі не апраналіся ў касцюмы Дзеда Мароза і Снягуркі. Хоць не выключаюць такой магчымасці ў будучым.

Калі Міраслаў з хваляваннем просіць дазволіць яму сустрэць Новы год разам з дарослымі, ён, можа, і ведае, што дзякуючы вось гэтаму чароўнаму святу яго будучыя бацькі аднойчы сустрэліся. Але пакуль ён і не падазрае, што Снягурка і Дзед Мароз маюць адносіны да яго нараджэння...

Супадзенне выпадковасцяў? Збег абставін? А можа, проста Звычайны Цуд, які адбываецца кожны раз, калі ў гэтым раз'яднаным, напружаным, супярэчлівым свеце сустракаюцца двое... Каб стаць адным.

Гэта не магло не адбыцца.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

←В Солигорском районе прошла благотворительная акция "Новогодний сюрприз"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика