Дзеці павінны жыць дома
У Касцюковічах напярэдадні Новага года адбылося ўрачыстае наваселле ў дзіцячым доме сямейнага тыпу.
Алена і Аляксандр Строкі сёння маюць 5 дзяцей: двое сваіх і трое прыёмных, і цяпер вялікая сям'я будзе жыць у двухпавярховым камфортным доме ў раённым цэнтры. Катэдж пабудавалі меней чым за год, па дзяржаўнай інвестыцыйнай праграме. Яго агульная плошча — 140 квадратных метраў, і тут створаны ўмовы для жыцця сям'і з 10 дзецьмі. Так што ў перспектыве ў жонкі і мужа Строкаў будзе папаўненне: самым бліжэйшым часам у сям'ю возьмуць яшчэ дваіх дзяцей.
Ад імя уладаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Пётр Руднік уручыў сям'і Строкаў пральную машыну і халадзільнік, а дзецям — салодкія падарункі.
— Гэта вельмі добра, што дзяржава аказвае дапамогу дзецям, якія засталіся без апекі бацькоў, — лічыць Алена Строк. — Усё ж такі ім лепей знаходзіцца ў сям'і, няхай яна толькі замяняе родную...
У Магілёўскай вобласці, як сказаў на цырымоніі адкрыцця дома Пётр Руднік, за апошнія чатыры гады зачыніліся 4 інтэрнаты для дзяцей-сірот, а колькасць дзіцячых дамоў сямейнага тыпу павялічваецца. Цяпер у рэгіёне будзе 36 такіх дамоў, дзе выхоўваецца каля 300 дзяцей. Канец года адзначаны наваселлямі ў Касцюковічах і ў Бялынічах.
Ілона Іванова.