Беларусы і расіяне сумесна робяць навуковыя прарывы
Праграма "Прамень" стартавала сёлета, а канкрэтныя вынікі можна будзе пабачыць у канцы 2014 года. З расійскага боку за яе адказны Акадэмічны фізіка-тэхналагічны ўніверсітэт РАН, Фізіка-тэхнічны інстытут імя А.Ёфэ, прадпрыемства "Святлана". З беларускага — Інстытут фізікі імя Б.Сцяпанава НАН Беларусі. На расійскую частку вылучана 770 млн расійскіх рублёў, на беларускую — 414 млн расійскіх рублёў. У дадатак фінансаванне ідзе і за ўласны кошт саміх арганізацый-удзельніц.
Бюджэт Саюзнай дзяржавы на навуку не скупіцца. Амаль 1,2 млрд расійскіх рублёў атрымала сумесная беларуска-расійская праграма з прыгожай назвай "Прамень", прапанаванай нашымі землякамі. З ходам яе рэалізацыі ў суседзяў беларускія журналісты змаглі азнаёміцца падчас прэс-тура ў Санкт-Пецярбург (зладжанага па ініцыятыве Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы пры падтрымцы Расійскага інфармацыйнага агенцтва "Навіны"). Там мы фактычна прайшлі завочную падрыхтоўку па фізіцы і цяпер можам з лёгкасцю жангліраваць паняццямі "гетэраструктуры", "паўправаднікі", "квантавапамерны" ды шмат якімі яшчэ, але паспрабуем быць максімальна простымі і зразумелымі ў расповедзе.
Мы ў Фізіка-тэхнічным інстытуце імя А. Ёфэ. Менш чым легендарным яго не назавеш. Менавіта тутэйшымі навукоўцамі была ўпершыню распрацавана ядзерная зброя (хоць і прызнаюцца, што не абышлося без выкарыстання амерыканскіх напрацовак, здабытых разведкай, але, маўляў, не кожны зможа разабрацца ў чужых адкрыццях і прасунуцца далей). Менавіта тутэйшыя светлыя розумы рыхтавалі першы палёт чалавека ў космас. Уяўляеце цяпер, на якой базе вядуцца ў ХХІ стагоддзі распрацоўкі для навуковай праграмы Саюзнай дзяржавы?
У афіцыйнай дакументацыі, яна, дарэчы, значыцца як "Перспектыўныя паўправадніковыя гетэраструктуры і прылады на іх аснове". Нязвыклае вуху абывацеля слова "гетэраструктура" (за якім хаваецца крышталь — па сутнасці, штучна вырашчаны "слоены пірог", дзе кожны слой рознага хімічнага саставу, таму самародкаў такіх не бывае) папулярызаваў у свой час Жарэс Алфёраў. Ён атрымаў Нобелеўскую прэмію за дасягненні якраз у гэтай сферы і распачынаў сваю працу менавіта ў Фізіка-тэхнічным інстытуце.
Што ж за практычная карысць ад гэтых разнаслойных структур, якія няўзброеным вокам і не відаць нават? Ды амаль уся сучасная мікраэлектроніка на іх трымаецца — што ні вазьміце. У медыцынскай тэхніцы выкарыстоўваюцца, у сувязі, навігацыі, для стварэння спецыяльных радараў, што выкарыстоўваюцца ў аэрапортах на пасадачных лініях, калі надвор'е вымушае жадаць лепшага, і шмат дзе яшчэ. Усім нам вядомыя святлодыёды ці вось тыя ж лазеры, напрыклад, таксама на базе гетэраструктур. На іх аснове ствараюць прылады, і ўжо яны служаць чалавеку ў самых розных галінах.
На якіх кірунках сканцэнтруецца "Прамень"? "Стварэнне спецыяльных святло- і фотадыёдаў дазволіць вымяраць колькасць газаў у навакольнай атмасферы", расказвае Юрый ЯКАЎЛЕЎ, загадчык лабараторыі інфрачырвонай оптаэлектронікі. Ад партатыўнага прыборчыка, які сумесна распрацуюць беларускія і расійскія навукоўцы, не схаваюцца ні метан, ні чадны, ні вуглякіслы газы. У Расіі ёсць патрэба і ў прыладах для вымярэння колькасці вады ў нафце (бо чорнае золата часцяком "вывуджваюць" з-пад зямлі, запампаваўшы ў свідравіну ваду). І ўсё гэта магчыма дзякуючы святлодыёдам. Яны ўвогуле — штука перспектыўная. "У сучасных аўто ўся панэль на святлодыёдах, — звяртае ўвагу навукоўца, — а паводле планаў сусветных карпарацый, увесь свет павінен перайсці на святлодыёднае асвятленне да 2018 года".
Святлодыёды беларуска-расійскага аўтарства будуць мець масавае прымяненне — у партатыўных аналізатарах. Тым часам распрацаваныя імі лазеры прызначаны, як выказаўся спадар Якаўлеў, "для больш тонкіх рэчаў" — звышадчувальных прыбораў, здольных выяўляць... выбуховыя рэчывы. Больш тонкія рэчы, натуральна, і даражэйшыя. Калі, скажам, аналізатар метану будзе каштаваць 200-300 долараў, разважае навукоўца, то прыбор з высокай распазнавальнай здольнасцю абыдзецца пакупніку ў 20-30 тыс. долараў. Зразумела, што такі аналізатар не знойдзе масавага пакупніка, але "паставіць адзін-два такія прыборы на аэрадроме можна", мяркуе Юрый Якаўлеў. Бяспека важная для кожнай краіны.
"Прамень" скіраваны таксама на лазеры зялёнага спектральнага дыяпазону. Менавіта да яго максімальна адчувальнае вока чалавека, тлумачыць Сяргей ІВАНОЎ, старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі квантавапамерных гетэраструктур. І гэта вызначае сферу яго прымянення. "Лазернае праекцыйнае тэлебачанне высокага распазнавання", — прыводзіць прыклад старшы навуковы супрацоўнік. "А кампактныя мадэлі могуць быць уманціраваны ў смартфоны і партатыўныя камп'ютары. Таму задача — давесці да кампактнай прылады з вялікай магутнасцю". С. Іваноў спадзяецца, што па выніках праграмы праз тры гады будуць зроблены прататыпы прыбораў, якія можна будзе ўкараняць у прамысловасць. "Цяжкасць выклікае тое, што ў прамысловых прадпрыемстваў павінны быць такія ж устаноўкі, як у даследчыцкіх цэнтрах".
"Прамень" у расійскім выкананні — гэта стварэнне элементнай базы, святлодыёдаў і лазераў. А партатыўныя прыборы на іх аснове будзе рабіць беларускі бок. У гэтым і прывабнасць падзелу працы: кожны займаецца тым, што ў яго лепш атрымліваецца і для чаго ў яго лепшыя рэсурсы. Выходзіць лепш, хутчэй і танней. Такое крэда інтэграцыі.
Просты прыклад у пацвярджэнне. У лабараторыі ФТІ мы з інтарэсам разглядаем мудрагелісты агрэгат з мноствам труб, укручаных у фольгу. Устаноўка прызначана для лазерна-прамянёвай эпітаксіі — вырошчвання гетэраструктур. Не ў апошнюю чаргу гэтаму працэсу абавязана сваёй назвай беларуска-расійская праграма. Прычым вырошчваюцца яны ў дзвюх асобных камерах (для тых кампанентаў, якія нельга змешваць), што і вызначае кошт падобных установак. Ён можа даходзіць да 200 млн долараў (удвая больш, чым аднакамерныя экземпляры). Калі б Беларусь займалася гэтай дзейнасцю ў адзіночку, такую немалую суму ёй давялося б выдаткаваць толькі на прыбор. У выпадку ж саюзнай праграмы кожная краіна атрымлівае доступ да тых рэсурсаў, якіх ёй нестае. Вось у чым сэнс інтэграцыі.
Расійскія навукоўцы акцэнтуюць, што з беларускімі калегамі кантактуюць даўно. З'яўленне саюзнай праграмы і выдзеленае пад яе сур'ёзнае фінансаванне проста дазволяць правесці работу паскорана.
Тэарэтыкі задумваюць, а практыкам — ажыццяўляць. Галоўны выканаўца беларуска-расійскай навуковай праграмы — буйны холдынг "Святлана" (названы так, пагаворваюць, у гонар светлавой лямпачкі напальвання). Непасрэдна вырошчваннем гетэраструктур займаюцца на прадпрыемстве "Святлана-Рост". Тонкія матэрыі патрабуюць далікатнасці. Некаторыя памяшканні можна наведваць толькі ў халаце, шапачцы, бахілах. У асобных жа стэрыльнасць такая, што ўваход пабочных наведнікаў наогул забаронены. А тамтэйшым супрацоўнікам даводзіцца выконваць шэраг патрабаванняў. Асаблівай ахвяры патрабуюць далікатныя гетэраструктуры ад супрацоўніц: ім даводзіцца з'яўляцца на работу без макіяжу. Зусім. "Ні памады, ні тушы, ні лаку для пазногцяў — усё гэта гразь", — тлумачыць дырэктар ЗАТ "Святлана-Рост" Віктар ЧАЛЫ.
Прадпрыемства "Паўправадніковыя прыборы" ў структуры холдынгу можа пахваліцца выдатнымі распрацоўкамі ў медыцынскай апаратуры. Напрыклад, лазеры для правядзення хірургічных аперацый. Яны дазваляюць, па-першае, праводзіць маніпуляцыі амбулаторна. А па-другое, "метад сам па сабе асептычны, — кажа гендырэктар прадпрыемства Аляксандр ТЭР-МАРЦІРАСЯН, — абеззаражванне ран адбываецца проста падчас уздзеяння лазернага выпраменьвання". Паводле яго слоў, некаторыя маніпуляцыі наогул і не могуць быць праведзены без такога прыбора: напрыклад, аперыраванне печані ў дзяцей. "Пакуль Педыятрычная акадэмія не змагла сабраць грошы і купіць такі лазер, да нас звярталіся бацькі і арандавалі лазер на дзень, каб іх дзецям змаглі правесці аперацыю, — згадвае суразмоўца. — Але цяпер такія лазеры працуюць у сотнях медыцынскіх устаноў і выратоўваюць людзей".
На аснове чырвонага лазера тут была распрацавана фотадынамічная тэрапія для лячэння анкалагічных захворванняў. У кроў уводзіцца спецыяльны прэпарат, які назапашваецца ў пухлінных тканках, і адбываецца іх апраменьванне. "У выніку фотахімічнай рэакцыі пухліна становіцца дабраякаснай", — кажа А.Тэр-Марцірасян. Паводле яго слоў, тэхналогіі падуладная хвароба не толькі на першай, але і на другой і, мабыць, нават на трэцяй стадыях. Апарат прыдатны не для ўсіх лакалізацый пухліны, акцэнтуе генеральны дырэктар, але значную частку лячыць можна. І ўжо сёння ён працуе ў вядучых расійскіх медустановах, інфармуе суразмоўца.
— У выніку праграмы "Прамень" павінен быць створаны прыборны шэраг і дадзены магутны тэхналагічны задзел для развіцця Беларусі і Расіі, — рэзюмуе Валерый КЛЯЎЦОЎ, намеснік генеральнага дырэктара ААТ "Святлана" па навукова-тэхнічным развіцці. — Мэта праграмы — задача дзяржаўная: істотна прасунуць наперад тэхналагічнае развіццё, забяспечыць абарону і шэраг іншых галін.
У абароне, напрыклад, распрацоўкі будуць выкарыстаны ў рабоце над знішчальнікамі пятага пакалення. Новыя тэхналогіі, як чакаецца, павысяць далёкасць самалётаў і дакладнасць зброі. Вырабы на базе гетэраструктур надзвычай запатрабаваныя, адзначае В.Кляўцоў. У пацвярджэнне сваіх слоў ён пералічвае шматлікія сферы іх прымянення: парашковая металургія, медыцына, сувязь, радыёлакацыя, інфрачырвоныя прыборы начнога бачання. Так што і эфекту ад "Праменя" чакаюць сінергетычнага.
Ала МАЧАЛАВА.
Санкт-Пецярбург.