РОЗГАЛАС

Источник материала:  
Колькі праехаў — за столькі і заплаціў?

Міністэрства транспарту і камунікацый разам з міністэрствамі эканомікі, фінансаў, абласнымі выканкамамі і Мінгарвыканкамам павінны будуць падрыхтаваць прапановы па ўвядзенні дыферэнцаванай аплаты кошту праезду ў залежнасці ад адлегласці (часу) паездкі ў гарадскім транспарце. Загадам Мінтранса створана адпаведная рабочая група, куды ўвайшлі прадстаўнікі вышэйназваных органаў дзяржкіравання.

Ужо адбылося яе першае пасяджэнне. Вынікам сустрэчы стала прыняцце рашэння аб распрацоўцы і наступным укараненні ў краіне аўтаматызаванай сістэмы ўпраўлення "Адзіны праязны дакумент". Распрацоўка гэтага праекта, як патлумачылі ў прэс-службе Мінтранса, дазволіць арганізаваць дыферэнцаваную аплату ў залежнасці ад адлегласці (часу) паездкі, забяспечыць аплату за праезд з выкарыстаннем сучасных банкаўскіх тэхналогій (SMS-банкінг, інтэрнэт-банкінг, банкаўскімі пластыкавымі карткамі, у тым ліку і праз інтэрнэт), стымуляваць выкарыстанне шматразовых электронных праязных дакументаў максімальнай колькасцю пасажыраў. Плануецца праз рэалізацыю праекта таксама палепшыць збіральнасць платы за праезд у грамадскім транспарце за кошт гібкай сістэмы аплаты праезду і ў цэлым павысіць акупнасць грамадскага транспарту. Пілотны праект мяркуецца распачаць у адной з аўтатранспартных арганізацый краіны ў 2013 годзе.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Дзве новыя сярэбраныя манеты

Сёння Нацыянальны банк уводзіць у абарачэнне дзве сярэбраныя памятныя манеты — "Полацк. Ганзейскі саюз" і "Арабскі танец". Апошняя з новай серыі "Магія танца".

Абедзве манеты маюць намінал 20 рублёў і 925 пробу сплаву. Дыяметр манет — 38,61 міліметра, маса — 28,28 грама. "Полацк. Ганзейскі саюз" адчаканена на АТ "Манетны двор Польшчы" якасцю "пруф" і тыражом 7000 штук. "Арабскі танец" адчаканены на ТАА "Б.Х. Маерс Кунстпрэгенштальт" у Германіі. Таксама мае якасць "пруф". Тыраж — 6000 штук.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

МЗС Беларусі папярэджвае аб магчымай забастоўцы польскіх пагранічнікаў

Паводле папярэдняй інфармацыі Федэрацыі прафсаюзаў работнікаў Пагранічнай службы Польшчы, з 28 снежня польскія пагранічнікі могуць пачаць так званую італьянскую забастоўку ў сувязі з адмовай урада павялічыць памер іх грашовага ўтрымання, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.

Сутнасць "італьянскай забастоўкі" ў тым, што пагранічнікі будуць выходзіць на работу, але службовыя абавязкі будуць выконваць вельмі павольна. "Паводле заявы лідараў Федэрацыі прафсаюзаў, найбольш рэзанансны эфект мерапрыемства будзе мець на аўтамабільных пунктах пропуску, дзе час чакання на ўезд/выезд у Польшчу можа дасягнуць тыдня".

Мінспорту і турызму раіць беларусам устрымацца ад паездак у Егіпет

Міністэрства спорту і турызму рэкамендуе беларускім грамадзянам устрымацца ад паездак у Егіпет. Аб гэтым паведаміў учора журналістам дырэктар дэпартамента па турызме Міністэрства спорту і турызму Вадзім Кармазін, перадае БЕЛТА.

У сувязі з палітычнай сітуацыяй у краіне беларусам варта адкласці наведванне гэтай краіны ў турыстычных мэтах. Разам з тым, як адзначыў дырэктар дэпартамента, некаторыя беларусы, магчыма, пагрэбуюць гэтай рэкамендацыяй, паколькі цэны на адпачынак у Егіпце адчувальна знізіліся. Пры гэтым назіраецца спад попыту на адпачынак у Егіпце — прыкладна на 30-35 працэнтаў.

Выпіўшы марціні, сталічны ўрач села за руль І была пазбаўлена правоў на 4 гады

24 снежня ў 9 гадзін раніцы 46-гадовая жанчына, урач аднаго са сталічных прадпрыемстваў, ехала на аўтамабілі "Фольксваген Гольф" і сутыкнулася з "Фордам", які ехаў наперадзе.

— Супрацоўнікам ДАІ жанчына патлумачыла, што ехала з хуткасцю 10 км/г і проста не паспела затармазіць перад пешаходным пераходам, калі перад ёй спыніўся "Форд". Але прычыны такой марудлівасці растлумачыў медыцынскі агляд, які паказаў 1,67 праміле алкаголю ў крыві жанчыны на перарваным выдыху. Жанчына расказала, што напярэдадні ўжывала марціні. Але гэта, безумоўна, не так, бо ў такім выпадку выпіць трэба некалькі літраў, каб раніцай быў такі аналіз, — расказвае старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе АДАІ Савецкага раёна Мінска Марыя Дзьякава. — Сёння раніцай жанчына прыходзіла ў ДАІ. Пасля разбіральніцтва яна атрымала пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 1 мільён 50 тысяч. Штраф яна аплаціла. Акрамя таго, яна пазбаўлена правоў на 4 гады.

Алена АЎЧЫННІКАВА.

Кiтайскi холдынг "Джылi" зацiкаўлены ў стварэннi вытворчасцi легкавых аўтамабiляў у Беларусi

Магчымасцi выканання праекта абмяркоўвалiся на нядаўняй сустрэчы прэм'ер-мiнiстра Беларусi Мiхаiла Мяснiковiча з кiраўнiцтвам кiтайскага холдынга. "Праводзячы прэзентацыю прадукцыi, прэзiдэнт кiтайскай кампанii Ян Цзянь выказаў гатоўнасць развiваць супрацоўнiцтва па запуску новых магутнасцяў на адным з беларускiх прадпрыемстваў", — расказалi ў прэс-службе.

←Гомельские сотрудники КГБ, милиции и суда провели благотворительные акции в школах и детских домах

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика