Ці адрадзілася ў Беларусі “Рускае нацыянальнае адзінства”?

Источник материала:  
27.12.2011 13:32 — Новости Общества

Ці адрадзілася ў Беларусі “Рускае нацыянальнае адзінства”?

  • Яўген ВАЛОШЫН, TUT.BY

Невядомыя, што вывозілі ў лес украінак з Femen, назваліся актывістамі РНА – экстрымісцкай арганізацыі з Расіі.

Улетку “Рускае нацыянальнае адзінства” заяўляла, што ў Беларусі праводзіліся падрыхтоўчыя зборы “байцоў”. У інтэрнэт былі выкладзеныя адпаведныя фотаздымкі.

Прыхільнікі РНА засвяціліся і на так званым “Славянскім маршы”, які праварадыкалы правялі ў ліпені гэтага года ў Магілёве.

Але ці сведчаць гэтыя факты пра тое, што расійскія шавіністы зноўку актывізаваліся ў Беларусі?

“Рускае нацыянальнае адзінства” спыніла актыўную дзейнасць у нашай краіне ў пачатку 2000-х. Пасля таго як быў забіты беларускі рэгіянальны “камандзір” Глеб Самойлаў (22 гады).

Хоць нічым грандыёзным “байцы вялікай і непадзельнай Русі” не вызначыліся.

Ляпілі свастычныя ўлёткі на слупах, збіраліся ў кучкі, лавілі і давалі кухталёў перасяленцам з Далёкага Усхода, цёмнаскурым студэнтам. Непадалёк ад дома, дзе жыў Глеб Самойлаў, “байцы” РНА нейкі час працавалі ахоўнікамі на міні-рынку…

А ў 2011 годзе РНА зноўку нагадала пра сябе.

17 ліпеня праварадыкалы здолелі правесці ў Магілёве так званы “Славянскі марш”. Абсалютна афіцыйна. Малойчыкі прайшліся па вуліцах з лозунгамі “Русские – вперед” і шавіністычнымі бела-жоўта-чорнымі сцягамі, так званымі “імперкамі”, што адмаўляюць суверэнітэт Беларусі.

Інфармацыя пра выхадку неанацыстаў з’явілася ў журналісцкім расследаванні “Беларускія праварадыкалы”, што з’явілася на старонках “Звязды” 19 і 20 жніўня гэтага года і на партале TUT.BY.  

Што самае цікавае, арганізатар “маршу” Дзмітрый Д. атрымаў дазвол на мерапрыемства ў мясцовым гарвыканкаме (!). Хоць на сваёй адкрытай старонцы ў сацыяльных сетках хлопец не хаваў прыхільнасці да РНА і неанацысцкіх ідэй. У фотаальбомах ён змяшчаў здымкі з выявай свастычнага сімвалу арганізацыі, плакат з выявай жаўнера-гітлераўца, лозунгі кшталту “Православие или смерть”, “Россия или смерть” і г.д.

Праз старонку Дзмітрыя Д. у сацыяльных сетках мне ўдалося выйсці на допіс пра так званыя палявыя зборы “байцоў” РНА ў Беларусі, што быў змешчаны на расійскім сайце арганізацыі. На фотаздымках з “палявых збораў” фігуруе чалавек, як дзе кроплі вады падобны да Дзмітрыя Д. Ён і яшчэ тры хлопцы ў плямістай уніформе сфатаграфаваліся на тле сімволікі РНА ў лесе. Вось вам і палявыя зборы. :)

Называць “Славянскі марш”, які афіцыйна правялі ў Магілёве, маршам таксама не выпадае. Па горадзе прайшліся ўсяго 16 чалавек. :) Тым не менш многіх шакавала, як дзяржаўныя чыноўнікі маглі даць дазвол на на шэсце прыхільнікам праварадыкальных ідэй? І ці будуць такія акцыі працягвацца?

Пасля першага “Славянскага маршу” праварадыкалы зноўку звярнуліся ў магілёўскі гарвыканкам з просьбай дазволіць “Славянскі марш-2”. Але на гэты раз атрымалі адмову.

- Калі арганізатар падаваў дакументы на першае шэсце, ён папросту не ўказаў рэальныя мэты мерапрыемства і сімволіку, якую ўдзельнікі акцыі збіраліся выкарыстоўваць. Правядзенне паўторнай акцыі – немагчымае, - паведамілі мне ў аддзеле ідэалагічнай работы Магілёўскага гарвыканкама.

Ці адрадзілася ў Беларусі “Рускае нацыянальнае адзінства”?
Так выглядаў “Славянскі марш” у Магілёве 17 ліпеня 2011 года


Адной толькі забаронай “Славянскага маршу-2” не абышлося. Сваёй “карлікавай” акцыяй магілёўскія праварадыкалы падмачылі рэпутацыю спецслужбаў. Інфармацыя пра шэсце і яго рэклама каля месяца боўталіся ў інтэрнэце, а прысекчы ганебную акцыю так і не змаглі.

Тым не менш пасля выхаду журналісцкага расследавання службовыя асобы з Дзяржаўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі высветлілі ўсіх да аднаго ўдзельнікаў “Славянскага маршу”. Паўнагадовым былі вынесены афіцыйныя папярэджанні, з кожным былі праведзены жорсткія размовы. Прасцей кажучы, магілёўскіх ультраправых узялі пад шчыльны кантроль. На гэтым патугі “байцоў” арганізаваць свой супраціў здзьмуліся.

А ў праваахоўных органах я атрымаў інфармацыю пра тое, што ўсе прыхільнікі праварадыкальных ідэй трымаюцца пад каўпаком. А на сцяне ў аднаго з уплывовых праваахоўнікаў я на ўласныя вочы пабачыў партрэты тых праварадыкалаў, на якіх сам выйшаў цягам журналісцкага расследавання.

Той жа Дзмітрый Д. аказаўся выпускніком магілёўскага гістфака, які, па словах праваахоўнікаў, падпрацоўваў грузчыкам.

- Тупой грузчик, трех слов не может связать, - выказаўся пра яго адзін з міліцэйскіх начальнікаў.

Ці адрадзілася ў Беларусі “Рускае нацыянальнае адзінства”?
Фотаздымкі з так званых палявых збораў беларускага аддзялення РНА.


Ці маглі “байцы” РНА вывезці ў лес FEMENістак?

І вось, нягледзячы на татальны кантроль, мы зноўку пачулі пра “Рускае нацыянальнае адзінства” у снежні гэтага года. Актывісткі арганізацыі Femen, што правялі “голую” акцыю ля прыступак беларускага КДБ, паведамілі: тыя, што вывезлі нас у лес, назваліся актывістамі РНА

Але ці маюць беларускія прадстаўнікі гэтай арганізацыі рэсурсы, каб вазіць дзяўчат паўночы на аўтобусе і выкінуць у лесе на мяжы з Украінай?

Бо відавочна, што апроч фатаграфавання ў лесе і інтэрнэт-допісаў, беларускія “байцы” РНА нічым у апошнія гады не вызначыліся.

Ну адкуль у кастрыраванай арганізацыі, якая трымаецца ў Беларусі пад каўпаком, мог з’явіцца цэлы аўтобус? На табе сюрпрыз: спецслужбы дзяўчат высачыць не змаглі, а праварадыкалы – лёгка. Ды і расійскія лідэры РНА ад расправы над украінкамі адхрысціліся. 
←Ганцавіцкія "рэкардсмены" па зарплатах

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика