"Чортава кола"

Источник материала:  

Сітуацыю даследуе карэспандэнт

Калі ўзнікае абсурдная сітуацыя, то пажадана патушыць яе на самым пачатку, а інакш усе, хто ўцягваецца ў працэс, становяцца заложнікамі абсурду. Нешта падобнае і здарылася ў Ляхавіцкім раёне.

Калі зайшоў у кабінет старшыні райсавета Яўгена Юрлевіча, то ўбачыў там дэпутата Нацыянальнага сходу Уладзіміра Майсюка, які сядзеў за сталом над паперамі. А папер тых сабралася аж 7 аб'ёмістых папак. Адкуль яны з'явіліся?

"Чортава кола"Пенсіянер з вёскі Ліпск, якая знаходзіцца ў палескай зоне раёна, Іван Дыдышка прад'явіў прэтэнзіі суседцы Ніне Гапановіч, якая на сваім участку рассыпала, на думку Івана Пятровіча, празмерную колькасць мінеральных угнаенняў, ад чаго вада ў яго калодзежы сапсавалася. Даказваючы сваю праўду, Іван Пятровіч дайшоў да Вярхоўнага Суда, але на ўсіх узроўнях суд яго не падтрымаў.

Толькі ў 2010 годзе І. Дыдышка 8 разоў звяртаўся пісьмова ў Брэсцкі аблвыканкам, двойчы — у Адміністрацыю Прэзідэнта і ва ўсе ўладныя структуры: Савет Міністраў, Камітэт дзяржкантролю, пракуратуру... Дакументы з вышэйстаячай інстанцыі ідуць у раён, і вось на адным дакуменце я прачытаў змест звароту: "Заяўнік некалькі гадоў пражывае без вады і сцвярджае, што прадстаўнікі дзяржаўных органаў улады прымяняюць да яго псіхічную і фізічную сілу". Прачытаў і не ведаў, што думаць.

У газетным артыкуле немагчыма падрабязна пераказаць усе перыпетыі "ліпскай справы", таму я спынюся толькі на ключавых момантах.

Узятыя пробы вады сапраўды паказалі наяўнасць нітратаў звыш нормы ў калодзежы І. Дыдышкі, але аналагічная сітуацыя з вадою аказалася і ў іншых калодзежах вёскі. Значыць, усё больш складана і не завязана толькі на Н. Гапановіч, якая пасыпала свой агарод мінеральнымі ўгнаеннямі.

Даведка. <І>Большая частка вясковага насельніцтва краіны карыстаецца вадою з прыватных калодзежаў, і вада больш чым у 70 працэнтаў калодзежаў утрымлівае павышаную колькасць нітратаў. А звязана гэта, найперш, з інтэнсіўным земляробствам, жывёлагадоўляй, меліярацыяй, неадпаведнасцю калодзежаў санітарна-гігіенічным нормам... Асабліва складаная сітуацыя на Палессі, дзе грунтовая вада можа залягаць на глыбіні 3 метраў. А гэта значыць, што не толькі мінеральныя ўгнаенні з палёў могуць трапіць у калодзежы, а і жыжка з жывёлагадоўчых фермаў, якую вывозяць на палі, адходы з уласных хлявоў, якія знаходзяцца побач з калодзежамі... Праблема гэтая сусветная. Вунь у краінах Еўрасаюза многія стараюцца купляць гародніну экалагічна чыстую, плацяць за яе ў разы больш і п'юць, найперш, бутыляваную ваду. Пракарміць 7 мільярдаў насельніцтва планеты без выкарыстання мінеральных угнаенняў і хімпрэпаратаў для аховы раслін — нерэальна.

У калодзежы Івана Дыдышкі пры норме 45мг/дм 3 было выяўлена 133 мг/дм 3 нітратаў.

Карацей кажучы, Ляхавіцкае прадпрыемства ЖКГ двойчы адпампоўвала ваду з калодзежа І. Дыдышкі. Зрабілі гліняны замок і адмостку наўкол калодзежа, але ачысціць ваду ад нітратаў не ўдалося. Утрыманне іх у вадзе засталося на ўзроўні 54,31мг/дм 3. Трэба адзначыць, што заключэнню ДУ "Ляхавіцкі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі" Іван Пятровіч не паверыў і, як ён піша, "звярнуліся ў Мінск, аказалася, што наша вада не адпавядае санітарным нормам".

Чытаючы "мінскае заключэнне" ад 29 красавіка 2010 года, я звярнуў увагу, што ваду для аналізу ўзялі "з шахтавага калодзежа ў г. п. Мачулішчы Мінскага раёна". У такім разе прычым тут калодзеж Івана Дыдышкі?

— А я перадаў сваю ваду брату, які жыве ў Мачулішчах, — заявіў Іван Пятровіч. Магчыма, гэта і так, але заключэнне тое не з'яўляецца дакументам, бо ў ім зафіксаваны аналіз вады не з Ліпска.

Ачысціць поўнасцю ваду не ўдалося не таму, што камунальнікі аказаліся слабымі спецыялістамі, а гэта звязана з тым, што ачысціць калодзежную ваду ад нітратаў надзвычай складана. Адпампавалі, а свежая вада, таксама з нітратамі, паступае, як і ва ўсёй вёсцы.

Каб закрыць праблему, вырашана было ў Ліпску пракласці водаправод. Знайшлі некалькі сотняў мільёнаў рублёў, і насупраць хаты Івана Дыдышкі з'явілася калонка. Але і пасля гэтага скаргі працягваліся.

Перадапошні ліст напісаны мітрапаліту Філарэту.

"...чыноўнікі ўсіх чыноў і рангаў забілі інваліда.... знаходжуся на мяжы жыцця і смерці каля трох гадоў без вады", — напісаў пенсіянер і падкрэсліў, між іншым, што грашовы перавод ці грашовай дапамогі ён ад мітрапаліта не прыме, бо з'яўляецца хрысціянінам.

А з Мінскай епархіі адказалі, што "пытанні, выкладзеныя ў звароце, не ўваходзяць у кампетэнцыю Беларускай праваслаўнай царквы". І гэта сапраўды так, бо калі такая праблема існуе, то яе павінна вырашаць свецкая ўлада.

Апошняя скарга была даслана ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. У тым лісце Іван Пятровіч "наехаў" на дэпутата Уладзіміра Майсюка і не выбіраў слоў... Вось і сядзіць Уладзімір Уладзіміравіч над паперамі. Каб адзін чалавек здолеў "накруціць" такую колькасць розных рашэнняў, адказаў і заключэнняў, мне за 17 гадоў працы ў газеце не даводзілася бачыць.

У Ліпск выехала цэлая група спецыялістаў на чале са старшынёй райсавета Я. Юрлевічам і дэпутатам У. Майсюком.

Хата ў І. Дыдышкі, можа, адна з лепшых на вуліцы, і двор у парадку. Пагаварылі з суседкай, якая жыве насупраць.

— Я водаправод правяла ў сваю хату, хоць у мяне і пенсія малая — усяго 600 тысяч, і ўнукі на мне, але пазычыла грошы і заплаціла 800 тысяч, — расказала жанчына.

Націснулі на рычаг калонкі, і вада заструменілася. Якое тут "знаходжанне на мяжы жыцця і смерці без вады"?

Зайшлі ў хату да Івана Дыдышкі. Гаспадар з гаспадыняй былі на кухні і ўжо ведалі, што да іх прыехалі. Сустрэлі насцярожана. Аказалася, што весці спакойна размову не проста: гаспадароў перапаўнялі эмоцыі. Тым не менш, удалося задаць некалькі пытанняў.

— Іван Пятровіч, вы лічыце, што суседка вас пакрыўдзіла, то падалі б у суд і там даказалі б праўду.

— А ўсе суды прадажныя, паглядзіце, што яны пішуць. Да ўлады прыйшлі ўнукі Цанавы (паплечнік Л. Берыі, узначальваў НКУС Беларусі).

— Вы кажаце, што вас палкай біў старшыня сельсавета Буйкевіч, то чаму б не заявіць у міліцыю, не зняць пабоі...

Але тут умяшалася гаспадыня і ўдакладніла:

— Ён не біў. А хацеў пабіць, замахнуўся...

Іван Пятровіч настойваў на сваім.

— А што я магу зрабіць, калі ўсе павязаны.

— У сваіх скаргах вы ганьбіце ўсіх начальнікаў — ад сельсавета да сталіцы. А ці ёсць хоць адзін, каго вы можаце пахваліць?

— Ёсць, Крук (намеснік старшыні райвыканкама па ідэалогіі), ён выслухае, падтрымае...

— Улада кепская, а хто даў вам даглядчыка і плаціць яму 370 тысяч за тое, што прынясе вядро вады? Пры якой уладзе такое было?

— Дзяржава мне дала.

— Добра, няхай дзяржава будзе без улады, але чаго вам яшчэ не хапае? Побач калонка, а вы пішаце, што знаходзіцеся на мяжы жыцця і смерці, бо няма вады.

— Водаправод — гэта збор нечыстотаў, і ваду адтуль не браў і браць не буду.

— Іван Пятровіч, вы дэпутата Майсюка бачылі хоць раз, гаварылі з ім?

— Не.

— А чаму ж у сваім апошнім лісце вы аблілі яго брудам? Хто даў вам права? Паглядзіце, а ён стаіць у вашай хаце.

Праз хвіліну я выйшаў на вуліцу і меў размову з сацыяльным работнікам Таццянай Навікевіч. Жанчына ішла з веласіпедам, на якім ездзіць за 3 кіламетры ад Ліпска да састарэлых.

— Скажыце, а ў вас клопату шмат? Людзі ў гадах, нямоглыя, напэўна, капрызнічаюць?

— Ды не, у мяне іх 7 чалавек. Прынясу вады, дроў, нешта ў краме куплю... Пакуль што ніякіх прэтэнзій не чула.

А Іван Дыдышка напрыканцы размовы заявіў, што не будзе пісаць, калі яму ў хату бясплатна правядуць водаправод, калі знімуць некага там з пасады, папросяць прабачэння... За што?

Праўда, пісаць пасля паслання Мітрапаліту застаецца толькі на неба, бо ўжо ўсе інстанцыі ў межах краіны пройдзены.

Назаўтра я патэлефанаваў у Крывошынскі сельсавет, каб удакладніць прозвішчы, і пачуў, што ўжо некалькі чалавек званіла і абуралася, чаму І. Дыдышку бясплатна будуць праводзіць ваду.

— У мяне пенсія ўдвая меншая, чым у яго, і я таксама хворая, а мне трэба плаціць, — абуралася адна пенсіянерка.

Івану Дыдышку 71 год, і пенсія ў яго па вясковых мерках вялікая — 1186560 рублёў, прычым атрымлівае ён яе па інваліднасці (агульнае захворванне). Жонка інвалідам не з'яўляецца.

Сустрэўся і з кіраўніком Ляхавіцкага райвыканкама Дзмітрыем Бурдуком.

— Дзмітрый Міхайлавіч, чым жа вы прагнявілі Дыдышку з Ліпска, чаму ён на вас слоў не шкадуе і не выбірае?

— А каб толькі на мяне нападаў — на ўсіх. Раніцай раз патэлефанаваў мне, затым другі... А ў мяне народ, я і сказаў, што не магу доўга гаварыць. Ды кожны раз адно і тое ж.

— Усім вядома, што вы чалавек вельмі вытрыманы, але калі жонка Дыдышкі хрысціцца на абразы, крычыць і плача..., то цяжка ўсё гэта чуць.

— Што ж, у такой сітуацыі Бог — суддзя. Я іх не абразіў, але правесці бясплатна водаправод па законе не можам, бо Іван Дыдышка пад ільготы не падпадае.

— Людзі ўжо звоняць у сельсавет і патрабуюць, каб і ім падвялі бясплатна ваду.

— Вось я пра гэта і кажу. Тут ці дзейнічаць па законе, ці праводзіць усім, бо сёння на вёсцы ў кожнай хаце ёсць хворы ці нямоглы.

"Па законе" водаправод і газ праводзяцца за сродкі дзяржбюджэту толькі па вуліцах, а ў хату кожны гаспадар праводзіць за свае грошы. З водаправодам па вёсках склалася неадназначная сітуацыя. Бывае водаправод пракладзены, а людзі да хаты не падводзяць. Навошта плаціць той мільён, калі ваду можна і ў калодзежы ўзяць ці з калонкі? А пра нітраты ніхто не думае... Хоць гэта не значыць, што так павінна быць. Але нас прывучылі, што дзяржава павінна адрамантаваць дах, плот, падвесці ў хату ваду...

Іван Дыдышка піша: "Здзекі з мяне — гэта не што іншае, як праўленне Сталіна".

Іван Пятровіч, калі б было праўленне Сталіна, то вы за любы адзін радок з вашага толькі аднаго пісьма назаўсёды зніклі б з Ліпска. А вы паставілі на дыбкі ўсю краіну, абражаеце ўсіх без разбору, а вам далі даглядчыка, двойчы адпампавалі ваду, дапамагаюць з дровамі...

Аглядальнае кола, якое ёсць у некаторых гарадах, у народзе называецца "чортавым". Калі яно пачало круціцца, то не саскочыш. Так і ў нашым жыцці, запусціць нехта адну скаргу, другую... і такі пойдзе працэс, такое "чортава кола" атрымаецца, што не адна ўстанова не саскочыць, а ўключыцца ў працэс, няхай і абсурдны.

Але ж нехта павінен "вырубіць рубільнік", каб гэтую карусель спыніць.

Абразіла цябе суседка — падавай у суд, пакрыўдзіў нехта іншы — туды ж пішы заяву. Ва ўсім цывілізаваным свеце апошняй інстанцыяй з'яўляецца суд. Ніхто не сцвярджае, што наша судовая сістэма самая-самая — яе неабходна ўдасканальваць. Але калі мы не хочам круціцца ў абсурдным "чортавым коле" — павінны рухацца ў гэтым кірунку.

Сымон Свістуновіч. Фота аўтара.

Ляхавіцкі раён.

←О добром и вечном

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика