Алеся Бяляцкага назвалі праваабаронцам года

Источник материала:  
13.12.2011 20:46 — Новости Общества

13 снежня ў Мінску аб'яўлены лаўрэаты традыцыйнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека. Праваабаронцам года быў прызнаны Алесь Бяляцкі. Акрамя таго, былі названы лаўрэаты ў намінацыях "Адвакат 2011 года" і "Журналіст 2011 года", паведамляе БелаПАН.

Прэмія за дасягненні ў галіне абароны правоў чалавека ў сваёй прафесійнай дзейнасці заснавана міжнароднай арганізацыяй "Праваабарончы альянс" (Літва). Аднак з гэтага года яна стала нацыянальнай. Намінантаў вызначаюць прадстаўнікі васьмі праваабарончых арганізацый краіны, сярод якіх незарэгістраваны праваабарончы цэнтр "Вясна", грамадскія аб'яднанні "Беларуская асацыяцыя журналістаў", Цэнтр прававой трансфармацыі, камітэт у абарону правоў рэпрэсаваных "Салідарнасць" і іншыя.

Праваабаронцам 2011 года быў прызнаны Алесь Бяляцкі — віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра "Вясна". У лістападзе суд прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Дыплом уручылі жонцы Бяляцкага Наталлі Пінчук.

Лепшымі адвакатамі 2011 года прызнаны Марына Кавалеўская, адвакат экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, і Дар'я Ліпкіна, якая абараняла фігуранта крымінальнай справы аб масавых беспарадках Мікіту Ліхавіда. Прэміі ім уручыла Тамара Сідарэнка — яна абараняла экс-кандыдатаў у прэзідэнты Уладзіміра Някляева і Алеся Міхалевіча і была пазбаўлена адвакацкай ліцэнзіі рашэннем Мінюста.

Прэмію ў галіне журналістыкі атрымалі фотакарэспандэнты Юлія Дарашкевіч і Уладзімір Грыдзін. Ім уручыў дыпломы карэспандэнт "Радыё Свабода" Алег Груздзіловіч. "Журналістам, якія пішуць, вельмі цяжка часам перадаваць настрой удзельнікаў пратэстаў, аднак у большасці сваёй гэта было бачна на фотаздымках Дарашкевіч і Грыдзіна", — адзначыў Груздзіловіч.

Усім пераможцам былі ўручаны дыпломы, кветкі і каробкі цукерак.



←Без реформирования системы образования Беларуси участие страны в Болонском процессе неэффективно

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика