Прызнаць забруджанае насенне маку — наркотыкам!

Источник материала:  

Погляд псіхіятра-нарколага

Віктар Сцяпанавіч Кузняцоў

Урач псіхіятр-нарколаг.

З 1987 па 2003 год узначальваў Гродзенскі псіханеўралагічны дыспансэр.

У 1991 годзе быў запрошаны ў Ватыкан, дзе меў асабістую сустрэчу з Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ. Гутарка тычылася пабудовы новага корпуса псіханеўралагічнага дыспансэра ў Гродне. Папа Рымскі паабяцаў за гэта маліцца.

Працоўны стаж Віктара Сцяпанавіча большы за 30 гадоў.

Пасля выхаду на старонках "Звязды" журналісцкага расследавання пра самы папулярны ін'екцыйны наркотык у краіне аўтарытэтныя людзі пачалі прапаноўваць захады, як спыніць небяспеку. Колькасць наркаспажыўцоў расце, а "бубкі" нескладана набыць на рынках і праз наркатаксі. Яшчэ лягчэй прыгатаваць з гэтай сыравіны наркатычны раствор.

Днямі ў рэдакцыю патэлефанаваў вядомы гродзенскі псіхіятр-нарколаг Віктар Кузняцоў. Ён біў трывогу з 2005 года, калі ўнікальны наркотык з'явіўся на беларускім рынку. Непасрэдна даследаваў спажыўцоў забруджанага маку і вывучаў, з дапамогай якога феномена наркадылеры так доўга і амаль беспакарана насаджаюць беларусам смерць.

Прызнаць забруджанае насенне маку — наркотыкам! 1991 год. Сустрэча з папам Рымскім Янам Паўлам Другім.

Што дае наркатычны эфект?

Віктар Сцяпанавіч дасціпна тлумачыць прыродны феномен, які дазваляе вырабляць з забруджанага насення маку наркатычны раствор. Менавіта на гэты феномен наркадылеры і зрабілі стаўку.

— Макавае зернетка па азначэнні не змяшчае наркотык. І гэта догма! У той жа час наркагандляры выкарыстоўваюць насенне як носьбіт, з дапамогай якога наркотык пераносіцца, — кажа Віктар Кузняцоў. — Алкалоіды ўтрымліваюцца ў макавым малацэ. Гэта тое, што абараняе расліну ад шкоднікаў і дазваляе ёй выспяваць.

Як толькі мак выспявае, малако, якое па сасудах сілкавала расліну, засыхае і застаецца ў галоўцы і сцяблінах. Усе сувязі-нітачкі адміраюць, і само насенне робіцца чыстым. Прыродны феномен.

Гэтак жа няма наркотыку і ў насенні канопляў (марыхуаны). Таму што гэта семечка, у ёй усё самае найлепшае для новага жыцця.

Але я бачыў, як выглядае забруджаны мак, з якога наркаманы "вараць" раствор. Сыравіна дрэннай якасці. Натуральна, наркотык туды наўмысна дамяшаны. Таму што сучасныя сельскагаспадарчыя машыны, якія праводзяць першасную падрыхтоўку зерня (веялкі, сушылкі і гэтак далей) зроблены так граматна, што на вока забруджанасць пабачыць немагчыма. А калі забруджаны мак, які спажываюць наркаманы, кінуць у ваду, то насенне намакае і тоне, а салома застаецца наверсе. Гэтая макавая салома падчас "варкі" дае наркатычны эфект. Наркаспажыўцы пацвярджалі, што калі мак прамыць звычайнай вадой, ён робіцца "беспантовым", то бок не дае эфекту. Таму што арганічныя дамешкі прыбіраюцца.

— Падчас журналісцкага эксперыменту мы закупілі "бубкі" з дамешкамі макавай саломы. Але была закупка і такіх "бубак", калі дамешкаў не было. Мак выглядаў амаль як харчовы. Але з такой сыравіны наркаспажыўцы таксама "варацца" і колюцца. Што дае эфект, калі няма саломы?

— Гэта яшчэ адзін момант, на які трэба звярнуць увагу. Хутчэй за ўсё робіцца імпрэгнацыя кадэіну і тэбаіну ў макавае насенне, насычэнне. Як гэта можа адбывацца? Напрыклад, макавае насенне з'яўляецца адходам вытворчасці гераіну ў Афганістане. Яго ж таксама трэба неяк прадаваць...

Для гераіну каштоўны марфін. Застаюцца алкалоіды кадэін і тэбаін. Такім чынам, у насенне маку могуць рабіць імпрэгнацыю кадэіну і тэбаіну.

Эфект, які атрымліваюць наркаспажыўцы з раствору, уласцівы кадэіну. Гэта так званы наркотык другога гатунку. Яму ўласцівы разрыўны эфект: колікі бегаюць па ўсім целе, усё пачынае свярбець, хочацца ўвесь час нешта кранаць, мяць. Самае страшнае, што "шырка", прыгатаваная з такога маку, у наркаспажыўцоў са стажам з першай дозы не выклікае так званага "прыходу". Таму, каб спакойна пражыць дзень, яны робяць некалькі ін'екцый, і эфект дасягаецца толькі на трэцюю-чацвёртую. Гэтая ўласцівасць штурхае наркамана шукаць чарговую дозу, часта парушаючы пры гэтым закон.

Чаму наркаспажывец кайф атрымлівае, а ў лабараторыях наркотык не знаходзяць?

— Якія захады, на вашу думку, маглі б прыпыніць пастаўкі "бубак" у краіну?

— Найперш трэба сканцэнтраваць увагу на наяўнасці наркатычных рэчываў у субстраце, якім з'яўляецца забруджанае насенне маку.

— Гэта значыць, прызнаць "бубкі" наркотыкам. Але наша журналісцкае расследаванне паказала, што сённяшняя методыка даследавання не дазваляе знайсці ў забруджаным насенні алкоіды опію. Прынамсі, калі няма відавочных дамешкаў макавай саломы. Наркаспажыўцу хапае 250 грамаў, каб "умазацца", а экспертыза наяўнасць наркотыку не канстатуе.

Прызнаць забруджанае насенне маку — наркотыкам!

— У крыміналістычных лабараторыях даследавалі экстракцыйны опій, які наркаманы атрымлівалі з забруджанага насення. І наяўнасць наркотыку хутка і без пытанняў вызначалі. Часам міліцыя затрымлівала спажыўцоў на стадыі садацыі. Гэта першы этап прыгатавання наркатычнага раствору, калі насенне змешваецца са звычайнай пітной содай. Робіцца гэта для таго, каб разрыхліць субстрат, і наркотык лепш вылучаўся. Дык вось, нават з этапа садацыі алкалоіды ўжо вылучаюцца.

Што тычыцца методык даследавання забруджанага насення. Я маю здагадкі, што тэхналогіі прапісаны пэўнымі канонамі, калі наркотык спрабуюць знайсці ў макавым насенні, дзе яго быць не можа.

Неабходна рабіць экстракцыю з пэўнай колькасці насення, каб зразумець, ёсць там наркотык ці не.

Гэта недасканаласць методыкі, ад якой эксперты не маюць права адступіць.

Ніхто не замінае змяніць сітуацыю і ўзяць на ўзбраенне методыку таго ж наркаспажыўца. Каб вылучыць наркотык, якасна і колькасна яго аналізаваць. Забруджанае насенне маку, якое прадаецца нелегальна, каштуе ў некалькі разоў даражэй, чым звычайны харчовы мак з супермаркета. У 250 грамах бруднага маку змяшчаецца не менш за адну дозу сумесі класічных наркотыкаў. Дык якія цяжкасці могуць быць з выяўленнем?

"Прывёз забруджаны мак — сядай у турму"

— Выказваецца ідэя дзяржманаполіі на пастаўкі маку. Што вы пра гэта думаеце?

— Я лічу, што гэта не вырашыць праблемы. Спатрэбяцца велізарныя рэсурсы, каб кантраляваць дзяржманаполію. І шанц карупцыі на парадак павялічыцца.

Да таго ж учорашні наркатаксіст можа закупіць звычайны харчовы мак. Потым, рызыкуючы, купіць саломы, прапусціць яе праз блендар і змяшаць з гэтым насеннем. На гэтым этапе яму зноў не пагражае крымінальная адказнасць. Забруджанае насенне ён зможа прадаваць пад выглядам харчовага маку і ў выпадку чаго сплочваць штрафы за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць.

Яшчэ раз падкрэслю, што пытанне трэба ставіць аб наяўнасці наркатычнага рэчыва ў субстраце. У дадзеным выпадку гэта насенне маку.

Што зараз робяць у некаторых рэгіёнах Расіі? Знаходзяць партыю забруджанага маку, даследуюць яе на наяўнасць наркотыкаў і без пытанняў даюць турэмныя тэрміны. Іх методыкі даследавання дазваляюць выяўляць наркотык.

Важна патлумачыць людзям праз сродкі масавай інфармацыі, што наркотыку ў насенні маку няма! Наркотыкі абавязкова штучна дамешваюцца. Альбо гэта макавая салома, альбо адходы буйнамаштабнай гераінавай вытворчасці.

Усіх гандляроў макам трэба папярэдзіць, што іх павінен цікавіць не толькі дзяржаўны стандарт, але і наркатычная чысціня. Прывёз забруджаны мак — сядай у турму. Вы напісалі ў расследаванні, што мытнікі затрымалі дзве фуры з забруджаным макам на мяжы з Літвой. Здавалася б, бяскрыўдны мак правозіўся пад выглядам садавіны і гародніны. Кіроўца сам сябе прадае. Ён падманваў наконт тавару — значыць ведаў, што вязе забруджаны мак. За гэта трэба жорстка караць.

Чаму насенне маку прадаюць наркаманам у чорных пакеціках? Людзі сваімі дзеяннямі паказваюць, што займаюцца крыміналам. Але яны ведаюць, што больш чым штрафам іх не пакараюць. А павінны быць рэальныя турэмныя тэрміны, буйныя канфіскацыі. Тады гэты "від спорту" зробіцца нерэнтабельным.

Трэба рыхтавацца і да таго, што ўсё роўна пачнецца мітусня. Ажывуць канкурэнты, якія могуць пастаўляць, напрыклад, гераін.

Тым не менш вырашаць праблему з "бубкамі" неабходна тэрмінова. Наркаманы пачынаюць у літаральным сэнсе блытацца пад нагамі.

Р.S. Нагадаем, што пасля выхаду журналісцкага расследавання "Звязды" "З-за чаго пастаўкі наркатычнага маку ў Беларусь не могуць спыніць?" мы атрымалі шмат тэлефанаванняў ад чытачоў, якія выказалі свае крытычныя думкі. Таксама праблема шырока абмяркоўвалася на шэрагу інтэрнэт-форумаў.

Вядома, адгукнуліся і прадстаўнікі ўлады.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Зінаіда Мандроўская выказала свой пункт гледжання на тое, як паставіць заслон "бубачнай" небяспецы:

 Удасканаліць методыкі даследавання забруджанага насення маку.

 Увесці дзяржманаполію на пастаўкі маку альбо выдаць ліцэнзіі дзвюм буйным арганізацыям, каб завоз харчовага маку ў краіну можна было татальна кантраляваць.

 Дабіцца ўзаемадзеяння ўсіх ведамстваў дзеля супрацьдзеяння небяспецы.

 Праводзіць граматную антынаркатычную прафілактыку ў школах, з прыцягваннем найлепшых псіхолагаў, з выкарыстаннем досведу перадавых краін.

Некаторыя аўтарытэтныя міліцэйскія чыноўнікі падкрэслілі, што важна патлумачыць беларускім чыноўнікам сутнасць праблемы, бо не ўсе адказныя людзі яе разумеюць. Таксама ёсць прапановы ўвесці жорсткія канфіскацыі маёмасці за гандаль забруджаным макам.

Яўген ВАЛОШЫН.

←Глас народа

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика