Скрыпачка Маймуна: "З жудасным акцэнтам спявала пра крылатыя арэлі"

Источник материала:  

Экзатычная знешнасць і інтэрнацыянальная біяграфія, кансерваторская адукацыя і моладзевая стылістыка ўласнай музыкі, галівудская ўсмешка і тыпова беларуская ўпартасць у працы... Ужо ўсім гэтым прыцягвае ўвагу да сябе маладая скрыпачка Маймуна, знаёмая публіцы па працы ў Прэзідэнцкім аркестры. Да таго ж яна з тых нямногіх артыстаў, пра каго калегі нават за спінай адгукаюцца добразычліва. Чым не нагода пазнаёміцца бліжэй? І пагаварыць па парадку...

...пра Малі

— У Малі, на радзіме таты, я правяла 4 гады дзяцінства, але некаторыя ўспаміны захаваліся. Афрыканцы — вельмі музыкальны народ, і, магчыма, разуменне і ўсведамленне музыкі я набыла менавіта там. У іх вельмі шмат святаў — вяселле, напрыклад, адбываецца шматэтапна, з чацвярга да позняга вечара нядзелі, і ўсё гэта суправаджаецца танцамі, песнямі, барабанамі... У Малі ёсць асобная каста — грыёты — фактычна дынастыі музыкаў, якія зарабляюць на хлеб спевамі, прычым галасы ў іх вельмі прыгожыя. Нездарма цемнаскурыя артысты — Беёнсэ, Уітні Х'юстан — традыцыйна знаходзяцца на вяршынях хіт-парадаў.

Скрыпачка Маймуна: "З жудасным акцэнтам спявала пра крылатыя арэлі"Афрыканскія традыцыі і абрады, прызнаецца Маймуна, ёй хоць і цікавыя, але ўспрымаюцца як экзотыка — "усё ж нарадзілася і жыву я тут, а ў Малі апошні раз была ў 2000 годзе хутчэй як турыстка". Іншая справа — кухня, дзяўчына дагэтуль памятае, як смачна афрыканцы гатуюць мяса: бараніну, ялавічыну, птушку з асаблівымі прыправамі. "Вельмі мне падабаецца кус-кус — традыцыйная страва, характэрная для Паўночнай Афрыкі. Усе гатуюць яго з рознымі соусамі. У Малі вельмі папулярны соус з вялікай колькасцю марынаванай цыбулі, які надае страве асаблівую пікантнасць".

Вярнуцца да беларускіх сваякоў Маймуну прымусіла... здароўе. "Спрыяльная пара там — са снежня па студзень, увесь астатні час невыносная спякота, у якой +30 — гэта вельмі камфортныя ўмовы. У летнія месяцы — сезон дажджоў, потым невялічкі "аксамітны сезон", а далей зноў спёка. Не кожны вытрымае. Для мяне беларускі клімат аказаўся лепшым за афрыканскае сонца, пад якім я пастаянна хварэла".

...пра выбар

У Магілёве бабуля марыла, што жвавая і музыкальная дзяўчынка будзе займацца па класе фартэпіяна — тым больш што інструмент у доме быў. "З нотамі і рытмам у мяне было ўсё ў парадку, папрасілі заспяваць — з жудасным французскім акцэнтам выканала "Крылатыя арэлі", а потым неяк завялася і выдала афрыканскія напевы з падтанцоўкай. Паглядзець на такое дзіва прыйшло некалькі педагогаў і нават дырэктар Людміла Мішчанка, якая і прапанавала: "Дзяўчынка, а ты не хочаш на скрыпачцы вучыцца?" А я напярэдадні якраз глядзела па тэлевізары канцэрт сімфанічнага аркестра, дзе мноства скрыпачоў сінхронна вадзілі смыкамі, і так была ўражана гэтай зладжанасцю, што не задумваючыся выпаліла: "Хачу!".

— Дарэчы, пра жудасны акцэнт. Ці лёгка давалася ў школе руская і беларуская мова, або, як многія "замежнікі", вы былі вызваленыя ад гэтых урокаў?

— Руская мова, як і мовы ўвогуле, ішла лёгка — я, відаць, прыроджаны гуманітарый. Ад беларускай у малодшых класах я была вызваленая, але на ўроках усё адно прысутнічала, на правах выдатніцы "дапамагала" настаўніцы правяраць сшыткі і міжволі слухала, як іншыя дзеці размаўляюць. А потым наша школа атрымала статус гімназіі, і вывучэнне моў стала абавязковым. База ў мяне была, так што аднакласнікаў без напружання дагнала. І цяпер, хоць не маю, пэўна, вельмі ўжо глыбокіх ведаў, магу падтрымаць гутарку на беларускай і з задавальненнем слухаю, калі хто прыгожа размаўляе.

У старэйшых класах Маймуна вызначылася, што яе будучыня — гэта музыка, таму навучанне ў музычнай школе і каледжы лагічна працягнула ў кансерваторыі. З тамтэйшым моладзевым сімфанічным аркестрам шмат гастралявала — некалькі разоў была ў Германіі, выступала на французскім востраве Рыньён (у Індыйскім акіяне). Дзякуючы знешнасці і свабоднаму валоданню французскай мовай дзяўчыну часта прымалі за "сваю", не раз прапаноўвалі і застацца працаваць за мяжой. Але яна без аніякага шкадавання адмовілася: "Як бы банальна гэта ні гучала, але я люблю сваю краіну, адчуваю сябе камфортна і хачу далей тут жыць. У Беларусі мой дом, мая сям'я і сябры, а для мяне вельмі шмат значыць сувязь з роднай зямлёй і блізкімі людзьмі".

...пра музычную сям'ю

Сустрэўшы некалькі гадоў таму свайго выбранніка, Маймуна змяніла экзатычнае прозвішча Дзіко на "тутэйшае" Мурашка, нарадзіла дачку і ўзяла невялічкі тайм-аўт у творчасці.

— У сувязі з нараджэннем дачкі ці думалі засвоіць новы жанр — калыханкі?

— Скрыпічных калыханак, дарэчы, вельмі многа — у Моцарта, напрыклад (напявае). А ідэя ўключыць калыханкі ў праграму выступленняў насамрэч вельмі класная, дзякуй.

— Як Дыяна рэагуе на матуліну музыку?

— Вельмі любіць, калі "мамачка грае на скрыпачцы", часта просіць уключыць тэлевізар "з мамай" і ўвогуле даўно разумее, чым я займаюся, сама нешта напявае. Інструмент ёй цікавы, але я баюся, што з такім імпэтам ад скрыпкі неўзабаве нічога не застанецца, таму пасля заняткаў хутка прыбіраю яе ў футарал. На будучыню ж вырашыла — абавязкова аддам дачку вучыцца музыцы, для пачатку на фартэпіяна.

— У вас і муж, кажуць, няблага грае...

— Вельмі добра выконвае фартэпіянныя імправізацыі, любіць джаз.

— То, магчыма, варта чакаць сямейнага дуэта або нават трыа?

— Калі толькі для "ўнутранага" праслухоўвання! <І>(смяецца) .

— А раптам муж скажа: "Маймуна, што ты пастаянна на гастролях — пасядзі дома, пазаймайся гаспадаркай"...

— Мяркую, гэта выключана, бо ён паважае тое, чым я займаюся, і ўспрымае мяне такой, якая я ёсць — з усімі вартасцямі і хібамі. У душы ён музыкант, таму цудоўна мяне разумее.

...і толькі пра музыку

— Нядаўна вы прэзентавалі сольны альбом "Quееn оf Аfrіса". Гэта праект для душы або ўсё ж камерцыйны? Неяк цяжка ўяўляецца, што ў ХХІ стагоддзі, калі людзі ўсё больш атрымліваюць музыку з інтэрнэту, інструментальны альбом будзе добра прадавацца...

— На дадзены момант, згаджуся, гэта хутчэй для душы, самарэалізацыя. Хацелася паспрабаваць сябе не тое каб у сольнай кар'еры, але ў іншым жанры. І да мяне, натуральна, выканаўцы дэманстравалі, што скрыпка можа гучаць не толькі ў аркестры і выконваць, скажам, не толькі канцэрт Чайкоўскага. Але зараз іншы час, іншыя гледачы і слухачы, і да іх варта шукаць новыя падыходы. Таму для нас з кампазітарамі Яўгенам Алейнікам і Кірылам Крысцем гэта пэўная спроба пяра, эксперымент, як падобную музыку ўспрымуць слухачы. Як мне сказалі на радыё, нашы кампазіцыі даволі часта гучаць у эфіры.

— У альбоме амаль усе кампазіцыі аўтарскія, акрамя вядомага "Лібертанга" Астара П'яцолы і папуры з песень ансамбля "Сябры". Адкуль узялося апошняе?

— Мне вельмі падабаецца гэты ансамбль, і Анатоль Ярмоленка — для мяне гэта мэтр, знакавая постаць у беларускай музыцы. Зрабіўшы адну пробную кампазіцыю для будучага альбома, я патэлефанавала яму з просьбай паслухаць. Анатоль Іванавіч вельмі станоўча адрэагаваў і сам прапанаваў зрабіць папуры або новую версію адной з песень "Сяброў". Для мяне гэта быў вялікі гонар.

— Маладая дзяўчына, скрыпачка, грае сола. Непазбежна будуць параўноўваць...

— ...з Ванэсай Мэй. Хоць мне, безумоўна, хацелася б, каб параўноўвалі з больш масцітымі скрыпачамі.

— Дык вось каб не блыталі і не казалі, што "нашы зноў калькуюць замежнікаў", можаце вызначыць у некалькіх словах, чым вы прынцыпова адрозніваецеся?

— Ну, тэхнікай ігры цяпер нікога не здзівіш — высакакласных скрыпачоў, якія быццам гуляючы выконваюць суперскладаныя пасажы, цяпер шмат. Таму найпершае адрозненне — відаць, усё ж мая індывідуальнасць, спалучэнне генаў, калі хочаце (смяецца). Думаю, мне ёсць што прапанаваць слухачам.

Гутарыла Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

←Могилевский колледж МВД будет сотрудничать с Воронежским институтом МВД

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика