Пацверджана славутая беларуская працавітасць
81% беларускіх работнікаў аддае рабоце максімум часу!
А таксама беларусы гатовыя ісці на ахвяры дзеля дабрабыту сваіх кампаній, але многія задумваюцца аб змене месца працы.
70 працэнтаў беларусаў згодныя ісці на пэўныя ахвяры дзеля дасягнення мэтаў кампаніі ў цяжкі для яе час. Гэта высветлілася падчас апытання 1105 работнікаў розных сфераў дзейнасці, якое правёў у пачатку снежня партал RАBОTА.TUT.BY. Згодна з даследаваннем, не будуць падтрымліваць сваю кампанію толькі 26 працэнтаў рэспандэнтаў. А 85 працэнтаў будуць пры неабходнасці абараняць інтарэсы і рэпутацыю свайго працадаўцы. Але пры гэтым толькі чвэрць беларусаў лічыць, што месца, дзе ён працуе, лепшае за іншыя.
Акрамя таго, 61 працэнт апытаных задаволены зараз умовамі працы, а 80 працэнтаў сказалі, што ім цікава тое, што яны робяць. Аднак кожны трэці работнік пакіне цяперашняе месца працы, калі дзе-небудзь ім прапануюць большую заработную плату (65 працэнтаў лічаць, што іх праца ацэньваецца несправядліва). 74 працэнты беларусаў увогуле задумваюцца аб тым, каб у бліжэйшы час змяніць працу.
Таксама сучасны беларускі працаўнік характарызуецца такімі ўласцівасцямі: яго падтрымлівае кіраўніцтва (51%); яго кіраўнік — знаўца сваёй справы (59%); ён давярае прафесіяналізму сваіх калег (78%); ён аддае працы максімальную колькасць часу (81%); ён ініцыятыўны (75%); і галоўнае — ён з задавальненнем будзе займацца самаадукацыяй для паляпшэння вынікаў сваёй дзейнасці (96%).
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.