Абкрадаюць пажылых
Усё часцей у апошні час рабуюць у глыбінцы вельмі пажылых суграмадзян.
Жыхар Сенненскага раёна 1935 года нараджэння паведаміў у міліцыю пра тое, што нехта знайшоў ключ ад гаспадарчай забудовы, які пенсіянер хаваў ва "ўмоўленым месцы", і скраў з забудовы веласіпед і інструменты. Высветлілася, што злодзей "працаваў" не адзін. У дачыненні да рабаўнікоў заведзена крымінальная справа. Выкрадзенае канфіскавана.
А ў Аршанскі раённы аддзел унутраных спраў звярнуўся па дапамогу дзядуля 1938 года нараджэння. Ён паскардзіўся на тое, што са двара дома скралі слясарныя ціскі і металічную скрыню. У здзяйсненні злачынства падазраецца рабочы, раней судзімы за крадзеж. Параўнальна маладзейшы дзядуля, 1949 года нараджэння, жыхар Шумілінскага раёна, расказаў міліцыі пра тое, што пасля таго, як з ягонай кватэры сышоў госць, зніклі дзве вуды. Затрымалі беспрацоўнага 1982 года нараджэння, раней судзімага за крадзеж. Выкрадзеныя вуды канфіскавалі. Завялі крымінальную справу.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.