Заставацца чалавекам! У любых абставінах

Источник материала:  

Чаму нас вучыць ахвярапрынашэнне Максіміліяна Марыі Кольбэ?

Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі запрашае на выставу, прысвечаную 70-годдзю пакутніцкай смерці святара, манаха — францысканца Максіміліяна Марыі Кольбэ, апекуна Гродзенскай рымска-каталіцкай дыяцызіі, які ў 1920-гады жыў і працаваў у горадзе над Нёманам. У 1941 годзе ён, каб выратаваць зусім незнаёмага чалавека, бацьку сям'і, пайшоў на смерць у канцлагеры Асвенцім.

Намеснік дырэктара музея, аўтар выставы "Захаваўшы жыццё..." Ігар Ганчарук бачыць яе мэту найперш у маральным прыкладзе для нашых сучаснікаў:

Заставацца чалавекам! У любых абставінах— У нас зараз бурлівае стагоддзе, калі шмат хто замыкаецца ў сабе, на ўласных праблемах. Азірніцеся вакол, праявіце больш клопатаў аб блізкіх людзях, тых, каму патрабуецца дапамога! Менавіта гэтаму вучыць подзвіг Максіміліяна Марыі Кольбэ, бо хіба ж можа быць большай любоў да чалавека, чым жаданне аддаць за яго выратаванне сваё жыццё? Вось у чым этычны сэнс выставы.

Пабудаваць выставу Ігару Ганчаруку дапамог экспанатамі айцец — францысканец, ксёндз Юзаф Макарчык — пробашч гродзенскага касцёла Маці Божай Анёльскай. Менавіта ў парафіі пры гэтым храме служыў душапастырам Максіміліян Марыя Кольбэ з верасня 1922-га па лістапад 1927 года.

Сённяшні касцёл быў асвечаны ў 1744 годзе, прычым ён ніколі не зачыняўся, і таму захавалася шмат гістарычных рэліквій. Напрыклад, на выставе прадстаўлены ўнікальныя рукапісныя кнігі — рэестр ўрачыстых набажэнстваў у гэтым касцёле ў ХVІІІ стагоддзі і статут францысканцаў канца ХVІІІ — пачатку ХІХ стагоддзя. Можна таксама ўбачыць традыцыйнае адзенне манаха — францысканца, літургічную тканіну. А аднымі з самых каштоўных экспанатаў з'яўляюцца, пэўна, епархіяльныя кнігі з аўтографамі Кольбэ і яго знакамітага сучасніка, ксяндза Мельхіёра Фардона, якога яшчэ пры жыцці называлі ў Гродне анёлам, бо ён дапамагаў усім людзям, нягледзячы на іх веру і нацыянальнасць. Гэта ён падчас германскай акупацыі ў 1915 годзе выратаваў ад расстрэлу гродзенскую пажарную каманду ...

Але вернемся да асобы Максіміліяна Марыі Кольбэ. На выставе прадстаўлены яго рукапісы з запісам ... тэхнічных вынаходніцтваў. З чаго б гэта? Аказваецца, тлумачыць Ігар Ганчарук, падчас вучобы ў міжнароднай францысканскай семінарыі ў Рыме Кольбэ вельмі зацікавіўся фізіка-матэматычнымі дысцыплінамі і нават працаваў над праектам касмічнага карабля, які мог даляцець да іншых планет. Але, вядома ж, перамагло ў ім манаскае пакліканне.

Гродзенскі перыяд жыцця Кольбэ на выставе адлюстраваны фатаграфіямі яго келлі, працы за пісьмовым сталом, а таксама абразу з выявай Маці Божай Беззаганнай (над друкарскім станком), культ якой прапагандуюць францысканцы. Гэты абраз (на здымку) адрэстаўрыраваў гродзенскі майстар Уладзімір Кіслы, і цяпер яго можна бачыць на выставе ў музеі гісторыі рэлігіі. Як і нумары часопіса "Рыцар Беззаганнай", і іншай літаратуры для вернікаў, якая выдавалася Максіміліянам Марыя Кольбэ падчас яго працы ў Гродне. Дарэчы, гэты часопіс выдаваўся і на беларускай мове, а таксама на польскай, харвацкай, партугальскай, іспанскай, японскай ...

Пасля Гродна шлях Кольбэ ляжаў ў Варшаву — непадалёк ад горада ён заклаў буйнейшы ў каталіцкім свеце манастыр Непакалянаў, а затым распачаў місіянерскую працу ў Японіі. Другую сусветную вайну ён сустрэў кіраўніком манаскай супольнасці Непакалянава.

— Для нацыстаў асоба святара, які нёс святло любові да блізкага чалавека, ставіўся да людзей з пункту гледжання хрысціянскай маралі, была больш небяспечнай, чым узброены вораг. Вось чаму яны вырашылі знішчыць яго, — лічыць Ігар Ганчарук.

Заставацца чалавекам! У любых абставінахУ канцлагеры Асвенцім Максіміліян Марыя Кольбэ і праявіў сапраўдны гераізм. Каб выратаваць, здавалася б, зусім чужога чалавека, бацьку сям'і Францішка Гаёўнічака, святар пайшоў замест яго на галодную смерць у лагерным бункеры. І быў дабіты фашыстамі ін'екцыяй фенолу.

Самае неверагоднае, сапраўдны цуд, што ахвяра Кольбэ была прынята, зазначае Антоніа Сікары ў сваёй кнізе "Партрэты святых". Лагерфюрэр згадзіўся на ахвярапрынашэнне, якое было выклікана чалавечнасцю, дабрынёй і спагадай — менавіта тым, супраць чаго змагаўся нацызм. Гітлеравец мог паслаць на смерць абодвух — Гаёўнічака і святара, але не зрабіў гэтага. І смерць Кольбэ стала не ўступкай сіле, а вышэйшым праяўленнем хрысціянскай любові.

...10 кастрычніка 1982 года з нагоды кананізацыі Максіміліяна Марыі Кольбэ на плошчы святога Пятра ў Рыме сабралася каля 200 тысяч чалавек. Сярод удзельнікаў свята быў і той самы Францішак Гаёўнічак. З жонкай, дзецьмі і ўнукамі.

— Наша выстава — як памяць аб усіх святарах розных канфесій, якія пацярпелі ў гады Другой сусветнай вайны, — кажа Ігар Ганчарук.

Ды і не толькі аб святарах. Наведаўшы гэтую выставу, нельга не ўзгадаць і подзвіг яшчэ аднаго выдатнага чалавека, які жыў у Гродне, — заснавальніка заапарка Яна Каханоўскага. У 1942 годзе партызаны забілі нямецкага афіцэра, паранілі паліцэйскага, і гітлераўцы ўзялі ў заложнікі 100 жыхароў, у асноўным прадстаўнікоў гарадской інтэлігенцыі. Кожнага чацвёртага з іх павінны былі расстраляць, і Каханоўскі, не трапіўшы ў лік гэтых ахвяр, атрымаў магчымасць выйсці на волю. Але ён прапанаваў сябе ў лік прыгавораных да смерці замест дырэктара пачатковай школы, бацькі шасцярых дзяцей Юзафа Вэвюрскага. Нямецкі афіцэр даў Яну Каханоўскаму 10 хвілін на роздум, але той свайго рашэння не змяніў. І быў расстраляны разам з іншымі заложнікамі на тэрыторыі форта ў Навумавічах.

Навечна, як і Максіміліян Марыя Кольбэ, пакінуўшы нам прыклад, што нават у самых цяжкіх жыццёвых абставінах можна заставацца сапраўдным чалавекам — чулым і мужным.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА.

←У города Солигорска и района появился свой флаг

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика