Урачы ў чэргах... да пацыентаў

Источник материала:  

На Віцебшчыне праводзіцца комплексная дыспансэрызацыя насельніцтва. Яе асаблівасць заключаецца ў тым, што медыкі ў складзе брыгад прыязджаюць на прадпрыемствы і самі "выстройваюцца ў чэргі", каб агледзіць пацыентаў. Так было нядаўна ў Оршы, дзе людзі ў белых халатах даследавалі стан здароўя работнікаў каля дваццаці прадпрыемстваў, арганізацый. У гэтым медыкам дапамагалі "вузкія спецыялісты" з Віцебска, а таксама навукоўцы і выкладчыкі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Паралельна вывучаліся ўмовы працы на прадпрыемствах, кіраўнікі якіх атрымалі канкрэтныя рэкамендацыі: што трэба зрабіць, каб іх работнікі менш хварэлі.

Аршаншчына стала першай

Як паведаміў "Звяздзе" начальнік упраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама, прафесар Юрый Дзяркач, губернатарам Віцебшчыны былі дадзены адпаведныя даручэнні па правядзенні дыспансэрызацыі. Усяго былі абследаваны больш за дзве тысячы чалавек. Па выніках дыспансэрызацыі, на лячэнне было накіравана больш за 600 чалавек — і не толькі ў Оршу, але і ў абласныя ўстановы аховы здароўя. Акрамя таго, у некаторых работнікаў была выяўлена на ранніх стадыях анкалагічная паталогія. Як вядома, своечасовае лячэнне гарантуе добры вынік.

Праца па дыспансэрызацыі працаздольнага насельніцтва будзе прадоўжана па ўсёй вобласці. Ужо зараз ідзе маніторынг у Полацку, Наваполацку, у Глыбоцкім і Шаркоўшчынскім раёнах і іншых. Галоўная мэта дыспансэрызацыі — зрабіць даступнай якасную медыцыну, "прышчапіць" грамадзянам прыхільнасць да наведвання медыкаў і лячэння. І гэта не разавая кампанія — такая работа будзе праводзіцца пастаянна.

Пасля агляду эканамічна актыўнага насельніцтва будзе праводзіцца работа па абследаванні стану здароўя грамадзян пажылога ўзросту, асабліва тых, хто пажываюць у глыбінцы.

Каб не баяліся ўрачоў

Сярэднестатыстычны грамадзянін не мае звычкі хадзіць да ўрача і часта звяртаецца па дапамогу, калі ўжо не можа трываць болю. У выніку фіксуюцца запушчаныя выпадкі захворванняў. Таму медыкі і пайшлі ў народ самі.

Як расказаў Уладзімір Плыткевіч, галоўны ўрач установы аховы здароўя "Аршанская цэнтральная паліклініка", сярод медыкаў, якія бралі ўдзел у складзе выязных брыгад, былі тэрапеўты, хірургі, стаматолагі, гінеколагі, псіхолагі і гігіеністы. Былі ўключаны ў брыгады і нарколагі. Урачы спланавалі сваю работу так, каб работнікам прадпрыемстваў было зручна прыйсці да іх для агляду. Улічваліся зменнасць працы людзей і графік работы. Медыкі дамагліся ўзаемаразумення з кіраўнікамі прадпрыемстваў, каб яны маглі даць людзям час "прабегчыся па ўрачах".

Дарэчы, падлічана, што "працоўныя страты" ў Оршы склалі больш за 337 тысяч дзён, а дзяржаўныя выдаткі па выплаце дапамог у сувязі з захворваннем дасягнулі 16,6 мільярда рублёў. А колькі прамысловасць страціла з-за нявырабленай прадукцыі? Цікавыя лічбы былі атрыманы па выніках праведзенага маніторынгу. Аказваецца, сярод работнікаў прадпрыемстваў здаровых толькі 29 працэнтаў. Практычна здаровых жанчын — 25,7 працэнта. А здаровых мужчын — работнікаў прадпрыемстваў — 24,3 працэнта. Таксама цікава, што жанчыны больш ахвотна ішлі на агляд: абследаваны 96,8 працэнта, мужчын — 86 працэнтаў.

Здаровым — прэміі

Ужо зроблена і будзе рабіцца многае, каб стварыць нармальныя ўмовы для работнікаў. У прыватнасці, на прадпрыемстве "Світанак" палепшылі ўзровень асветленасці сарака працоўных месцаў швачак. Правялі капітальны рамонт санітарных вузлоў. Устанавілі ў вытворчых цэхах новыя вокны і 400 настольных вентылятараў. Выдзелена дзесяць пуцёвак для аздараўлення і санаторна-курортнага лячэння. У выніку работніцы хварэюць значна радзей, чым летась.

На авіярамонтным заводзе прыведзены ў належны стан вытворчыя памяшканні. Часовая непрацаздольнасць на гэтым прадпрыемстве таксама зніжаецца. Дарэчы, на двух пералічаных прадпрыемствах, як высветлілася, працуе найменшая колькасць здаровых людзей.

На Аршанскім хлебазаводзе — філіяле РУВП "Віцебскхлебпрам" — работнікам, якія ў гэтым маюць патрэбу, выдзяляюць па 60 тысяч рублёў на агульнаўмацавальнае лячэнне. На мясакансервавым камбінаце прыведзены ў парадак цэхі.

На льнокамбінаце вядзецца мадэрнізацыя і замена вентыляцыйнай сістэмы, прымаюцца іншыя меры, каб людзі працавалі ў нармальных умовах. Работніцам выдадзены 25 пуцёвак на лячэнне ў санаторыях. 60 працэнтаў кошту наведвання басейна аплачвае прафкам. Па 200 тысяч рублёў могуць атрымаць тыя, хто не хварэе — не маюць на працягу года бальнічных лістоў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Орша — Віцебск.

←У города Солигорска и района появился свой флаг

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика