Каб хапіла на ўвесь год
Абапіраючыся на шматлікія фальклорна-этнаграфічныя крыніцы, архіўныя матэрыялы, уласныя запісы, зробленыя ў час экспедыцыйных паездак, мы паспрабуем сістэматызаваць звесткі аб выкарыстанні святой, цудадзейнай, "жывой" вады ў каляндарным колазвароце нашага жыцця, падаць іх у храналагічнай паслядоўнасці са спадзяваннем на тое, што духоўна-аздараўленчы вопыт нашых продкаў хоць у нейкай ступені дапаможа людзям знайсці палёгку целу і душы.
25 снежня або 7 студзеня — першы дзень Каляд, Раство Хрыстова
У першы дзень Каляд яшчэ на досвітку гаспадар прыносіў у хату свежую ваду. У драўляныя ночвы апускалі дробную сярэбраную манету, налівалі ваду. Спачатку "пасярэбранай" вадой мыў твар сам гаспадар, а за ім — усе дамачадцы. Людзі верылі, што такі рытуал "забяспечыць" чысціню твару, які не будзе пакутаваць ні ад марозу, ні ад спякоты. Цікава і тое, што кожны, хто далучаўся да выканання абраду, спачатку прамаўляў запаветныя словы: "Будзь здаровы як вада".
1 або 14 студзеня — Новы або Стары Новы год
Лічылася, што той, хто ў першы дзень Новага года першым прынясе вады з калодзежа і першым памыецца, увесь год па жыцці будзе першым.
У час першага навагодняга ўмывання ў ваду трэба пакласці медныя або залатыя грошы (або ўпрыгажэнні), каб на працягу года быць прыгожым і здаровым, а сярэбраныя грошы або рэчы — каб мець чысты белы твар.
18 студзеня — пярэдадзень Вадохрышча
Трэцяя куцця, якой завяршалася двухтыднёвае святкаванне Каляд, называлася "вадзяной", "ваданоснай". У некаторых сем'ях у гэты дзень увогуле нічога не елі, толькі пілі ваду. Часцей за ўсё гэта былі сем'і пчалаводаў, сярод якіх бытавала павер'е: калі ў гэты дзень устрымацца ад ежы, то добра будуць раіцца пчолы.
19 студзеня — Вадохрышча
Самай шануемай, выключнай па сваім аздараўленчым статусе лічылася вада, узятая 19 студзеня. Яе абавязкова прыносілі ў хату, крапілі ўсе куты, сцены, умываліся ёю, пілі, каб быць здаровымі і "ачысціцца" ад усялякіх грахоў. Яе бралі як мага больш, каб хапіла на ўвесь год і для самых розных сітуацый.
У дзень Вадохрышча не дазвалялася выносіць з хаты ваду, а таксама не аддаваць яе чужым людзям. А для хатняй жывёлы ваду рыхтавалі загадзя.
У народзе верылі ў тое, што на працягу 12 наступных за Вадохрышчам дзён вада лічыцца "святой", "чыстай", таму ў ёй не пажадана было паласкаць бялізну.
20 студзеня — Провады Каляд, Правадохрышча, Сабор Іаана Прадцечы
У гэты дзень у цэрквах адбываецца малое асвячэнне вады. У гонар Іаана Прадцечы — аднаго з найвялікшых прарокаў, які завяршыў гісторыю Старога Запавету і адкрыў эпоху Новага Запавету. У свае трыццаць гадоў ён прыйшоў на бераг Іардані і хрысціў грэшнікаў, а разам з імі — і бязгрэшнага Ісуса Хрыста. Тым самым ён паклаў пачатак таінству хрышчэння, у аснове якога — амавенне чалавека святой вадой.
Яшчэ адна назва гэтага дня — "лянівы", таму што на працягу яго не працавалі, а перад ядой абавязкова пілі святую ваду.
15 лютага — Стрэчанне, Грамніцы
Акрамя грамнічных свечак, у гэты дзень у храмах асвячалі ваду, якая набывала незвычайныя гаючыя здольнасці, якой лячылі "вогнік", рожыстае запаленне рук і ног, а таксама апёкі і асабліва чырвоныя плямы на целе дзяцей, якія, па народных вераваннях, узніклі з-за таго, што цяжарная жанчына спужалася пажару.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.