Па сцежцы жыцця, падобнай на фотастужку

Источник материала:  

У сучаснай фотажурналістыцы хапае выпадковых людзей, бо лічбавая фотакамера і жаданне здымаць яшчэ не даюць падстаў, каб залічваць сваю персону да катэгорыі прафпрыгодных. І, больш за тое, называць сябе фотамастаком. Не маючы якога-кольвек бачання кадра і той самай душэўнай зоркасці, якая вызначае ўласнае аўтарскае светаўспрыманне, многія здымшчыкі-святлапісцы мучацца самі і выпрабоўваюць цярпенне сваіх калег-газетчыкаў (не кажучы пра чытачоў), выконваючы ў лепшым выпадку ролю статыстаў. Як правіла, глядач застаецца абыякавым да ілюстрацый, у якіх адсутнічае аўтарская індывідуальнасць, асабістае стаўленне да таго, што і як трапляе ў поле зроку.

На гэтыя разважанні мяне навялі фотаздымкі персанальнай выстаўкі вядомага майстра беларускай фатаграфіі Яўгена Казюлі, якая праходзіць цяпер у сценах сталічнага Нацыянальнага музея гісторыі і культуры. Фотаздымкі, якія хвалююць, радуюць, узбагачаюць, вучаць. Вучаць любіць зямлю і людзей. Узбагачаюць уяўленне пра самабытнасць нашай краіны, багаты ўнутраны свет суайчыннікаў. Радуюць цікавыя ракурсы архітэктурных і этнаграфічных формаў і незвычайныя станы прыроды, незнаёмыя, але такія родныя, твары землякоў. Хвалююць вастрынёй аўтарскіх пачуццяў і перажыванняў, якія перадаюцца і кожнаму гледачу: перасцярогай, малітвай і наказам — берагчы, шанаваць і любіць сваю адзіную, Богам дадзеную зямлю.

Па сцежцы жыцця, падобнай на фотастужку

Фотаздымкі зроблены і нядаўна, і вельмі даўно. Чорна-белыя і каляровыя. Большасць чорна-белых, як адзнака часу, у якім Яўген Казюля найбольш плённа рэалізоўваў сябе як фотамастак і фотажурналіст. Здымкі, зробленыя дзясяткі гадоў таму, здольныя і сёння заставацца пазнавальна-цікавымі, нечаканымі, бо створаны не проста адораным (гэта само сабою), надзвычай адданым справе прафесіяналам, але і цярплівым, і натхнёным. У людзей старэйшага пакалення яшчэ не сцерліся з памяці старонкі рэспубліканскіх газет з фотаздымкамі, пад якімі часта стаяла прозвішча знакамітага аўтара. Ці не чвэрць стагоддзя (а яго ўласнага жыцця дык траціну) Яўген Казюля адпрацаваў у фотахроніцы інфармацыйнага агенцтва "БелТА". А ў фатаграфіі — наогул больш за паўстагоддзя. Вось дзе прыклад прысвячэння сябе любімай справе! З нагоды 75-годдзя Яўген Казюля і арганізаваў свой уласны вернісаж, назваўшы яго "Сцежкі творчасці. Фрагменты". У анатацыі да выстаўкі фатограф адзначыў: "Пяцьдзясят гадоў у фатаграфіі — гэта не проста лічба, якая падкрэслівае ўзрост, а звілістая сцежка жыцця, падобная на бясконца доўгую стужку фотаплёнкі, на якой дзень за днём, крок за крокам адбіліся падзеі, вобразы, пачуцці ад сустрэч на творчым шляху. Калі б я рабіў штодзень толькі па адным кадры, дык у маёй фатаграфічнай скрынцы было б болей за 20 тысяч негатываў. Насамрэч іх значна больш".

Але доўгае жыццё ў фатаграфіі — яшчэ не самы істотны паказчык гэтай творчай асобы. У працах Казюлі нібы адсутнічае тая статыстыка, на якую лёгка сысці, калі не маеш уласнага мастацкага стаўлення. Стаўлення, якое робіць празорлівым не толькі вока, але і душу. Тое, чым не лішне было б валодаць і многім цяперашнім "выканаўцам" фатаграфіі ў газетах і часопісах.

Анатоль Кляшчук.

Фота аўтара.

На здымках: рэпрадукцыі работ аўтара, фрагмент экспазіцыйнай залы і сам майстар, Яўген Казюля, з любімым творам — партрэтам народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.

←С 23 декабря начнет курсировать праздничный вагон в поместье Деда Мороза в Беловежскую пущу

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика