"Я адчувала, што апынуся ў тройцы"
Тры найвышэйшыя адзнакі ў 12 балаў Беларусь атрымала ад Расіі, Украіны і Малдовы, па 8 балаў — ад Арменіі, Літвы, Грузіі і Нідэрландаў. 7 балаў Лідзіі Заблоцкай паставіла Латвія, 4 — Балгарыя, 3 — Македонія і Швецыя, два балы аддала Бельгія. Беларусь, у сваю чаргу, вышэйшыя адзнакі аддала сваім бліжэйшыя канкурэнтам — Нідэрландам і Грузіі.
— Калі мы ехалі ў Ерэван, нам казалі, што мы рызыкуем, везучы з сабой лірычную баладу, — падзялілася ўражаннямі з карэспандэнтам "Звязды" старшыня беларускай дэлегацыі, прадзюсар Белтэлерадыёкампаніі Людміла Барадзіна. — Але фінал паказаў, што той выбар, які зрабіла Беларусь у верасні, цалкам апраўдаўся. Калі ты шчыры і адкрыты і твая песня ідзе ад душы — гэта знаходзіць падтрымку ў гледачоў. На працягу апошніх гадоў Беларусь ідзе сваім шляхам на дзіцячым "Еўрабачанні", не стараючыся абавязкова ўпісацца ў межы конкурсу. Дзякуй Богу, гледачы гэта ацэньваюць.
Разлічаная на дзяцей прома-прадукцыя з Беларусі разышлася на конкурсе імгненна. Нават дарослыя прыхільнікі "Еўрабачання" прасілі беларускую дэлегацыю пашукаць яшчэ "адзін апошні экзэмпляр".
— Было прыемна назіраць за тым, як прымалі нашу канкурсантку, — падсумоўвае Людміла Барадзіна. — Нават работнікі сцэны хацелі сфатаграфавацца з Лідай, шмат дзяцей казала, што яны нашы фанаты. Нас пазнавалі на вуліцах і выказвалі словы падзякі. Увогуле, на конкурсе адчувалася дабрыня, узаемапаразуменне і падтрымка. Нам было вельмі прыемна чуць, што беларускія канкурсанты на дзіцячым "Еўрабачанні" таленавітыя і заўсёды вельмі яркія. Таму нават і трэцяе месца для нас перамога!
Ілья ЛАПАТО.