Вока за вока?

Источник материала:  

Погляд

Тое, што Д. Канавалаву і У. Кавалёву, якіх суд прызнаў вінаватымі ў правядзенні тэракта ў мінскім метро, вынесена смяротнае пакаранне, не было нечаканасцю.

Крыху раней да вынясення прыгавору ў Мінску прыйшла навіна з Нарвегіі. Там дактары прызналі псіхічна хворым забойцу, ад рук якога загінула 75 чалавек. Гэта азначае, што пасля лячэння злачынца можа апынуцца на волі.

Вось тут і паўстае пытанне. А хіба нармальны чалавек можа забіваць нявінных людзей? Старэйшае пакаленне памятае, які жах наводзілі на Заходнюю Еўропу рэвалюцыянеры, а на самой справе — тэрарысты з "Чырвоных брыгад". Узрывалі бомбы ў самых людных месцах. Многіх тэрарыстаў асудзілі, і некаторыя з іх асуджаныя на доўгія тэрміны, адсядзеўшы, ужо немаладымі, выйшлі на волю.

І зноў пытанне. Сотні забітых і пакалечаных, а іх забойцы працягваюць жыць і радавацца жыццю. У такім выпадку, што такое правасуддзе? І тут адказ толькі адзін. Пакаранне павінна быць адэкватным злачынству.

***

Бязвінную кроў, лічу, можна змыць толькі крывёю праліўшага яе. Або "вока за вока і зуб за зуб", — як сказана ў Старым Запавеце. Менавіта гэтая біблейская ісціна найбольш падабаецца нашаму чалавеку, адпавядае яго менталітэту. А вось новазапаветнае "А я кажу вам: не працівіцца злому. Але хто стукне цябе па правай шчацэ, падстаў яму і другую" аказалася незапатрабаваным. Мы асабліва не верым у хрысціянскую "ўсёдаравальную любоў" і не будзем маліцца за тых, хто крыўдзіць нас. Чаму? Мы сумняваемся, што забойца, злодзей ці ашуканец панясе кару пасля смерці. Здавалася б, калі на тым свеце пакарання ніхто не можа пазбегнуць і кожны атрымае "па справах сваіх", то і пытанне з парадку дня здымаецца. Але вось што цікава. Нават самы веруючы чалавек, які пацярпеў ад злачынцы, хоча, каб той панёс пакаранне на гэтым свеце, у гэтым жыцці, па свецкіх законах.

***

У кожнай краіне свае законы, якія існуюць, каб абараняць грамадства ад розных негатыўных з'яў, крымінальнага элемента... — гэта калі прытрымлівацца тэмы нашай размовы.

Пакаранне смерцю існуе не толькі ў нас. Дарэчы, у свой час на рэферэндуме насельніцтва выказалася супраць адмены гэтага пакарання. Напрыклад, суды ў ЗША на смерць адпраўляюць злачынцаў "пачкамі". У штаце Каліфорнія за адзін толькі год было пакарана смерцю 70 чалавек. Напэўна, нехта там і пратэстуе супраць гэтага, але ў цэлым грамадства спакойна ставіцца да гэтага факта. А ў Іране, калі затрымалі кур'ера з наркотыкамі, яго могуць застрэліць на месцы.

Адмена смяротнага пакарання — гэта чыста еўрапейскі "пасыл". Еўрасаюз імкнецца навязаць на кантыненце сваё бачанне праблемы, хоць тым жа ЗША Еўропа не ўказ. Не можа ўплываць яна і на Кітай, дзе расстрэльваюць нават за карупцыю. А вось Расія ўжо даўно ўстанавіла на смяротную кару мараторый. І гэта пры тым, што ў краіне да 2007 года было аж 35 тысяч нераскрытых спраў па забойствах, а па цяжкіх злачынствах — аж 10 млн.

А ці ўплывае на злачыннасць наяўнасць у Крымінальным кодэксе "смяротнага" артыкула? Цяжка сказаць. Той, хто ідзе на наўмыснае забойства, наўрад ці думае пра непазбежнасць пакарання. Ды і замена смяротнай кары пажыццёвым зняволеннем не намнога лепшы варыянт — а можа, яшчэ і горшы. Тыя, хто пазбегнуў смерці, доўга ў турме не вытрымліваюць. Яны знаходзяцца на асабліва жорсткім рэжыме. Дастаткова было паглядзець кароткі тэлерэпартаж з камеры былога смертніка — чачэнскага тэрарыста, каб убачыць, што там ужо не чалавек, а яго цень.

Гэта ў Швецыі зняволеныя могуць глядзець розныя тэлепраграмы і карыстацца выгодамі цывілізацыі, а ў турмах на постсавецкай прасторы свае стандарты. А якія яны — каго сёння асабліва хвалюе? Сярод насельніцтва ўкаранілася думка, што калі чалавек апынуўся ў турме, то ён гэтага заслужыў. Забойцы і рабаўнікі спачування не выклікаюць. І калі ім вынесены прысуд, то, бывае, далейшы іх лёс нікога, акрамя родных, не цікавіць.

***

Судовы працэс над тэрарыстамі, што прайшоў у Мінску, не прыцягнуў асаблівай увагі грамадскасці, бо мала хто сумняваўся, якім будзе прыгавор. А вось калі б пакаранне вынеслі больш мяккае, то гэта многіх здзівіла б. Народ ужо быў запраграмаваны на "вышку" і іншага рашэння ад суда не чакаў.

Усе, з кім давялося закранаць у размове тэму тэракта ў мінскім метро, жадалі "бамбістам" толькі смерці. І толькі адзін пенсіянер, былы настаўнік, сказаў:" А ці ёсць гарантыя, што не атрымаецца, як у той "Віцебскай справе"?

Старэйшае пакаленне памятае, як за савецкім часам суд прыгаварыў да расстрэлу бязвіннага чалавека, якога абвінавацілі ў забойстве. Гучная была справа. Затым затрымалі сапраўднага забойцу, але нявіннага чалавека ўжо не вернеш...

Прыхільнікі адмены пакарання смерцю якраз і робяць націск на магчымасць судовай памылкі. Маўляў, пакуль чалавек жывы, памылку можна выправіць. І такі довад цяжка аспрэчыць. Верагоднасць памылкі падчас следства існуе, можа дапусціць яе і суд.

І што ў такім выпадку рабіць? А не спяшацца прыводзіць у выкананне прыгавор. Ад вынясення прыгавору да яго выканання можа быць устаноўлены "каранцінны перыяд". У ЗША прыгавораныя да смерці чакаюць яе гадамі, а гэта дае асуджанаму дадатковы шанц.

Не хацелася б напрыканцы артыкула апускацца да банальнасці і заявіць, што самае каштоўнае ў чалавека... За лепшае будзе напомніць, што калі ты не цэніш чужое жыццё, то і твайму грош цана.

Сымон Свістуновіч.

←С 23 декабря начнет курсировать праздничный вагон в поместье Деда Мороза в Беловежскую пущу

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика