Тыдзень дажджу і мокрага снегу
У першай палове бягучага тыдня тэрыторыя Беларусі застанецца пад уплывам вільготных паветраных мас, што рухаюцца да нас з боку Атлантыкі, паведаміла рэдакцыі спецыяліст Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды Вольга Фядотава.
Таму гэтымі днямі месцамі пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Вецер паўднёва-заходні ўмераны, у асобных раёнах парывісты. Уначы і раніцай на асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы будзе ад мінус 4 да плюс 2 градусаў, удзень — ад мінус 1 да 5 цяпла. Сіноптыкі падлічылі, што такі тэмпературны фон недзе на 1—4 градусы вышэй за кліматычную норму.
А вось пачынаючы з чацвярга і на выхадныя, у Беларусь завітае чарговы, на гэты раз даволі актыўны атлантычны цыклон, які прынясе да нас больш інтэнсіўныя ападкі — у выглядзе мокрага снегу і дажджу. Чакаецца даволі ветранае і няўстойлівае надвор'е. Пахаладае. Тэмпература ўначы ад 5 марозу да 3 цяпла, удзень — ад мінус 3 да плюс 4 градусаў, у пятніцу ўдзень на поўдні да 6 цяпла. На выхадныя ўжо часцей будзе ісці мокры снег, чым дождж. Снежань пачынае браць сваё...
Сяргей КУРКАЧ.