Разабрацца з наркатычным макам
26.11.2011 09:41
—
Новости Общества
Разабрацца з наркатычным макам
"Бубкі" варылі вось у гэтай капронавай панчосе.
Сітуацыя была адлюстравана ў журналісцкім расследаванні "З-за чаго пастаўкі наркатычнага маку ў Беларусь не могуць спыніць?" ("Звязда" за 10 лістапада 2011 года).
Водгукі на расследаванне ад былых наркаспажыўцоў паказваюць: "бубачнікі" — гэта не толькі "нізы": яны працуюць таксістамі, кіруюць грамадскім транспартам, зарабляюць на заводах... А навукоўцы б'юць трывогу: сітуацыя пагражае генафонду беларускай нацыі!
У той жа час заканадаўства пакуль працуе так, што зацікаўленыя ў спыненні паставак маку ведамствы, такія як міліцыя і мытня, абмежаваны законамі і не могуць цалкам спыніць небяспеку.
Пасля выхаду расследавання журналіст "Звязды" сустрэўся з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Зінаідай МАНДРОЎСКАЙ і начальнікам Упраўлення па наркакантролі сталіцы Канстанцінам ЛЯШКЕВІЧАМ. Аўтарытэтныя дзяржаўныя чыноўнікі ўпэўніваюць, што сітуацыю можна выправіць. І тлумачаць, што для гэтага варта зрабіць.
Зінаіда МандроўскаяДэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь (Пінская гарадская выбарчая акруга № 14). Намеснік старшыні Камісіі па працы, сацыяльнай абароне, справах ветэранаў і інвалідаў. Журналістам Зінаіда Міхайлаўна вядомая сваёй жорсткай антынаркатычнай і антыалкагольнай пазіцыяй, ініцыятывамі ў працоўным і падатковым заканадаўстве, захадамі ў абарону інвалідаў. |
У час, калі я гутарыў з Канстанцінам Раманавічам, у сталіцы грымелі гучныя канфіскацыі наркатычнага маку і машын, з якіх тавар рэалізоўваўся. Гэта з падачы старшыні мінскага Наркакантролю ў прадаўцоў "бубак" пачалі забіраць аўтамабілі.
Барыгі (прадаўцы "бубак") афармляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, плоцяць падаткі і такім чынам абараняюцца ад канфіскацый. Аднак міліцыя знаходзіць новыя і новыя метады барацьбы. Толькі спыніць барыг штрафамі — немагчыма, занадта вялікія прыбыткі яны маюць (каля 3000 долараў на самага дробнага наркатаксіста, які працуе двое сутак праз двое). Разам з тым прадаўцы наркатычнага тавару хаця б перасталі чыніць свой промысел нахабна і не хаваючыся.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Зінаіда Мандроўская пачала займацца "бубачнай" праблемай паўтара года таму. Пасля таго, як паступілі скаргі ад выбаршчыкаў. І жахнулася: насенне маку варылі ў ацэтоне і калоліся не толькі маргіналы, але і звычайныя рабочыя, і нават шматдзетныя мамы. Зінаіда Міхайлаўна, як і належыць дэпутату, пачала гучна звяртаць увагу на праблему. І, дзякуючы свайму аўтарытэту, была пачутая.
Якія крокі неабходна зрабіць найперш?
"Трэба неадкладна наладзіць узаемадзеянне ўсіх ведамстваў супраць наркаманіі..."
— Чаму пачала займацца гэтай праблемай? Выбаршчыкі пры сустрэчах скардзяцца. Прыходзяць мамы, чые дзеці спажываюць наркотыкі, — кажа Зінаіда Мандроўская. — У 2010 годзе мы дабіліся новага дзяржаўнага стандарту на мак. Мытня пачала правяраць пастаўкі харчовага маку, і некаторыя партыі арыштоўваліся, таму што мелася засмечанасць макавай саломкай. Але пад выглядам капусты, яблыкаў партыі ўсё адно да нас праходзяць. І чаму сёння гэта праблема стала яшчэ больш вострай? Таму што — супольная мытная прастора, адкрытая мяжа з Расіяй.
Канстанцін Ляшкевіч Начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ГУУС Мінгарвыканкама, палкоўнік міліцыі. Вядомы бескампраміснай пазіцыяй у дачыненні да нарказбытчыкаў, ноу-хау ў барацьбе з распаўсюджваннем наркотыкаў і гучнымі выкрываннямі наркалабараторый. |
Сітуацыя такая, што ніхто не павінен праяўляць абыякавасць. Не папаўняюць жа наркагандляры бюджэт, яны папаўняюць свае кішэні і забіваюць нашых маладых людзей. Калі наркаман мае сорак гадоў, то гэта нонсэнс. Усе маладыя, таму што яны не дажываюць. Сур'ёзна пашкоджваюцца ўсе ўнутраныя органы і псіхіка.
— Наша журналісцкае расследаванне паказала, што купіць мак нескладана. Наркаспажыўцы лёгка знаходзяць сыравіну і колюцца...
— Удалося вырашыць некаторыя пытанні. Але не ўдалося дабіцца ўзаемадзеяння ўсіх ведамстваў, якія павінны забяспечваць супраціў наркатызацыі. Мы пакуль не сталі шчыльнымі радамі супраць гэтай праблемы. А трэба было б!
— Я, калі рыхтаваў артыкулы пра "бубкі" і шматлікія "эйфарыйныя парашкі", натыкаўся на дзясяткі аб'яў у інтэрнэце. І быў здзіўлены, чаму гэта не кантралюецца. Няўжо некаторыя не бачаць праблемы?
— Я атрымлівала і такія адказы: <І>"Чаму вы задаяце дзіўныя пытанні? Гэта ж булачкі...". Такая пазіцыя выклікала здзіўленне. Як можна за паўгода 800 тон маку выкарыстаць на булачкі?
Многія ведамствы — МУС, Дзяржаўны мытны камітэт — спрабуюць змагацца з праблемай, але неабходнага ўзаемадзеяння з некаторымі іншымі ведамствамі, на мой погляд, недастаткова.
З гэтай прычыны я звярталася ва ўрад. У адказах гучала, што пытанні часам абмяркоўваюцца падчас каардынацыйных нарад, якія праводзіць Міжведамасны савет.
З прыходам новага ўрада я зноў паведаміла аб праблеме ў сваім звароце. У сувязі з тым, што зараз створана супольная мытная прастора, наркатычная праблема зрабілася яшчэ больш актуальнай. Якія б меры ні прадпрымаў Мытны камітэт, мак можа прыходзіць праз мяжу з Расіяй, і ніхто ведаць не будзе. Гэта факт.
Нядаўна я мела размову з адказнымі работнікамі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Сказала, што ёсць такая праблема і яе нельга замоўчваць, што неабходна ўзяць і сумесна яе абмеркаваць, каб выпрацаваць сумесныя прапановы.
Упэўненая, што спецыяльная нарада адбудзецца, будуць выслуханы розныя пункты гледжання, у тым ліку Міністэрства ўнутраных спраў, Генпракуратуры, Вярхоўнага суда, Міністэрства адукацыі і гэтак далей.
Важна выпрацаваць стратэгічныя падыходы. Не раз за паўгоддзе ці раз за квартал сустракацца, а працаваць увесь час. Тады шмат што вырашыцца.
Займацца праблемай наркаманіі трэба сур'ёзна, а не траціць потым грошы на лячэнне. А колькі злачынстваў здзяйсняецца з-за наркаманіі! А наш генафонд!
Неабходна наладзіць узаемадзеянне і знайсці людзей, якія будуць зацікаўлены ў вырашэнні гэтай праблемы, мабілізаваць усё грамадства і СМІ.
Змагла ж наша краіна на высокім узроўні вырашыць пытанне па супрацьдзеянні гандлю людзьмі. І з наркапагрозай мы павінны справіцца, каб не пакутвалі ні дзяржава, ні маладыя людзі.
Некаторыя чыноўнікі проста не разумелі сутнасць небяспекі?
"Бубкі" шырока прысутнічаюць на беларускім наркарынку (з 2004-2005 гадоў). І толькі з 2010-га былі прыняты першыя меры па супрацьдзеянні — зменены дзяржаўны стандарт, які забараніў дамешкі макавай саломы.
У чым справа? Што перашкаджала папярэдзіць праблему раней?
Кіраўнік сталічнага Наркакантролю Канстанцін Ляшкевіч лічыць, што мела месца банальнае неразуменне праблемы.
— Калі Міністэрства ўнутраных спраў у 2006-м, 2007-м, 2008-м гадах тлумачыла і нешта даказвала, некаторыя чыноўнікі "хі-хі, ха-ха", "як гэта мы будзем жыць без булачак з макам?" — абураецца Канстанцін Раманавіч. — Людзі не разумеюць, што харчовая прамысловасць закупляе абсалютна іншы мак. Найчасцей гэта блакітнае насенне з Чэхіі ці Польшчы. Гэты мак праходзіць спецыяльную тэрмічную апрацоўку, і наркатычны раствор з яго не вырабляецца. Значыць, булачкі з макам і пончыкі ў нас будуць.
Што тычыцца забруджанага насення, то, па міжнародных стандартах, наркотыкам яно не з'яўляецца. Але ж гэта страшны наркотык, бо нашы "ўмельцы" навучыліся вырабляць з яго наркатычны раствор.
"Забараніць гандаль макам і сапраўды жорстка штрафаваць за гэта!"
— Якія захады, на вашу думку, неабходна зрабіць найперш, каб спыніць пастаўкі наркатычнага маку? — цікавімся ў старшыні сталічнага Наркакантролю.
— Найперш чаму б не зрабіць, як урад Краснадарскага края? Яны ўзялі і забаранілі абарот насення маку.
А харчовая прамысловасць знаходзіла магчымасць закупак.
Калі тое ж зробяць у Беларусі, у турму за продаж насення ўсё роўна саджаць не будуць. Але трэба зрабіць сапраўдны сур'ёзны штраф, канфіскоўваць машыны. Ніхто тады не павязе праз адкрытую мяжу з Расіяй фуру маку. Сёння ты прадаў, заўтра ў цябе канфіскуюць і фуру, і мак. Мы аналізуем сітуацыю і ведаем, якія дыяспары займаюцца "бубкамі", хто іх прывозіць, каго трэба кантраляваць.
Калі існуе праблема, давайце на год забаронім продаж маку і паглядзім на сітуацыю. Ніякіх спыненняў грашовых патокаў гэта не пацягне. Яшчэ раз хачу паўтарыць — забруджанае насенне ўвозіцца незаконна. Людзі зразумеюць, што гэта забаронена, і проста не павязуць да нас.
Як арганізаваць татальны кантроль за пастаўкамі маку?
Так выглядаюць паўлегальныя "бубкі" |
Як аналізавалася ў журналісцкім расследаванні "Звязды", дзяржманаполія на пастаўкі маку магла б вырашыць праблему. Камерцыйным прадпрыемствам забаранілі б увозіць "бубкі" на тэрыторыю Беларусі, такія пастаўкі маглі б расцэньвацца як кантрабанда. Зінаіда Мандроўская выказвае думку, як магчыма ажыццявіць ідэю татальнага кантролю паставак маку.
— Мне падабаецца ідэя ўводу дзяржаўнай манаполіі на гандаль макам. Хапае іншых тавараў, каб прадпрымальнікі маглі гандляваць. Адзін мак не сыграе ролі. Гэта ж не нафта, якую ўсе спажываюць.
— Але супольная мытная прастора не дазваляе....
— Значыць, у межах Мытнага саюза трэба выпрацоўваць меры. Калі нельга зрабіць дзяржманаполію, няхай ліцэнзіі на гандаль макам выдадуць. Магчыма ж у нас выдача ліцэнзій на гандаль алкаголем. Дзвюх арганізацый, напрыклад, дастаткова, каб была канкурэнцыя. Арганізацыя кожны раз будзе вымушана даваць тавар на даследаванне, атрымліваць заключэнне, рабіць справаздачы: колькі прывезена, куды пайшло. Усё павінна быць празрыстым.
А так — вязуць усе. Быццам інакш не заробіш. Ну проста слоў няма! Трэба абавязкова насенне маку вазіць: усе будзем булачкі пячы!
Таму ўсё можна вырашыць, калі захацець. Калі мы будзем думаць пра будучыню, усё здарыцца так, як трэба. Пазіцыю трэба даводзіць адкрыта, шчыра. І тады ўсё стане на свае месцы.
Ці змогуць пазбаўляць волі за гандаль насеннем маку?
Журналісцкае расследаванне "Звязды" паказала яшчэ адну праблему. Сучасныя методыкі даследавання насення маку, якія ўжываюцца ў Беларусі, на жаль, не паказваюць наяўнасць алкалоідаў опію ў насенні. Наркаспажыўцы з дапамогай растваральніку апіяты выцягваюць, а экспертыза іх наяўнасць канстатаваць не можа. Няма апіятаў — няма турэмных тэрмінаў.
— Калі існуюць у свеце методыкі, якія паказваюць наяўнасць опію ў насенні, то яны павінны быць і ў нас, — падкрэслівае з гэтай нагоды Зінаіда Мандроўская. — Ёсць праблема: калі насенне маку асобна, а растваральнік асобна, то гэта сёння не наркотык. Таму я пакуль не магу даць адказ на пытанне, як саджаць дылераў у турму за гандаль забруджаным насеннем маку. Але трэба паслухаць спецыялістаў: што яны думаюць на гэты конт? Я сама па адукацыі — хімік. Я разумею, што алкалоід не можа не прысутнічаць у насенні, раз з яго гатуюць наркотык. Калі опій прысутнічае, значыць павінны быць і методыкі, якія выяўляюць наяўнасць опію. Наркаспажыўцы ведаюць методыкі, як выцягваць алкалоіды з насення маку і потым калоцца, значыць і методыкі трэба зрабіць. Няма нічога невырашальнага.
Я ведаю адно: калі ты хочаш вырашыць праблему, знойдзеш час і сродкі. Калі ты не будзеш яе вырашаць — знойдзеш прычыну. Таму будзем шукаць сродкі і сілы, а не шукаць апраўданні, што гэтага зрабіць нельга.
Як папярэдзіць развіццё наркаманіі ў школах?
Зінаіда Міхайлаўна адзначае, што распаўсюджванне наркаманіі можна загадзя папярэджваць яшчэ са школьнага ўзросту. Але прафілактыка ва ўстановах адукацыі пакуль не такая эфектыўная, як хацелася б.
— Трэба змяніць стаўленне да праблемы. Я прапаноўвала адным з пунктаў "Праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь", каб у школах увялі адміністрацыйную адказнасць за ўтойванне фактаў спажывання наркотыкаў альбо алкагалізму.
Неабходна не толькі наладзіць належную прафілактыку, але і выкарыстаць самы шырокі досвед замежны, грамадскіх аб'яднанняў, псіхолагаў, псіхатэрапеўтаў.
Можна ўводзіць з пятага, шостага, сёмага класаў адукацыйны курс, які граматна паказваў бы, што гэта такое.
Ніхто з дзяцей не дадумаецца бегчы і скакаць у ледзяную ваду, ведаючы пра наступствы. А тут маецца масавая з'ява. Дзіця хоча паспытаць наркотыкі, бо многія яго разбэшчваюць, ведаючы, што ў бацькоў ёсць грошы, што гэтым можна будзе скарыстацца. Таму прапаноўваюць. Дзесьці побач са школамі, праз нейкіх знаёмых. Бацькі і школа павінны давесці дзіцяці, што гэта небяспечна.
Я не псіхолаг, але я ўпэўнена, што ў нас ёсць моцныя спецыялісты, якія маглі б стварыць адмысловыя тэсты, праграмы, электронныя матэрыялы. Каб у многіх дзяцей не ўзнікла жадання паспытаць наркотыкі.
Канстанцін Ляшкевіч прапаноўвае абапірацца на гатовы досвед некаторых краін.
— У першую чаргу менавіта школы павінны быць зацікаўлены ў выпраўленні становішча. Калі прыйшоў чалавек на заняткі, і ў яго вочы выглядаюць падазрона, дзіця неадэкватна сябе паводзіць, нельга гэта ўтойваць, — пераконвае Канстанцін Раманавіч. — Бо ў нас часта бывае, калі ў школе здарыўся інцыдэнт, ёй ужо мінус. Дык, выбачайце, гэта было даўным-даўно.
Мы сочым за сусветным досведам. Як шведы лічаць? Чым раней мы пачнём дапамагаць чалавеку, які трапіў пад дрэнны ўплыў, тым больш будзе ў яго шанцаў выжыць.
Жыццё складаецца з прыступак. Чалавек пачаў брыдкасловіць — яму ніхто не зрабіў заўвагу. Потым — курыць, потым — піць піва. І ніякіх заўваг. Потым ён пачаў нюхаць пакет — і таксама бацькі прамаўчалі. Потым ён пачынае курыць марыхуану, наступны крок — да ін'екцыйных наркотыкаў. А калі б сітуацыю не ўтойвалі з самага пачатку, гэтага б не здарылася.
У ЗША цяжкая сітуацыя з наркотыкамі была ў 70-х-80-х гадах. Яны прымусілі ўсе ўстановы адукацыі супрацоўнічаць з паліцыяй, каб мець інфармацыю па збытчыках і своечасова ўсё гэта прыпыняць. І ў іх праблема рэзка скарацілася.