"Жадаю, каб у Беларусі было больш прыхільнікаў беларушчыны..."
"Дзень падпісчыка" ў Барысаве стаў цалкам мужчынскім. У той час, як побач з нашым стэндам барысаўскія жанкі выпісвалі штосьці пра лекі і агарод, барысаўскія мужчыны выбіралі іншы лек — падпіску на "Звязду".
Барысаўчанін Віктар Рыгоравіч Рэуцкі ў "звяздоўскай" латарэі выйграў СВЧ-печку. Але прыехаць у сталіцу па выйгрыш для 82-гадовага мужчыны не так і проста, таму "Дзень падпісчыка" ў яго родным горадзе стаў прыемным супадзеннем.
Усё жыццё Віктар Рыгоравіч адпрацаваў у Барысаўскім абласным інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Выкладаў матэматыку. У свой час з адзнакай скончыў педвучылішча, пасля быў інстытут, але праз увесь час лёс вяртаў барысаўчаніна — на радзіму.
— Сам родам з Барысаўскага раёна, з вёскі Лісіцкая Рудня. Ажаніўся на Бягомльшчыне. У сям'і было трое дзетак, калі маёй жонкі не стала... Прыехаў у Барысаў — пазнаёміўся і сышоўся з іншай жанчынай. Яна прыняла маіх дзяцей, пасля мы яшчэ сваіх двое нарадзілі. Усіх выгадавалі, усім адукацыю далі... і ніводнага няма побач. Дажываем свой век, двое старых. Дзеці часам прыязджаюць — у каго ёсць час...
Віктар Рыгоравіч пералічвае нам сваіх унукаў. Ясныя вочы заходзяцца ў цеплыні і паціху напаўняюцца слязьмі...
У розыгрышах "Звязды" Віктар Рэуцкі ўдзельнічае рэгулярна, але пашанцавала яму толькі зараз.
— Я праглядаю газету з першай і да апошняй старонкі, — прызнаецца мужчына. — Пачынаю з "перадавіцы", вельмі падабаецца рубрыка "Народ на провадзе". Таксама сканворды, "Абзац" — там заўсёды штосьці свежанькае... Я з газетай не развітваюся ні на хвіліну. Матэрыялы цікавыя і заўжды напісаныя даступнай мовай. "Звяздзе" я хачу пажадаць квітнець і павялічваць тыраж. І каб дзякуючы газеце ў Беларусі колькасць аматараў беларускай мовы расла. Закінулі мы мову... На рускай усё, на рускай...
Чулыя паштавікі
У аддзяленні паштовай сувязі № 5 г. Барысава цёпла і неяк па-свойску. Людзі прыходзяць заплаціць за святло-газ-тэлефон і раз-пораз спыняюцца ля стэнда "Звязды", разглядваючы стракатыя календары звяздоўскіх фатографаў Анатоля Клешчука і Марыны Бегунковай.
— Падыходзім, падпісваемся, атрымліваем падарункі, — агітуюць барысаўчан мае калегі па падпісцы — аператар паштовай сувязі Кацярына Каўпак і намеснік начальніка аддзялення паштовай сувязі Наталля Моніч.
Гледзячы на прывабных маладых дзяўчат, радуешся іх настрою і гатоўнасці падказаць-параіць. Тут жа, побач, — інструктар падпіскі Алена Дзевятаева.
Раз-пораз, каб праверыць, як ідуць справы па падпісцы, да нас завітваюць Васіль Казачок, начальнік Барысаўскага РУПС, і яго намеснік Людміла Кавалёнак. Таксама гутараць з наведвальнікамі, падказваюць, кансультуюць. І радуюцца новым падпісчыкам.
* * *
Даведаўшыся, што ў Барысаў прыехалі "звяздоўцы", кінуўшы ўсе справы, на пошту паспяшаўся і заслужаны будаўнік Барысава Алег Іванавіч Марцынкевіч.
— Будую яшчэ з заканчэння вайны, — прызнаецца ён. — Віцебск, Барысаў, Казахстан... У мяне два сыны будаўнікі, жонка будаўнік, нявестка будаўнік, свацця са сватом будаўнікі <І>(усміхаецца).
У "Звяздзе" люблю рубрыку "Здароўе". Увогуле — выпісваю газету даўно, таму вельмі ўсцешаны, што ўдалося пагутарыць з прадстаўнікамі любімай газеты...
Дзякуй Вам, Алег Іванавіч! Нам таксама вельмі прыемна, што нашы чытачы не забываюцца пра нас і заўсёды прыходзяць, каб падзяліцца набалелым. І мы заўжды адкрытыя для дыялогу.
Ілья ЛАПАТО, Барысаў — Мінск.