I месца ўпрыгожвае чалавека, і чалавек — месца

Источник материала:  

Лукавая гара пад Бабруйскам цікавы помнік прыроды

Лукі (з нядаўняга часу — пасёлак Бярэзіна) размешчаны на паўночнай ускраіне горада.

А бяруць яны пачатак, як сведчаць архіўныя даныя, з 1760 года. Сваім нараджэннем яны абавязаны роду Лучанкоў, які перасяліўся сюды з-пад Барысава. Відаць, ім даспадобы прыйшліся тутэйшыя мясціны: лес, возера, якое злучалася з ракой Бярэзінай, шырокі поплаў. І да павятовага горада, як кажуць, рукой падаць: на фурманку летам ці зімой на сані, закупіў, што трэба, і вяртайся назад. Неўзабаве да Лучанкоў далучыліся Луканскія, Кавалеўскія — назвы хутару давалі па прозвішчах іх жыхароў. У 1826 годзе ў Луках была ўзведзена праваслаўная царква. Ды якая — без адзінага цвіка! Майстры-будаўнікі з Калмыкіі прадэманстравалі тут сапраўднае вытанчанае ўменне. Пазней з’явілiся царкоўнапрыходская школа, гандлёвыя лаўкі. Сюды любілі ездзіць на паляванне, лавіць рыбу, проста пабыць на ўлонні прыроды…

Цяпер Лукі ўжо не хутар. Перад вайной налічвалі яны больш за тысячу жыхароў. Немцы па мястэчку прайшлі двойчы: у 1941-м, калі рваліся ў глыбіню краіны, і ў чэрвені 1944-га, калі давалі драпака. Праўда, спрабавалі ўтрымацца на лініі абароны Лукі—Шчаткава—Сычкава, дзе рака і ўзвышаная мясцовасць. Толькі нічога з гэтага не атрымалася: савецкія войскі хутка ачысцілі тэрыторыю ад ворага, тысячы чужынцаў знайшлі сабе тут магілы. Вядома, падчас баёў пацярпела насельніцтва.

Але Лукі адрадзіліся, завіравалі жыццём. З часам пасёлак пачаў забудоўвацца ў бок горада, а горад — у бок яго. Неўзабаве з’явіўся аўтобусны маршрут № 7, на якім мясцовыя жыхары ездзілі на работу ў горад. Не дзіва, што было прынята рашэнне аб уключэнні Лук у склад горада, іх перайменавалі ў пасёлак Бярэзіна.

Цяпер тут уздоўж дарог стаяць даўняй пабудовы дамы і двух-, а то і трохпавярховыя, з чырвонай цэглы, крытыя металачарапіцай, — сучасныя. Напэўна, іх засяляюць людзі не бедныя, а тыя, хто капейку мае. Жывуць яны пастаянна ў гора­дзе, а тут маюць дачы, месца адпачынку. Яно і не дзіва, наўкол такая прыгажосць!

Хочацца расказаць пра таго-сяго з жыхароў пасёлка. Напрыклад, пра Яўгенію Маеўскую-Лучанок, дом якой на ўскрайку, а за ім пачынаецца невялікая вёска Антонаўка, што ўжо адносіцца да Сычкаўскага сельскага Савета. Хата Яўгеніі Пятроўны павернута да сонца, прастор і такія краявіды адкрываюцца, што пазайздросціш! Можа, гэта прырода і падахвочвае гаспадыню да творчасці: яна карціны малюе, вершы складае, на гармоніку грае — на ўсё яе хапае!

Праз пару дамоў ад Маеўскай жыве яе сын Валерый, работнік “Белшыны”, чалавек гаспадарлівы: трымае каня, мае свой пчальнік, заўзяты паляўнічы, рыбалоў.

У пасёлку да гэтага часу пераважаюць прозвішчы Луканскія, Кавалеўскія, Маеўскія, тут шмат майстроў ткацтва, вышывання, лозапляцення — тых спраў, што перадаваліся ад пакалення да пакалення.

Аднак вы яшчэ не ведаеце пра галоўную адметнасць пасёлка — Лукавую гару. Яна там, дзе Бярэзіна робіць выкрунтас і ўшчыльную падбягае да крутога, мо з паўсотню метраў, берага. Адтуль адкрываюцца шырокія далягляды, з’яўляецца пачуццё “крылатасці”.

А пад самай гарой б’е, струменіць крынічка. Многія прыхо­дзяць да яе, каб наталіцца гаючай вадой. Між іншым, экалагічныя валанцёры з гарадскога юнацкага клуба “Бабраня” даследавалі ваду з лукаўскай крыніцы і выявілі, што яна больш празрыстая, утрымлівае болей солей крэмнія, кальцыя і іншых рэчываў.

Тутэйшыя жыхары аберагаюць сваю гару, уважліва сочаць за яе санітарным станам: тут выса­джаны дрэвы, збудавана альтанка, усюды чысціня і парадак. Менавіта па ініцыятыве лукаўскіх жыхароў і гарадской экалагічнай службы Лукавая гара стала помнікам прыроды, узята пад ахову дзяржавы.

Унізе, ля крутога берага, лодачная станцыя. З яе ўлетку ажыццяўляюцца перавозкі пасажыраў да дачнага пасёлка Гута, рэйсы для тых, хто хоча пагойдацца на хвалях, нацешыцца рачнымі пейзажамі…

Неўзабаве горад пады­дзе да Лукавай гары. Аднак яна застанецца недатыкальнай — акальцуецца (прыкладна 30 гектараў) зялёнымі насаджэннямі з месцамі адпачынку для гараджан.

Вось і атрымліваецца: і месца ўпрыгожвае чалавека, і чалавек — месца.

←Как выписать из квартиры бывшего мужа?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика