Цудадзейная вада
Уяўленні аб цудадзейнасці вады ўзніклі ў свядомасці нашых продкаў хутчэй за ўсё дзякуючы яе прыродным якасцям: свежасці, празрыстасці, здольнасці ачышчаць чалавека як у фізічным, так і энергетычным плане. У паданнях і легендах, асабліва ў казачным эпасе, існуе вялікая колькасць твораў пра "жывую" і "мёртвую" ваду. Адна з іх дапамагае чалавеку набрацца сілы і лёгка адужаць свайго праціўніка, другая, у сваю чаргу, здольная пазбавіць яго геройскіх якасцяў.
Шматлікія помнікі пісьменнасці сведчаць, што старажытныя славяне з асаблівай павалай адносіліся да крыніц — месца самастойнага выхаду вады на паверхню зямлі. Тое месца, дзе пачынала "звінець" вада, ачышчалі ад смецця і буралому, ставілі невялічкія агароджы, пакідалі апазнавальныя знакі (пазней гэтым знакам стаў крыж), на якія павязвалі ручнік, і яно станавілася месцам маленняў, сустрэч, выканання рытуальных дзеянняў.
Каб здзейснілася жаданне або знікла састарэлая хвароба, вадзе прыносілі ахвяру — манету або іншыя рэчы; у некаторых выпадках на галінкі дрэва каля крыніцы мацавалі невялічкі кавалак тканіны або пояс.
Да крыніцы прыходзілі маладыя, каб прамовіць малітву вернасці, каб заручыцца падтрымкай святога месца, каб іх сумеснае жыццё было такім жа светлым, чыстым, як крынічная вада. Да крыніцы прыносілі немаўлятка, каб далучыць яго да жыццёвай ручаіны роду. Каля крыніцы воіны прыносілі клятву на вернасць роднаму краю і бралі з сабой "жывую" ваду, якая, верылі, уратуе на полі бою, а калі што, загоіць раны. І хаця часцей за ўсё крыніцы з'яўляліся ў самых непраходных, аддаленых месцах, яны адразу станавіліся сапраўднай святыняй.
Асаблівай пашанай у народным асяроддзі карысталіся яўленыя абразы, а таксама тыя мясціны (дрэва, бераг ракі, крыніца, узгорак), дзе яны былі знойдзены. Як правіла, у тых месцах будавалі капліцы і нават храмы, як напрыклад, у вёсцы Жыровіцы Слонімскага раёна. Там жа, непадалёку адна ад адной, б'юць тры крыніцы, вада ў якіх лічыцца цудадзейнай. Вобраз Багародзіцы або якіх-небудзь святых, адлюстраваных на яўленых іконах, становіцца апекуном гэтай мясцовасці.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.
Нам хацелася б звярнуцца да нашых паважаных чытачоў: калі ласка, напішыце нам пра крынічку (а можа, пра камяні-следавікі, крыжы, свяшчэнныя дрэвы, пагоркі...), якія ёсць у вашай мясцовасці, пра тыя цуды, якія адбываюцца з іх удзелам, і разам мы складзем "АТЛАС СВЯТЫХ МЯСЦІН НАШАЙ РАДЗІМЫ". Мы, у сваю чаргу, абяцаем прыехаць да вас у госці і расказаць пра ваша "святое" месца на старонках перыядычнага друку. Можна пісаць на адрас рэдакцыі "Звязды" або на адрас Інстытута культуры Беларусі: г. Мінск, вул. Каліноўскага, 12, Круку І.І., Катовіч А.В.