ХТО АДКАЖА ЗА ПРЫЧЫНЕННЕ ШКОДЫ ПОМНІКАМ?

Источник материала:  

Апошнім часам у рэспубліканскіх і рэгіянальных сродках масавай інфармацыі з'яўляецца ўсё больш публікацый, прысвечаных ахове помнікаў гісторыі і культуры. Аб чым гэта гаворыць? Найперш аб тым, што наша грамадства хоць марудна, але неадольна паварочваецца да праблемы паважлівых адносін да нашага мінулага, да нашай даўніны, да нашай гістарычнай, найперш архітэктурнай, спадчыны, якая ўсё яшчэ ўпрыгожвае воблік роднай зямлі, робіць яго непаўторна-зваблівым і для замежных наведнікаў.

Але гэткая журналісцкая актыўнасць сведчыць, на мой погляд, і пра надзвычай непрыемны аспект у арганізацыі аховы помнікаў, а менавіта: тут кожны год выяўляецца вялікая колькасць парушэнняў, якія невядома чаму не атрымліваюць адпаведнай ацэнкі тых органаў, якія найперш павінны кантраляваць, строга і патрабавальна ставіцца да выканання заканадаўства ў сферы аховы помнікаў, да яго парушэнняў. Як да ўсялякіх іншых парушэнняў у любой сферы заканадаўства. Так павінна быць! Павінна, але... Чамусці "правоприменительная практика" на гэты конт не мае багатай гісторыі. Занадта "добранькімі" часта аказваюцца кантрольныя органы, надзвычай памяркоўнымі, усёдаравальнымі. Не, я ніякім чынам не заклікаю да "пускання крыві" — хай Бог бароніць. Але ж, як казалі яшчэ старажытныя спавядальнікі закона: "Durа lех, sеd lех" ("Суровы закон, але ж гэта закон"). А іначай нашто і пісаць іх — законы нашага супольнага жыцця. Я за тое, каб закон працаваў, а не лічыўся наяўным, прысутным. Каб тыя, хто закон кантралюе, рэальна ацэньвалі стан спраў. Каб не фігуравалі з года ў год адны і тыя ж парушэнні.

Да гэткіх невясёлых разваг падштурхнула мяне публікацыя ў "Звяздзе" за 16 лістапада "Куды зніклі курганы ранняга Сярэднявечча?". Яе аўтар Аляксандр Пукшанскі вядзе размову пра тое, якія праблемы выявіла пракурорская праверка ў Віцебскай вобласці адносна аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Гаворка пра выкананне патрабаванняў закона не абы кім, а самімі "мясцовымі выканаўчымі органамі". Акурат тымі, хто найбольш павінен быць зацікаўлены ў захаванні і рацыянальным выкарыстанні ў сённяшнім выхаваўчым працэсе і ў турыстычнай сферы нашай спадчыны, у высокай эфектыўнасці патрабаванняў закона.

А што ж на практыцы? Усё тое ж, што і даўней: канстатуецца, што парушэнні накопліваюцца, становішча не выпраўляецца, закон не працуе. Але ж ці можна адносіцца да такога становішча толькі з пазіцый канстатацыі фактаў? Бо ці зменіцца сітуацыя, калі "многія з выяўленых у працэсе папярэдняй праверкі парушэнняў не ліквідаваны да цяперашняга часу"? І далей ідзе пералік гэтых парушэнняў. Даўніх, як ажно 15-гадовая адсутнасць гаспадара на вадзяным млыне ў Талачынскім раёне, і не вельмі — знікненне курганных могільнікаў у Докшыцкім раёне. Не буду паўтараць тое, што сказана ў публікацыі. У мяне ўзнікае толькі адно пытанне: дык хто ж над усім гэтым гаспадар? Дзе закон? Чаму ён такі бездапаможны ў адносінах да парушальнікаў? І хто зацікаўлены ў падобнай бездапаможнасці? Хто возьме на сябе смеласць вынесці адэкватную і справядлівую ацэнку такой "дзейнасці" і бяздзейнасці? Няўжо можна абмежавацца толькі канстатацыяй фактаў? Гэта робіцца не першы раз і не першы год. А справа не паляпшаецца. Парушэнні не толькі множацца, але і набываюць часам своеасаблівы паказальны характар. Дарэчы, гэта датычыць не толькі Віцебскай вобласці, аднак ад гэтага не лягчэй.

Я звяртаюся да кантрольных органаў і да рэдакцыі газеты: давайце ж на гэты раз возьмем пад рэальны кантроль тое, як будуць выпраўляцца недахопы, названыя хаця б толькі ў гэтай публікацыі. Няхай рэдакцыя паспрабуе дабіцца адэкватнага рэагавання ад тых, хто дапусціў парушэнне закона, і рэальных дзеянняў з боку тых, хто гэтыя парушэнні павінен ацэньваць. Бо, на жаль, ці не на ўсе публікацыі такога кшталту практычна ва ўсіх рэспубліканскіх выданнях у лепшым выпадку прыходзяць элементарныя адпіскі, а рэдакцыі задавальняюцца проста іх публікацыяй. Але гэта, як паказвае жыццё, не ратуе помнікаў, а, хутчэй, падахвочвае новых парушальнікаў. Патрэбна рэальнае выпраўленне памылак і парушэнняў, а не апраўданне ўсяго выключна грашовай выгадай альбо адсутнасцю сродкаў. Ёсць закон і яго вышэйшыя за любыя кан'юнктурныя падыходы патрабаванні. Яны аднолькава датычаць і тых, хто карыстаецца помнікамі, і тых, хто назірае за захаваннем заканадаўства, якое забяспечвае іх лёс. Не зразумеем гэтага, не захаваем помнікі сёння, заўтра будзе позна — не будзе чаго ахоўваць, не будзе на што запрашаць не толькі замежных, але і сваіх турыстаў. Сурова? Магчыма. Але — "Durа lех, sеd lех". Іначай і плоту гарадзіць не варта.

Анатоль БУТЭВІЧ, старшыня Грамадскай назіральнай камісіі пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

←Мозырское полесье отметило праздник своего святого

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика