Базавыя станцыі сотавай сувязі не нясуць пагрозы для здароўя мінчан?
На працягу апошніх гадоў у Мінску пастаянна павялічвалася колькасць базавых станцый аператараў сотавай сувязі. Так, на пачатак 2011 года ўладальнікаў мабільных тэлефонаў абслугоўвалі ў сталіцы ўжо 1036 базавых станцый аператараў сотавай сувязі. Таму сёння на адной пляцоўцы ці на адным даху можна нярэдка ўбачыць антэны адразу некалькіх сотавых аператараў.
У сувязі з пастаянным павелічэннем крыніц электрамагнітных палёў (пераважна за кошт аператараў сотавай сувязі), пачынаючы з 2008 года, у горадзе наладжаны маніторынг шчыльнасці патоку энергіі на тэрыторыях, размешчаных у месцах, дзе назіраецца вялікая колькасць базавых станцый аператараў мабільнай сувязі.
— Яшчэ на стадыі праектавання аператар сотавай сувязі прадастаўляе ў органы дзяржсаннагляду для правядзення санітарна-гігіенічнай экспертызы разлікі санітарна-ахоўнай зон і зон абмежавання забудовы для кожнай з базавых станцый, — заспакойваюць мінчан спецыялісты Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. — Разлікі выконваюцца з улікам сумарнай інтэнсіўнасці электрамагнітных палёў ад усіх антэн базавых станцый, устаноўленых на адной пляцоўцы. Для пацвярджэння правільнасці разлікаў у абавязковым парадку на прылеглай тэрыторыі праводзяцца вымярэнні ўзроўню электрамагнітных палёў ад базавай станцыі, якая працуе на поўную магутнасць. Прычым выбар кропак вымярэння пры ацэньванні электрамагнітнай абстаноўкі на прылеглай да базавых станцый тэрыторыі праводзіцца такім чынам, каб кантролем былі ахоплены ўсе месцы працяглага знаходжання людзей і зоны найбольшай сацыяльнай значнасці: дзіцячыя пляцоўкі, пляцоўкі для адпачынку і спорту, памяшканні жылых і грамадскіх будынкаў, уключаючы будынкі інтэрнатаў, будынкі дашкольных і агульнаадукацыйных устаноў. Пры адсутнасці перавышэння гранічна-дапушчальных узроўняў электрамагнітных палёў афармляецца санітарны пашпарт на базавую станцыю.
Паводле вынікаў інструментальных вымярэнняў электрамагнітных выпраменьванняў, якія ствараюцца пры рабоце базавых станцый, за перыяд з 2008 года і па сённяшні дзень перавышэнняў гранічна-дапушчальных узроўняў выяўлена не было. Такім чынам, вынікі маніторынгу пацвярджаюць спрыяльную электрамагнітную абстаноўку ў Мінску.
Надзея НІКАЛАЕВА.