Першая стыхія свету

Источник материала:  

З далёкіх часоў стварэння свету вада была і застаецца адной з самых магутных, загадкавых і таямнічых касмічных стыхій, якая можа лёгка пераўвасабляцца, ператвараючыся то ў лёд, то ў снег, то ў цёплы доўгачаканы летні дождж, то ў туманную казку-мрою, то ў гаючую юраўскую расу.

 Ключавымі ў фарміраванні стаўлення чалавека да вады былі два моманты. З аднаго боку, яна мела здольнасць пераўвасабляцца, а з другога, давала жыццё ўсяму навакольнаму свету — чалавеку, жывёлам, птушкам, раслінам. Разам з тым вада, як і іншыя касмічныя стыхіі, змяшчала ў сабе разбуральную энергію: веснавая паводка залівала ўсё наваколле і магла пашкодзіць жытнёвыя палеткі; бясконцы летні дождж мог пакінуць чалавека без ураджаю; нарэшце, вада магла пазбавіць яго жыцця — забраць у сваё чэрава. Вось гэта фундаментальнае супрацьстаянне "жыццядайнасць — смяротнасць" і было той галоўнай генеруючай ідэяй, вакол якой фарміравалася складаная сістэма поглядаў і ўяўленняў пра ваду.

 Водныя "артэрыі" зямлі — рэкі, крыніцы —— у народзе параўноўвалі з крывяноснымі сасудамі чалавека (у замове, якая павінна дапамагчы суняць кроў, гаворыцца: "Несла баба воду, зачапілася за калоду. Вада разлілася — каб кроў запяклася"). Пры гэтым лічылі, што зямная і нябесная водныя стыхіі ўзаемазвязаны, а нерэгламентаваныя дзеянні чалавека (парушэнне агульнапрынятых забарон) разбураюць гэтую "непарушную" сувязь. Як вынік, наступіць пакаранне — засуха, градабой, маланка, пярун, таму што ў гэты момант вада "гневаецца" і "карае" вінаватых. Лічылася, напрыклад, што доўгія, так званыя "гнілыя", дажджы ідуць таму, што недзе "сапсавалі ваду": утапіўся чалавек, і пакуль яго цела не дастануць з вады, дождж не спыніцца.

 Чалавек разумеў, што ён не можа пражыць без вады ніводнага дня, таму стаўленне да яе вызначалася асаблівай пачцівасцю. Перад тым, як выкарыстаць ваду, трэба было выканаць шэраг адпаведных сітуацыі рытуальных дзеянняў: з ёю віталіся, як з жывой істотай, шапталі пра сябе малітву або замову.

 Адначасова існаваў цэлы шэраг забарон у дачыненні да вады. Нельга было каля яе крычаць, сварыцца і брыдкасловіць, пляваць у ваду, біць яе палкай, адліваць з вядра ў калодзеж і г.д. На пачатку ХХ ст. беларускі фалькларыст А.К. Сержпутоўскі пісаў: "Ваду Бог даў на патрэбу людзям. Людзі шануюць ваду, нічога ў яе не кідаюць нячыстага, не плююць, каб Бог не пакараў".

 У асяроддзі беларусаў лічылася, што ноччу ў хаце абавязкова павінна стаяць вядро з вадой, якую ў любы момант можна выкарыстоўваць для піцця, але пры гэтым посуд, у якім яна знаходзілася, трэба было абавязкова накрываць. Катэгарычна забаранялі піць ваду, якая знаходзілася ў лазні, нават самую чыстую, крынічную, таму што лазня заўсёды ўспрымалася "нячыстым" месцам.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Региональный экспресс: 140 км/ч и контролер на контролере

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика