Беларуская хроніка Мікалая Амельчанкі

Источник материала:  

Гэтымі днямі разглядаў фотаархіў — шукаў, перабіраў старыя фотастужкі, дзе ў свой час фотаапарат зафіксаваў партрэт майго даўняга сябра Мікалая Аляксеевіча Амельчанкі. Шчыра кажучы, выбар той быў небагатым. Відаць, такая ўжо спецыфіка прафесіі фотарэпарцёра: сам ён усё навокал адлюстроўвае, а ўласнае адлюстраванне мае рэдка. Больш за тры дзесяцігоддзі неспакойная пасада фотакарэспандэнта клікала, вяла майго сябра па розных мясцінах Беларусі, амаль увесь гэты час ён аддаў творчай працы ў газеце "Звязда". Таму меўся я адшукаць у архіве такі фотаздымак, каб найбольш выразна перадаць рысы дынамічнага, неабыякавага, захопленага чалавека?

Беларуская хроніка Мікалая АмельчанкіЗрэшты, калі сёння гэтаму чалавеку спаўняецца 75 гадоў, яго партрэт можна маляваць праз параўнанне. На самой справе, што можа лепей перадаць грунтоўнасць характару, чым наступная выснова: ён і ў такія гады застаецца маладым. А тое, якім Мікалай быў у гады сваёй маладосці, я памятаю добра. Не дзіва: у той час усе калегі па-добраму зайздросцілі яго выключнай працаздольнасці. Хоць чаго была б вартая працаздольнасць без творчага пошуку, без натхнёнасці, што поўнілі кожны яго фотарэпартаж!

У пачатку сямідзясятых гадоў мы разам працавалі ў рэдакцыі смалявіцкай раёнкі, "з лейкай і нататнікам" авалодвалі практыкай фотажурналістыкі. Заўжды зычлівы, шчыры на сяброўства, эрудыраваны, Мікола быў прыкладам новага ў нашай справе: сярод фотарэпарцёраў беларускіх газет і часопісаў тады яшчэ ніхто не меў спецыяльнай вышэйшай адукацыі, а ён на той час ужо быў выпускніком факультэта журналістыкі Маскоўскага дзяржуніверсітэта.

Яго дарога ў лепшую ВНУ СССР пачалася з маленькай вёсачкі на Гомельшчыне. Таму, атрымаўшы маскоўскі дыплом, ён зрабіў беспамылковы выбар: паехаў працаваць на Радзіму, і шэравокую прыгажуню жонку з сабой прывёз — таксама маладую журналістку. Вось такім быў мой сябра Мікола ў маладосці, на фотаздымку сямідзясятых гадоў.

Сёння яму спаўняецца семдзесят пяць. Не ведаю, колькі спатрэбілася б здымкаў, каб адлюстраваць будні і святы, звычайныя клопаты і падзеі яго жыцця. Багатае жыццё за плячыма, бо лёс даў яму ўвесь час заставацца на журналісцкай "перадавой лініі", ствараць хроніку нашай краіны. Ствараць на высокім прафесійным узроўні, як гэта заўжды патрабавала "Звязда", як дыктавала сумленне. Уявіце сабе майго сябра з фотаапаратам у руцэ на рыштаваннях, на жніўных палетках, у заводскіх цэхах, сярод дэлегатаў буйнейшых форумаў, на вуліцах новых гарадоў і старэнькіх вёсак, на сцежках беларускіх пушчаў, на берагах рэк... З такіх імгненняў атрымаўся б яго партрэт.

Сёння наш ветэран-звяздовец Мікалай Аляксеевіч прымае шматлікія віншаванні з юбілеем. Я перакананы, самыя цёплыя словы скажуць тыя, хто ведае яго з маладосці. А такіх вельмі шмат — як жа інакш, калі ўсё жыццё працуеш сярод людзей і для людзей!

Так што да гэтага святочнага шматгалосся шчыра далучаюцца ўсе звяздоўцы.

Яўген Пясецкі.

←Региональный экспресс: 140 км/ч и контролер на контролере

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика