Сказаўшы "А", трэба сказаць і "Б"
"Звязда" працягвае цікавіцца ў спецыялістаў аб эканамічнай сітуацыі ў краіне. На гэты раз свой пункт гледжання прапанавала Ірына Новікава, загадчыца кафедры эканамічнай тэорыі Акадэмііі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, доктар эканамічных навук, прафесар.
— Прайшоў месяц пасля пераходу на адзіны курс. Што гэта нам дало? Ці змянілася што-небудзь?
— Безумоўна, змянілася. Паколькі перайшлі ад "ручнога" кіравання да рынкавага (у любым выпадку, блізка да рынкавага), то гэта ўжо добра. Далей неабходна прыняцце праграмы ўрада (праграма Мясніковіча-Румаса). А я думаю, што нікуды не падзенуцца і прымуць яе, бо там агучаны патрабаванні антыкрызіснага фонду ЕўразЭС. Калі Надзея Ермакова размаўляла з Прэзідэнтам, яна заявіла, што Нацбанк утрымлівае параметр М2 (грашовая маса. — Аўт.), што ён не расце. А калі б гэты параметр стаў расці, то разгулялася б інфляцыя. Калі Нацбанк і далей працягне ўтрымліваць гэты параметр, калі прымуць праграму, якую прапанаваў наш прэм'ер-міністр (а там было прапанавана скараціць фінансаванне дзяржаўных праграм, іншымі словамі — друкаванне грошай), тады з курсам усё будзе нармальна.
— А што можа быць у наступным годзе? Прагназуецца курс долара на ўзроўні 8500 рублёў.
— Я магу вам сказаць, як Нацбанк атрымаў гэту лічбу: проста ўзялі золатавалютныя рэзервы (гэта, праўда, не зусім карэктна) і падзялілі на ўсю грашовую масу. Гэта, вядома, грубая схема, там яшчэ маса параметраў, якія могуць паўплываць. Але, у прынцыпе, гэта можа адлюстроўваць верагодны курс.
— Стаўка рэфінансавання складае ўжо 40 працэнтаў гадавых. Што з ёю будзе далей?
— Антыкрызісны фонд ЕўразЭС патрабуе перайсці да стаўкі рэфінансавання, якая была б не меншай за інфляцыю.
— Але ж напрыканцы года мяркуецца прыкладна 100-працэнтная інфляцыя.
— Так. Значыць, і стаўка рэфінансавання павінна будзе раўняцца прыблізна гэтаму ж працэнту. Хочам мы таго ці не — мяркуючы па ўсім, яна такой будзе.
— А калі яе можна будзе вярнуць назад?
— Тады, калі эканоміка стабілізуецца і пачне працаваць у нармальным рэжыме. Зараз жа мы перажываем перыяд стабілізацыі. Калі ён пойдзе правільна, па тых кірунках, якія прапанаваны ўрадам, то стабілізацыя будзе. І наступны год будзе нармальны.
— Значыць, пераадолець гэта ўсё магчыма?
— Зразумела. Многія краіны праходзяць праз такое. Не трэба гэтага баяцца. Не такія ўжо ў нас і вялікія дзяржаўныя даўгі. Можна з гэтага выбрацца. Толькі для гэтага неабходна добрая праграма. Насельніцтву будзе цяжка. Але з гэтым трэба змірыцца, бо чаму ў нас павінна быць лёгка? Паглядзіце, што адбываецца ў Італіі. Калі прыйшоў новы прэм'ер-міністр, ён адразу сказаў, што будзе цяжка. І італьянцы яму паверылі — так, трэба "зацягнуць паясы". Тое ж і ў Іспаніі. Чаму беларусы павінны паводзіць сябе інакш? Іншая справа, што павінна быць усім цяжка. А не так, што адным — вялікая зарплата, а іншым — маленькая.
— Што можна зрабіць, каб скараціць інфляцыю?
— Інфляцыя — гэта рост цэн. Цана — гэта норма абмену тавару на грошы. Адпаведна, раз цэны растуць, то ці з таварам штосьці не так, ці з грашыма. У нас атрымалася, што і з таварам праблемы, і з грашыма. Што гэта значыць? Як я ўжо сказала, параметр М2 будуць імкнуцца стрымліваць, а значыць, колькасць грошай расці не будзе. Калі колькасць грошай не будзе павялічвацца, то цэны ўсё роўна могуць працягваць расці, пры існаванні манапольнай сітуацыі. Іншымі словамі, калі вытворца будзе адзін на рынку, то за сваю прадукцыю, тым больш ва ўмовах свабодных цэн, ён будзе прасіць больш грошай. Каб гэтай сітуацыі не было, трэба вярнуцца зноў да заснавання антыманапольнага камітэта. Ён існаваў у першай палове 90-х гадоў, а потым увайшоў у структуру Міністэрства эканомікі. Таму трэба яго вылучыць са структуры Мінэканомікі і надаць яму статус камітэта, які павінен рэгуляваць манапалістаў. Гэта дазволіць пры дамове аб цане паміж некалькімі вытворцамі прымяняць да такіх вытворцаў вельмі жорсткія санкцыі, нават да закрыцця фірмы ці вельмі вялікіх штрафаў. Таму вось атрымліваецца, што ўрад павінен працаваць у двух кірунках: як па грошах, так і па антыманапольным заканадаўстве.
— Значыць, галоўны "рычаг", якім можна ўздзейнічаць на інфляцыю, — гэта канкурэнцыя?
— Так. Перш за ўсё. А ў нас атрымалася, што мы ўзялі курс на рынкавыя рэформы, а антыманапольнага органа, які б сачыў за ўзроўнем канкурэнцыі, у нас няма. Мы маем у многіх галінах толькі адно ці два прадпрыемствы. І зразумела, што яны могуць рабіць цэны такія, якія лічаць неабходнымі, значна вышэй за сабекошт. Таму сказаўшы "А" (што мы ствараем рынкавую эканоміку), трэба сказаць і "Б" (што нам патрэбны антыманапольны камітэт).
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.