Памятаючы пра тых, хто загінуў, — думай пра тых, хто жыве
Напярэдадні Сусветнага дня памяці ахвяр дарожна-транспартных здарэнняў, што адзначаўся ў мінулую нядзелю, супрацоўнікі ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама правялі прафілактычны аўтапрабег пад дэвізам: "Памятаючы пра тых, хто загінуў, — думай пра тых, хто жыве". Сумесна са святарамі праваслаўнай і каталіцкай канфесій яны праехалі па галоўнай аўтастрадзе рэгіё-на — дарозе "Мінск—Гродна".

Маршрут руху пралягаў па прыгарадзе абласнога цэнтра, Шчучынскім, Лідскім і Іўеўскім раёнах. Спыняючыся ў месцах канцэнтрацыі ДТЗ са смяротным зыходам, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі запальвалі лампадкі, а святары асвячалі іх, маліліся за душы памерлых і здароўе тых, хто жыве. Аналагічныя мерапрыемствы прайшлі ў астатніх раёнах вобласці. У дзень памяці па ініцыятыве ДАІ УУС аблвыканкама ў каталіцкіх і праваслаўных храмах адбыліся паніхіды па загінулых, святары заклікалі паству да бяспечных паводзін на дарогах, заснаваных на ўзаемаразуменні і паважлівым стаўленні да навакольных.
Алег Дук, старшы інспектар УДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама.