Паехаць... Каб вярнуцца?
Наш зяць уладкаваўся на працу ў Маскве. Туды ж хоча перавезці і сваю сям'ю (гэта значыць, маю дачку і ўнучку). У Мінску ў іх аднапакаёвая кватэра. Па даўнейшых законах, наколькі ведаю, яе можна было на год, два, тры забраніраваць. Ці можна зрабіць гэта цяпер, бо мне вельмі хочацца, каб яны вярнуліся?
Г.З., Мінскі раён.
Сапраўды, у заканадаўстве (арт. 70—78 Жыллёвага кодэкса БССР, які дзейнічаў да 1 ліпеня 1999 г.) такія нормы існавалі.
У новых сацыяльна-эканамічных умовах змест жыллёвых адносін значна змяніўся, і рэгуляванне іх ажыццяўляецца на прынцыпова новай аснове.
Дзейны Жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь (увайшоў у сілу з 1 ліпеня 1999 г.) не змяшчае нормаў аб браніраванні жылых памяшканняў.
За грамадзянамі — уласнікамі жылых памяшканняў, згодна з законам, захоўваюцца іх правы ўладання, карыстання і распараджэння жылымі памяшканнямі, якія ім належаць, і ў выпадках іх выбыцця з месца пастаяннага пражывання не патрабуецца браніраванне гэтых жылых памяшканняў.
Што датычыцца наймальнікаў жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду, то яшчэ ў 1996 годзе Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь прызнаў не адпавядаючым Канстытуцыі арт. 70 Жыллёвага кодэкса (захаванне жылога памяшкання за часова адсутнымі грамадзянамі) і палічыў яго страціўшым сілу з моманту прыняцця адпаведнага Заключэння ад 25 чэрвеня 1996 г. № З-38/96. На думку Суда, вышэйназваная норма ЖК, якая прадугледжвала захаванне жылога памяшкання за часова адсутнымі грамадзянамі на працягу пэўных тэрмінаў, парушала канстытуцыйнае права грамадзян на жыллё. Часовая адсутнасць наймальніка або членаў яго сям'і не мяняе прызначэнне жылога памяшкання і не парушае правы і законныя інтарэсы іншых асоб, калі пры гэтым выконваюцца ўмовы дагавора найму жылога памяшкання.
Віктар САВІЦКІ.