Жыццё... «другога гатунку»?

Источник материала:  

Ёсць рэчы, паўплываць на якія немагчыма. Яны існавалі, існуюць і будуць існаваць незалежна ад нашага жадання ці нежадання, падпарадкоўваючыся выключна сваім унутраным законам. Як усход і захад сонца, як змена пораў года, як бег часу і як тое, што ўсе мы, якімі б маладымі, прыгожымі і поўнымі сіл ні былі, рана ці позна састарымся.

Зразумела, калі табе 30 ці 40, ты не надта абцяжарваеш мозг падобнымі думкамі. Безумоўна, ты ведаеш пра наяўнасць пажылых людзей і здагадваешся, што калі-небудзь трапіш у іх шэрагі. Але пакуль што, сёння і цяпер, яны жывуць у іншым вымярэнні, у іншай плоскасці, якія з тваёй плоскасцю і тваім вымярэннем практычна не перасякаюцца. Старых быццам не існуе. Згадванне пра іх псуе настрой тым, у каго яшчэ ёсць сям'я, праца, сябры, здароўе, запатрабаванасць і перспектывы.

У нашым двары, дзе "кучкуецца" некалькі дзевяціпавярховікаў, не так даўно адкрылі новую прадуктовую краму. Ад усіх іншых яна адрозніваецца больш высокімі цэнамі і відавочнай прэтэнзіяй на пэўную элітарнасць. Кантынгент пакупнікоў у асноўным адпавядае цэннікам. Дамачкі не мітусяцца, выбіраюць тавар без напружання, арыентуючыся не на цану, а на якасць, на вытворцу... І раптам — затор у аддзеле кулінарыі. Пажылая жанчына ў паношаным дэмісезонным паліто просіць узважыць ёй шэсць курыных крылцаў. Але, зірнуўшы на электронныя лічбы, бянтэжыцца і просіць прадаўца адняць ад шасці крылцаў спачатку два, потым яшчэ адно. Тая ж самая гісторыя паўтараецца з фаршам. Ёй узважваюць каля кілаграма. Потым, па просьбе пакупніцы, "кучка" змяншаецца напалову, а ў выніку на вагах застаецца грамаў дзвесце. "І пакладзіце яшчэ вось гэтай салаты з капусты і буракоў, — просіць жанчына. — Толькі калі яна вострая, то шмат не трэба, бо ў мяне са страўнікам праблемы". Дама, якая стаіць за ёю, не вытрымлівае. Гучна выдыхнуўшы паветра і нервова страсянуўшы выбеленай грыўкай, яна з'едліва вымаўляе — быццам пад нос, але так, каб пачулі астатнія: "Дома трэба было думаць... Павыпаўзалі тут..." Безумоўна, жанчына гэта чуе, але не рэагуе ніяк. Магчыма, яна выхаваны чалавек, які губляецца і адступае перад праявамі хамства. Магчыма, проста прывыкла да такой рэакцыі, да такога стаўлення і навучылася з імі суіснаваць: у паліклініцы, у краме, у ЖЭСе — там, куды яна перыядычна "выпаўзае", каб задаволіць немудрагелістыя жыццёвыя патрэбы.

Жыццё... «другога гатунку»?

"І куды ўсе яны пруцца?" — абураемся мы ў "час пік", незадаволеныя колькасцю асоб пенсійнага ўзросту на квадратным метры аўтобуснай плошчы. "Ім бы ўсё па паліклініках цягацца!" — моршчымся, седзячы ў чарзе да ўчастковага тэрапеўта. "І што ён там так доўга пералічвае?" — бурчым у спіну чалавеку, які зайшоў у аддзяленне сувязі па пенсію. Мы ўсур'ёз перакананыя, што сталыя людзі бессаромна крадуць наш час, уступаючы з намі ў бессэнсоўныя размовы і непатрэбныя дыскусіі. І паблажліва пазіраем на іх з п'едэстала сваёй маладосці, адукаванасці і "прасунутасці". І дазваляем сабе кпіць — часам адкрыта і недвухсэнсоўна, часам — элегантна і вытанчана... Дарэчы, дастаецца не толькі простым смяротным. Вядомыя і славутыя гэтага свету, перасягнуўшы "запаветную" ўзроставую мяжу, таксама могуць лёгка апынуцца ў шэрагах "аб'ектаў для біцця". Не так даўно прачытала ў адным з беларускіх выданняў вельмі дзіўнае (мякка кажучы) інтэрв'ю з Маргарытай Церахавай, у якім аўтар прадставіў вядомую актрысу не інакш, як... старую "разваліну" (даруйце, іншых слоў не падбяру), у якой паехаў "дах". Чаго вартае адно толькі апісанне таго, як, седзячы з журналістам у тэатральнай кавярні, народная артыстка (дама, як вядома, ужо не маладая) спачатку прагна накідваецца на купленыя для яе пірожныя, а потым неўпапад адказвае на пытанні, перыядычна замаўкаючы, нібыта "ўпадае ў спячку". Аўтар артыкула не дараваў беднай Маргарыце Барысаўне ні адсутнасці макіяжу, ні зблытаных валасоў, ні "абвіслай" скуры, ні мешкаватага адзення... Інакш кажучы, не дараваў адпаведнасці свайму ўзросту — маўляў, хацеў убачыць дзіву, а прыйшла... старая цётка з відавочнымі праблемамі са здароўем, з чаго аўтар і павысцёбваўся ад душы...

Напэўна, яму падалося, што інтэрв'ю атрымалася сенсацыйным... Асабіста ў мяне яно не выклікала ніякіх эмоцый, акрамя гідлівасці — у дачыненні да аўтара, які прынізіў не зусім адэкватную пажылую жанчыну, прычым прынізіў прынародна... Бог яму, як той казаў, суддзя.

Старасць, на жаль, рэдка бывае прыгожай. І на яшчэ большы жаль, далёка не заўсёды бывае элементарна дагледжанай. Безумоўна, ёсць розныя людзі і розныя лёсы, розныя стасункі ў сем'ях. Бацькоўская нелюбоў да дзідзяці бумерангам вяртаецца ў старасці... Але ж і ў нармальных, так бы мовіць, сярэднестатыстычных сем'ях людзі старэйшага пакалення нярэдка адчуваюць сябе адзінокімі. Нават жывучы са сваімі роднымі пад адным дахам. Саромеюцца лішні раз патрывожыць, патурбаваць, паскардзіцца на свае "балячкі". Баяцца нарвацца на грубасць, на абыякавасць, на раздражнёнае: "Адчапіся, і без цябе моташна!.." Баяцца не там сесці, не туды стаць, не тое ўзяць, не так адказаць... І адкладваюць, адкладваюць, адкладваюць са сваіх невялікіх пенсій грошы ўнукам на вучобу, дзецям на тэлевізар, сабе на... пахаванне.

Не так даўно, седзячы ў чарзе да акуліста, разгаварылася з адной мілай пажылой жанчынай. Дакладней, яна сама падсела да мяне, каб пацікавіцца, што я чытаю. І была вельмі ўражана, убачыўшы кнігу Франсуазы Саган. "Я думала, яе творы ўжо нікога не цікавяць, — сказала яна. — Мне таксама вельмі падабаецца чытаць. Раней літаральна "глытала" кнігу за кнігай, а цяпер стала дрэнна бачыць. Гэта такая бяда — не мець магчымасці чытаць тое, што напісалі разумныя людзі... Але мяне выратоўвае ўнучка — па вечарах чытае ўголас. Я такая шчаслівая ад гэтага!.."

Яна глядзела на мяне празрыстымі, як веснавое неба, вачыма, у якіх чыталіся яснасць думак і заспакоенасць. Тая заспакоенасць, якую могуць даць толькі любоў і разуменне блізкіх людзей.

Наталля КАРПЕНКА.

←Поправки в закон о массовых мероприятиях не подрывают принципов международного права - Родионов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика