Яшчэ 58 абаронцаў Брэсцкай крэпасці знайшлі апошні спачын
У Брэсцкай крэпасці прайшло перапахаванне астанкаў 58 чалавек, якіх знайшлі ў ходзе раскопак байцы 52-га асобнага спецыялізаванага батальёна Упраўлення па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў.
На месцы былой варонкі недалёка ад Свята-Мікалаеўскага храма былі праведзены пошукавыя работы, і зямля павольна "аддала" аднаго за адным астанкі тых салдат і афіцэраў, якія мужна абаранялі крэпасць летам 41-га. Было знойдзена 13 медальёнаў, дакументы, гадзіннікі, лыжкі, фрагменты адзення і абутку, а таксама касцявыя астанкі. Укладышы да двух медальёнаў удалося прачытаць. Адзін належаў яфрэйтару Аляксандру Міхайлавічу Тагліну, другі — Рыгору Сямёнавічу Зінчанку, ураджэнцу Краснадарскага края. Іх сваякі прыехалі на цырымонію перапахавання. Усяго цяпер пад плітамі некропаля ў цытадэлі пахавана 1020 чалавек. На плітах мемарыяльнага комплексу высечаны імёны 273 абаронцаў. Астатнія пакуль безыменныя. Пошук працягваецца.
Святлана ЯСКЕВІЧ.